Удзячны Богу і людзям за Пантыфікат

Плошча св. Пятра, 27 лютага 2013 года
   
Шаноўныя браты ў біскупстве і святарстве! Глыбокапаважаныя прадстаўнікі ўлады! Дарагія браты і сёстры!

Дзякую вам, што вы ў такой вялікай колькасці прыбылі на маю апошнюю агульную аўдыенцыю.

Сардэчна дзякую! Я сапраўды вельмі ўзрушаны! Я бачу жывы Касцёл! І думаю, што мы павінны таксама падзякаваць Стварыцелю за цудоўнае надвор’е, якое Ён падарыў нам цяпер, хоць на двары яшчэ зіма!

Гэтак жа, як апостал Павел, словы якога мы толькі што пачулі ў біблійным чытанні, я таксама адчуваю ў сваім сэрцы, што перадусім павінен падзякаваць Богу, які вядзе Касцёл і дазваляе яму павялічвацца; які сее сваё слова і так жывіць веру ў сваім народзе. У гэты момант мой дух расшыраецца, ахопліваючы ўвесь Касцёл, рассеяны па свеце; і я дзякую Богу за «весткі», якія мог атрымліваць у гэтыя гады Пятровага служэння пра веру ў Пана Езуса Хрыста, пра міласэрнасць, якая сапраўды цыркулюе ў целе Касцёла і чыніць так, што ён жыве ў любові, і пра надзею, якая адкрывае нас і скіроўвае да жыцця ў поўні, да Нябеснай Айчыны.

Я адчуваю, што прыношу ўсё ў малітве, у гэтым часе, які ёсць часам Бога, дзе я збіраю кожную сустрэчу, кожнае падарожжа, кожны пастырскі візіт. Усё і ўсіх збіраю ў малітве, каб даручыць іх Пану: дзеля таго, каб мы ў поўні пазналі Яго волю ва ўсёй мудрасці і духоўным разуменні, і каб паступалі дастойна Яго і Ягонай любові, прыносячы плён ва ўсялякіх добрых справах (пар. Клс 1, 9–10).

У гэты момант ёсць ува мне вялікая вера, бо я ведаю — кожны з нас ведае, — што слова праўды Евангелля з’яўляецца сілаю Касцёла, яго жыццём. Евангелле ачышчае і аднаўляе, прыносіць плён паўсюль, дзе супольнасць веруючых чуе яго і прымае Божую ласку ў праўдзе і любові. Гэта мая глыбокая вера, гэта мая радасць.

Калі 19 красавіка, амаль што восем гадоў таму, я згадзіўся прыняць на сябе Пятровае служэнне, я меў моцную ўпэўненасць, якая мне заўсёды спадарожнічала, — упэўненасць, што Касцёл жыве і жыве менавіта Божым словам. Як я ўжо шмат разоў распавядаў, тады ў маім сэрцы гучалі такія словы: «Пане, чаму Ты жадаеш гэтага ад мяне і чаго Ты жадаеш? Ты ўскладаеш на мае плечы вялікі цяжар, але калі Ты жадаеш гэтага ад мяне, то па Твайму слову закіну сетку, упэўнены, што Ты будзеш весці мяне з усімі маімі слабасцямі». І праз восем гадоў я магу сказаць, што Пан сапраўды вёў мяне, Ён быў блізка, кожны дзень я мог адчуваць Ягоную прысутнасць. Гэта была частка шляху Касцёла, адзначаная хвілінамі радасці і святла, але таксама нялёгкімі хвілінамі; я адчуваў сябе як Пётр і апосталы ў чоўне на Галілейскім моры: Пан даў нам шмат сонечных дзён з лагодным вецярком, дзён, калі ўлоў быў шчодрым, але былі таксама моманты, калі вада станавілася бурліваю і ўсчынаўся супраціўны вецер, як ва ўсёй гісторыі Касцёла, а Пан, здавалася, спаў. Аднак я заўсёды ведаў, што ў гэтым чоўне ёсць Пан, і ведаў заўсёды, што човен Касцёла належыць не мне, не нам, але Яму. І Пан не дазволіць яму затануць; Ён — гэта той, хто ім кіруе, зразумела, праз людзей, якіх Ён выбраў, бо так Ён хацеў. Гэта была і ёсць тая ўпэўненасць, якой нішто не можа засланіць. І менавіта па гэтай прычыне маё сэрца сёння перапоўненае ўдзячнасцю да Бога, бо ніколі не было для ўсяго Касцёла, а таксама і для мяне недахопу ў Яго суцяшэнні, Яго святле, Яго любові.

Мы перажываем Год веры, якога я прагнуў менавіта для таго, каб умацаваць вашую веру ў Бога ў кантэксце, які, здаецца, усё больш і больш ставіць Яго на другі план. Мне хацелася запрасіць усіх да таго, каб аднавіць свой моцны давер да Пана, даручыць сябе, як дзяцей, у Божыя рукі, з упэўненасцю, што гэтыя рукі заўсёды нас падтрымаюць і дазволяць нам дзень за днём рухацца ўперад, нават перажываючы цяжкасці. Мне хацелася, каб кожны адчуваў, што яго любіць той Бог, які аддаў свайго Сына за нас і паказаў нам сваю бязмежную любоў. Мне хацелася б, каб кожны адчуў радасць ад таго, што з’яўляецца хрысціянінам. У прыгожай малітве, якою трэба маліцца кожную раніцу, гаворыцца: «Праслаўляю Цябе, мой Божа, і люблю Цябе ўсім сэрцам. Дзякую табе, што Ты стварыў мяне і ўчыніў хрысціянінам…». Дык будзем жа радавацца дару веры; гэта найкаштоўнейшае дабро, якога ніхто не можа ў нас забраць! Будзем жа дзякаваць за гэта Богу кожны дзень праз малітву і паслядоўнае хрысціянскае жыццё. Бог любіць нас, але Ён чакае, што і мы таксама будзем Яго любіць!

Аднак не толькі Богу я хачу дзякаваць у гэтыя хвіліны. Папа ніколі не адзінокі, калі кіруе чоўнам Пятра... Я ніколі не адчуваў сябе адзінокім у нясенні радасці і цяжару Пятровага служэння; Пан паставіў побач са мною шмат асобаў, якія з вялікадушнасцю і любоўю да Бога і Касцёла дапамагалі мне і сталі мне блізкімі. <...>

Мне хацелася б, каб маё прывітанне і мая падзяка дасягнулі ўсіх: сэрца Папы расшыраецца на ўвесь свет. <...>

У гэтыя хвіліны мне хацелася б ад усяго сэрца падзякаваць таксама шматлікім людзям ва ўсім свеце, якія на працягу апошніх тыдняў перадавалі мне ўзрушальныя знакі пашаны, сяброўства і малітвы. Так, Папа ніколі не застаецца адзін — цяпер я перажыў гэта яшчэ раз, і велічнасць гэтага ўзрушае сэрца. Папа належыць усім, і вельмі шмат людзей адчувае сваю блізкасць да яго. Гэта праўда, я атрымліваю лісты ад вялікіх гэтага свету — ад кіраўнікоў дзяржаваў, рэлігійных дзеячаў, прадстаўнікоў свету культуры і г. д. Але атрымліваю таксама шмат лістоў ад звычайных людзей, якія пішуць мне проста з сэрца, і гэта дазваляе мне адчуваць іх любоў, якая нараджаецца з таго, што мы з імі знаходзімся разам з Езусам Хрыстом, у Касцёле. Гэтыя людзі не пішуць мне, як пісалі б, напрыклад, Валадару ці камусьці вялікаму і невядомаму. Яны пішуць мне як браты і сёстры, ці як сыны і дочкі, з пачуццём вельмі сардэчных сямейных повязяў. Праз іх можна дакрануцца да таго, чым з’яўляецца Касцёл, — гэта не арганізацыя і не рэлігійнае або гуманітарнае таварыства, але жывы арганізм, камунія братоў і сясцёр у Целе Езуса Хрыста, які ўсіх нас яднае. У час, калі так шмат гавораць пра ўпадак Касцёла, мець магчымасць так перажыць на ўласным вопыце і амаль што адчувальна дакрануцца да моцы яго праўды і любові — гэта вялікае шчасце. Мы бачым, які жывы сёння Касцёл!

У апошнія месяцы я адчуў, што мае сілы аслаблі, і нястомна прасіў Бога на малітве, каб Ён асвяціў мяне сваім святлом, каб я прыняў самае правільнае рашэнне, якое было б не дзеля майго ўласнага дабра, але дзеля дабра Касцёла. Я зрабіў гэты крок з поўным усведамленнем яго цяжару, а таксама наватарства, але і з глыбокім спакоем духу. Любіць Касцёл азначае таксама мець мужнасць зрабіць складаны, нават пакутлівы выбар, які заўсёды мае на ўвазе дабро Касцёла, а не самога сябе.

Дазвольце мне яшчэ раз вярнуцца да 19 красавіка 2005 года. Цяжкасць рашэння залючаецца таксама менавіта ў тым, што з таго моманту я ўжо быў заўсёды і назаўсёды адданы Пану. «Заўсёды» — той, хто бярэ на сябе Пятрова служэнне, не мае ўжо нічога асабістага. Заўсёды і цалкам ён належыць усім, усяму Касцёлу. Яго жыццё, скажам так, цалкам пазбаўленае прыватнай сферы. Я мог зведаць на ўласным вопыце, і зведваю гэта менавіта цяпер, што чалавек атрымлівае жыццё менавіта тады, калі аддае яго. Я ўжо казаў, што шмат людзей, якія любяць Пана, любяць таксама Наступніка святога Пятра і адчуваюць прывязанасць да яго, што ён на самай справе мае братоў і сясцёр, сыноў і дачок ва ўсім свеце і бяспечна адчувае сябе ў іх супольнасці, бо ён больш не належыць самому сабе, ён належыць усім, і ўсе належаць яму.
«Заўсёды», а таксама «назаўсёды» — нельга ўжо вярнуцца да прыватнага. Маё рашэнне адмовіцца ад дзейснага выканання служэння не адмяняе гэтага. Я не вяртаюся да прыватнага жыцця, да жыцця, якое складаецца з падарожжаў, сустрэчаў, прыёмаў, канферэнцый і г. д. Я не адкідаю крыжа, а па-новаму застаюся пры ўкрыжаваным Пану. Не здзяйсняю ўжо далей улады па кіраўніцтве Касцёлам, але застаюся ў служэнні малітваю, калі можна так сказаць, пры двары святога Пятра. Святы Бэнэдыкт, імя якога я нашу як Папа, будзе мне ў гэтым вялікім узорам. Ён паказаў нам шлях да жыцця, якое — актыўнае ці пасіўнае — цалкам належыць да Божай справы. <…>

Папросім жа аб мацярынскім заступніцтве Панны Марыі, Маці Бога і Касцёла, каб Яна суправаджала кожнага з нас і ўсю касцёльную супольнасць; Ёй мы даручаем сябе, поўныя глыбокага даверу.

Дарагія сябры! Бог вядзе свой Касцёла, Ён заўсёды падтрымлівае яго, і найперш — у цяжкія часы. Давайце ж ніколі не губляць гэтую перспектыву веры, якая з'яўляецца адзінаю праўдзіваю перспектываю шляху Касцёла і свету. Няхай у нашых сэрцах, у сэрцы кожнага з вас, заўсёды пануе радасная ўпэўненасць у тым, што Пан побач, што Ён ніколі нас не пакідае, што Ён блізка да нас і атуляе нас сваёю любоўю. Дзякую!

Падрыхтавала Ірына Бурак.
Паводле http://www.vatican.va

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла