Зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча

да духавенства і вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
ў сувязі з рашэннем папы Бэнэдыкта XVI
аб сыходзе з пасады Наступніка святога Пятра

Глыбокапаважаныя браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы, народ верны!
Сусветнай навіной нумар адзін стала заява папы Бэнэдыкта XVI, якая была зроблена 11 лютага 2013 года, аб рашэнні скласці з сябе паўнамоцтвы Наступніка святога Пятра ў сувязі са станам здароўя. Згодна з воляй Пантыфіка яно ўступіць у сілу 28 лютага гэтага года. Такое рашэнне, свабодна прынятае і публічна абвешчанае пасля малітвы і доўгіх разважанняў, адпавядае нормам Кананічнага Права Каталіцкага Касцёла.

Хаця яно стала вялікай нечаканасцю, тым не менш мы павінны прыняць з павагай і пашанай такі адважны выбар Папы. Гэтым рашэннем Папа Ратцынгер паказаў усяму свету, што яго заданнем было і застаецца служыць Касцёлу,
а не валадарыць. Такі адказны і нават рэвалюцыйны крок, несумненна, будзе мець вялікі ўплыў на будучыню Касцёла.
Амаль што восем гадоў Пантыфікату Бэнэдыкта XVI прадстаўляюць яго асобу як ззяючы светач у духоўнай цемры поўнага выклікаў сучаснага свету. Ён пераходзіць у гісторыю не толькі як выдатны наступнік Вялікага Яна Паўла II, але і як непахісны абаронца хрысціянскай веры і яе чысціні, як голас сумлення сучаснага дэмаралізаванага свету, як нястомны прыхільнік міжхрысціянскага і міжрэлігійнага дыялогу, як барацьбіт за мір у свеце, як вялікі тэолаг і клапатлівы пастыр, які ахвярна і адважна вёў лодку Пятра па бурлівым акіяне нашага часу, мужна абвяшчаючы ўніверсальнае пасланне Евангелля як пасланне надзеі нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18).

Сёння мы дзякуем Богу за дар папы Бэнэдыкта XVI і самому Пантыфіку за яго служэнне народу Божаму, якое стала благаслаўленнем для Касцёла, у тым ліку і на Беларусі, бо ён сапраўды жадаў і далей жадае дабра і поспеху нашай Бацькаўшчыне. Упэўнены, што яго глыбокае навучанне, а таксама прыклад сціпласці і служэння будуць натхняць наступныя пакаленні.

У гэты гістарычны і вельмі адказны час жыцця Касцёла заклікаю ўсіх вас да малітвы ўдзячнасці Богу за ахвярнае служэнне папы Бэнэдыкта XVI і духоўнай еднасці з ім.

Міласцівы і добры Божа, праз пасрэдніцтва Божай Маці благаслаўляй і далей твайго вернага слугу папу Бэнэдыкта XVI, адары яго сваімі дарамі і добрым здароўем, каб ён яшчэ доўга і плённа служыў Касцёлу і свету. 

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 12 лютага 2013 г.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла