Небяспека «пазітыўнай» веры

Чацвёртая звычайная нядзеля — 29 студзеня 2012 г.
Чытанні: Дрг 18, 15–20;  Пс 95 (94), 1–2. 6–7а. 7с–9; 1 Кар 7, 32–35
Евангелле паводле Марка 1, 21–28


Сёння часта можна пачуць, што пра веру трэба гаварыць толькі пазітыўна, пазбягаючы такіх цяжкіх тэмаў як грэх, пекла, д’ябал, нібыта яны ўжо перасталі быць актуальнымі або ўвогуле зніклі. Аднак такі «пазітыўны» светапогляд вядзе да пэўнай рэлігійнай абыякавасці: маўляў, месца ў раі нам ужо забяспечана, давайце радасна і весела перажываць Літургію як прыемную таварыскую сустрэчу, давайце цешыцца жыццём, не марнуючы яго на нейкія пакутныя ўчынкі, працу над сабой і г. д. Сапраўды, калі адкінуць веру ў існаванне д’ябла, яго хітрасць і моц, хрысціянства ўвогуле становіцца як бы непатрэбным, Ахвяра Хрыста страчвае сэнс, а Яго навука ўспрымаецца толькі як адзін (не адзін!) з магчымых шляхоў збаўлення (ад чаго толькі?). Але ў такім выпадку само збаўленне такіх «пазітыўных» вернікаў ставіцца пад пагрозу, бо, страціўшы чуйнасць, яны лёгка могуць стаць ахвярамі д’ябальскага падману. Нездарма ж хтосьці казаў, што адной з самых вялікіх перамогаў д’ябла з’яўляецца знікненне веры ў яго існаванне. Сапраўдная ж хрысціянская навука гаворыць нам пра рэальную небяспеку, якая сыходзіць ад злога духа. У той жа час яна сцвярджае што Хрыстус — адзіны Збаўца, які мае ўладу над ўсім стварэннем, у тым ліку і над злымі духамі. Нават яны перакананыя ў Яго абсалютнай святасці і трымцяць перад Ім, прызнаючы Яго ўсемагутнасць. Аднак ім не хапае пакоры і любові, каб згадзіцца з гэтым.

Толькі тады, калі чалавек практыкуе гэтыя цноты, асабліва ў адносінах да Бога, і прымае Яго навуку, адкідваючы ўсе спакуслівыя яе інтэрпрэтацыі, можна быць перакананым, што сваёю моцаю Збаўца пераможа ў ім злога і дапаможа па-сапраўднаму цешыцца гэтаю перамогаю і жыццём вечным.


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла