Лагойск: дарога да святыні

Дарога, якая вядзе да святыні, павінна быць у кожнай мясцовас-ці. І дзякуй Богу, што ў нашым родным Лагойску гэта дарога ёсць. Яна вядзе да касцёла св. Казіміра, які мае багатую гісторыю, што бярэ пачатак з 1604 года. На вялікі жаль, у час ваяўнічага атэізму касцёл быў знесены. І толькі ў канцы 80-х гг. вернікі адваявалі месца для ўзвядзення новай святыні, будаўніцтва якой узначаліў пробашч кс. Рышард Пежхала. У 1999 г. касцёл быў кансэкраваны святой памяці кардыналам Казімірам Свёнткам. Адзін Бог ведае, колькі трэба было прыкласці намаганняў, каб касцёл, які так прыгожа ўпісваецца ў мясцовы пейзаж, узвысіўся над ракой Гайнай. Святыня адразу ж стала родным домам для ўсіх вернікаў.

У 2008 годзе кс. Рышарда перавялі працаваць у Дзяржынск, а да нас прыехаў кс. Павел Слука. Вядома, што кожны святар уносіць у жыццё парафіі нешта сваё. Як напісана ў Святым Пісанні, адзін сее, другі палівае, а Усемагутны Бог узрошчвае. Мы дзякуем Пану Богу за сваіх святароў і, як можам, дапамагаем ім. Вялікай адказнасцю для ўсіх парафіянаў з’яўляюцца просьбы ксяндза. У мінулым годзе да святара звярнуўся дырэктар мемарыяльнага комплексу «Хатынь» з просьбай дапамагчы прыбраць каталіцкія могілкі. Напярэдадні дня Усіх Святых нашыя парафіяне актыўна ўключыліся ў гэту працу і прывялі могілкі ў парадак.

Кс. Павел сабраў вакол сябе шмат актыўных вернікаў. У парафіі дзейнічаюць групы  «Жывога Ружанца», «Суполка Маці Божай», «Легіён Марыі». Па ініцыятыве святара ў мясцовым Доме-інтэрнаце для інвалідаў і састарэлых адчыніла дзверы капліца, у якой ксёндз з дапамогай легіянераў Марыі цэлебруе святую Імшу.

...Дарога да святыні павінна быць прыгожай. Тэрыторыя вакол нашага касцёла аздоблена прыгожымі кветкамі, дэкаратыўнымі раслінамі, якія ствараюць адметны ландшафтны дызайн. За гэтыя здольнасці мясцовыя ўлады ўключылі нашага пробашча ў склад камісіі па добраўпарадкаванні тэрыторыі горада. Дарэчы, у мінулым годзе перад святыняю быў створаны прыгожы архітэктурны ансамбль — помнік славутаму  роду Тышкевічаў, якому Лагойск абавязаны сваім існаваннем.

Праз ваш часопіс выказваем шчырую падзяку ўсім ахвярадаўцам, асабліва бізнесмену Міхаілу Салодкаму і архітэктару Аляксандру Дубаневічу.

30 сакавіка наш пробашч Павел Слука сустрэне свой чарговы дзень народзінаў. Мы віншуем яго з гэтым святам і жадаем моцнага здароўя, асаблівай апекі Маці Божай, а таксама молімся, каб тая дарога, якая прывяла яго да святыні, вяла яго далей аж да святасці.

Ад імя парафіянаў — Ванда Казлова.


 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла