«Дзе жывеш?»

Другая звычайная нядзеля — 15 студзеня 2012 г.
Чытанні: 1 Сам 3, 3b–10. 19; Пс 40 (39), 2 і 4аb. 7–8а. 8b–9. 10; 1 Кар 6, 13с–15а. 17–20
Евангелле паводле Яна 1, 35–42

Ёсць такая добрая парада: паглядзі, як жыве чалавек, як у ягоным пакоі  пастаўленая мэбля, якія рэчы ён мае ў сябе, і зразумееш, што гэта за чалавек. Звычайна так і бывае: жытло сведчыць пра свет свайго гаспадара.

Магчыма, вучні, ідучы за Езусам, ужо сустракаліся з фальшывымі, двудушнымі настаўнікамі, якія вучылі справядлівасці, абавязку прытрымлівацца законаў, а самі яго не выконвалі. Яны вучылі ўбоству, а самі шыкоўна апраналіся і жылі ў вялікіх дамах. Што ж хочуць ведаць вучні Езуса? Праўду аб тым, кім Ён з’яўляецца. Яны шукаюць пацвярджэння Яго словаў, шукаюць праўды.

Што робіць Езус? Ён кажа: «ідзіце і ўбачыце», дазваляе ўбачыць сваё жытло, каб вучні даведаліся, кім Ён з’яўляецца. Езус дарэшты адкрываецца вучням, не хаваючы нічога.

«Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве». Мы можам падумаць, што вучні ўбачылі дом Езуса, аднак у Езуса не было свайго дома, таму вучні ніяк не маглі туды трапіць. Езус жыў у сяброў: тыдзень у адных, тыдзень у іншых, таму вучні ўбачылі іх жытло, а не дом Езуса.

Што ж так захапіла іх, што прымусіла застацца?

Магчыма, свабода і незалежнасць Езуса, Яго поўная адданасць пакліканню абвяшчаць Божае Валадарства. Магчыма, тое, што ў Езуса ёсць такія цудоўныя, адданыя сябры, якія прымаюць Яго ў сябе, нічога не просячы за гэта. Магчыма, тое, што Езус не саромеецца, што нічога не мае і не можа пахваліцца новай канапай або прыгожым сталом. Магчыма, тое, што Езус прапануе вучням выключна самога сябе і сваё сяброўства, без сумнеўных «бонусаў». Дастаткова толькі Яго, больш нічога не трэба.


Айцец Тамаш Міка ОР

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла