Свабодны ці нявольны?

Урачыстасць святой Багародзіцы Марыі — 1 студзеня 2012 г.
Чытанні: Ліч 6, 22–27; Пс 67 (66), 2–3. 5. 6 і 8; Гал 4, 4–7
Евангелле паводле Лукі 2, 16–21

Сёння  апостал Павел ізноў упэўнівае нас у тым, што мы — не нявольнікі Бога, а Яго дзеці. На жаль, штодзённае змаганне, нашыя абмежаванні, адчуванне, што мы рухаемся па каляінах абавязкаў, чыняць так, што нам цяжка паверыць у сведчанні Паўла. Ці ж у нашым штодзённым жыцці свабода мае яшчэ нейкае значэнне?

Розніца паміж нявольнікам і свабодным чалавекам, напэўна, не ў працы, якую мы выконваем. І адзін, і другі могуць рабіць, здавалася б, дакладна тое самае. Розніцу можна ўбачыць на ўзроўні волі: свабодны чалавек чыніць дабро таму, што хоча, нявольнік — таму, што павінен. Каб гэтае разважанне не было выключна абстрактным, уявім сабе двух людзей, якія зарабляюць на жыццё прыборкаю. Яны прыбіраюць аднолькава. Аднак адзін з іх робіць гэта ад сэрца, хоча, каб тым, для каго ён працуе, было чыста і прыемна, хоча зрабіць ім радасць. Другі ж працуе з неахвотаю, не любіць тых, для каго працуе. Ён адчувае сябе ахвяраю абставінаў, і калі б не неабходнасць зарабляць на жыццё, адразу б кінуў гэты занятак. Нават калі абодва пачалі працаваць прыбіральшчыкамі, знаходзячыся ў аднолькавым матэрыяльным становішчы, па адной і той жа прычыне, першы з’яўляецца вольным чалавекам, а другі — ужо не.

Жаданне рабіць дабро — гэта прастора любові і свабоды. Таму свабода з’яўляецца выбарам самога чалавека. Таму розніца паміж вольным чалавекам і нявольнікам не ў грамадскім статусе. Нават сярод тых, хто мае статус нявольніка, могуць знаходзіцца сапраўды свабодныя людзі, а сярод тых, хто знаходзіцца «на вяршыні жыцця», бываюць нявольнікі.

Сёння мы святкуем урачыстасць Багародзіцы. Таму папросім Яе, каб сярод абмежаванняў нашага штодзённага жыцця мы здолелі знайсці ў сабе прастору дабра і любові, у якой мы адкрыемся на дзеянне Духа Святога і якая стане ў нас прастораю Божых дзяцей.


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла