З «Дзённіка»

Агульны змест


757
[173] 19.10.[1936]. Сёння ў часе святой Імшы я ўбачыла Пана Езуса, які сказаў мне: Будзь спакойная, дачка Мая, Я бачу твае намаганні, якія Мне вельмі падабаюцца. І Пан знік, а быў час прыняцця святой Камуніі. Пасля прыняцця святой Камуніі я раптам убачыла Вячэрнік, а ў ім — Пана Езуса і апосталаў, я бачыла ўстанаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту. Езус дазволіў мне пранікнуць унутр сябе, і я спасцігла Яго агромністую веліч і разам з тым Яго вялікае прыніжэнне. Гэта дзіўнае святло, якое дазволіла мне спасцігнуць Яго веліч, адначасова адкрыла мне, што адбываецца ў маёй душы.

758 Езус даў мне спазнаць глыбіню свайго спакою і пакоры і даў мне ясна зразумець, што патрабуе гэтага і ад мяне. Я адчула ў сваёй душы Боскі пагляд, які напоўніў мяне неспасцігальнаю любоўю, але я зразумела, што Пан з любоўю пазіраў на мае цноты і мае гераічныя намаганні, і спасцігла, што менавіта гэта прываблівае Бога да майго сэрца. Таму я зразумела, што недастаткова імкнуцца толькі да звыклых цнотаў, і я стараюся практыкавацца [174] у гераічных цнотах, і хоць знешне ўсё будзе звычайным, але спосаб [ажыццяўлення] будзе іншы, і яго разгледзіць толькі позірк Пана. О мой Езу, тое, што я напісала, — усяго толькі бляклы цень таго, што я адчуваю ў душы, і гэта рэчы чыста духоўныя, але каб напісаць штосьці з таго, што Пан мне дае зразумець, я павінна выкарыстаць такія словы, якімі я зусім не задаволена, бо яны не адлюстроўваюць рэальнасці.

759 Калі я ўпершыню перажыла гэтыя цярпенні1, гэта было так: пасля гадавых абяцанняў2 аднойчы ў часе малітвы я ўбачыла вялікае ззянне, а з гэтага ззяння выйшлі прамяні, якія мяне ахапілі, і ў гэты момант я адчула страшны боль у руках, нагах і ў боку, і калючкі цярновай кароны. Я перажывала такія цярпенні ў часе святой Імшы па пятніцах, але гэта было вельмі нядоўга і паўтаралася на працягу некалькіх пятніцаў, а пасля я ўжо не адчувала ніякіх цярпенняў, ажно да цяперашняга моманту, гэта значыць, да канца верасня [175] гэтага года. Падчас гэтай хваробы, у пятніцу ў часе святой Імшы, я адчула, як мяне працялі тыя самыя цярпенні; і паўтараецца [гэта] кожную пятніцу, а часам — пры сустрэчы з душою, якая не знаходзіцца ў стане ласкі. Хоць гэта здараецца рэдка і цярпенне працягваецца вельмі нядоўга, аднак яно жахлівае, і без асаблівай Божай ласкі я яго не вынесла б, а знешне ў мяне няма ніякіх знакаў гэтых цярпенняў. Што будзе далей — не ведаю. Усё гэта дзеля душаў…

760 21.11.[1936]. Езу, Ты бачыш, што я ані цяжка хворая, ані здаровая. Ты ўліваеш у маю душу запал да дзеяння, а я не маю сілы; гарыць ува мне агонь Тваёй любові, і тое, чаго я не магу дабіцца фізічнаю сілаю, навярстае любоў.

761 Езу, зсумавалася душа мая, і я вельмі хачу паяднацца з Табою, але мяне стрымліваюць Твае справы. Ёсць яшчэ душы, якія я павінна прывесці да Цябе. Я прагну цяжкасцяў, цярпенняў, няхай здзейсніцца ўва мне ўсё, што Ты задумаў [176] перад вякамі, о Створца мой і Пане. Я разумею толькі Тваю мову, яна адна дае мне сілу. О Пане, Твой Дух — гэта дух спакою, і маёй душы нішто не бунтуе, бо Ты, Пане, там жывеш.
О Пане, я ведаю, што знаходжуся пад Тваім асаблі-
вым наглядам. Я не даследую ўстрывожана Тваіх планаў адносна мяне. Мая справа — прымаць усё з Тваіх рук, я не баюся нічога, хоць шалее бура і страшныя грамы б’юць вакол мяне, і тады я адчуваю сябе адзінокаю, аднак маё сэрца адчувае Цябе, а мой давер умацоўваецца, і я бачу ўсю Тваю ўсемагутнасць, якая падтрымлівае мяне. З Табою, Езу, я іду па жыцці сярод вясёлкаў і бураў, з воклічам радасці, напяваючы песню Тваёй міласэрнасці. І не змоўкне мой спеў любові, пакуль яго не падхопіць анёльскі хор. Няма ніякай сілы, якая б стрымала мяне ў імкненні да Бога. Я бачу, што нават настаяцелі не заўсёды разумеюць шлях, якім Бог вядзе мяне, і гэта мяне не здзіўляе.

762 [177] Аднаго разу я бачыла кс. Сапоцьку, які маліўся і разважаў над гэтымі праблемамі3; я бачыла, як раптам над яго галавою акрэсліўся круг святла. Хоць нас раздзяляе адлегласць, я часта яго бачу, асабліва, — як ён, нягледзячы на стому, працуе за пісьмовым сталом.

763 22.11.[1936]. Сёння ў часе споведзі Пан Езус прамовіў да мяне вуснамі аднаго святара. Гэты святар не ведаў маёй душы, а я толькі пакаялася ў грахах, аднак ён сказаў мне такія словы: «Верна выконвай усё, чаго патрабуе ад цябе Езус, нягледзячы на ўсе цяжкасці. Ведай, што хоць бы людзі на цябе і гневаліся, Езус на цябе не гневаецца і ніколі гневацца не будзе. Не звяртай увагі ні на якія меркаванні людзей». У першы момант мяне здзівіла такое павучанне, але я зразумела, што праз яго гаворыць Пан, а ён гэта не вельмі ўсведамляе. О святая таямніца, якія вялікія скарбы ты захоўваеш у сабе. О святая вера, мая пуцяводная зорка.

764 [178] 24.11.[1936]. Сёння я атрымала ліст ад кс. Сапоцькі4. З гэтага ліста я даведалася, што ўсёю гэтаю справаю кіруе Сам Бог, і як Пан яе распачаў, так Пан і будзе яе весці, а чым большыя я бачу цяжкасці, тым я спакайнейшая. О, калі б ва ўсёй гэтай справе не было вялікай Божай хвалы і карысці для многіх душаў, сатана б так не супраціўляўся, але ён адчувае, што праз гэта страціць. Цяпер я зразумела, што больш за ўсё сатана ненавідзіць міласэрнасць, гэта для яго найбольшая мука. Аднак слова Панскае не праміне, мова Божая жывая; цяжкасці справаў Божых не спыняць, а паказваюць, што яны —
ад Бога…

Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.

 


1 Гл. Дз, 46.
2 Сястра Фаўстына склала часовыя абяцанні (яна называе іх гадавымі) 30.04.1928 г.
3 Можна меркаваць, што кс. Міхал Сапоцька разважаў над праблемамі пашырэння культу Божай Міласэрнасці, устанаўлення свята Божай Міласэрнасці і заснавання новай кангрэгацыі.
4 Ліст, датаваны 21.11.1936 г., у якім кс. М.Сапоцька інфармуе сястру Фаўстыну аб пашырэнні культу Божай Міласэрнасці і аб справах, звязаных з заснаваннем новай кангрэгацыі.
 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла