Голас паклікання

Трэцяя звычайная нядзеля — 22 студзеня 2012 г.
Чытанні: Ён 3, 1–5. 10; Пс 25 (24), 4–5ab. 6–7bc. 8–9; 1 Кар 7, 29–31
Евангелле паводле Марка 1, 14–20

Евангелiст Марк у гэтым урыўку з Евангелля распавядае пра пачатак прапаведавання Езуса Хрыста і пра паклiканне першых апосталаў: Сымона (Пятра), Андрэя, Якуба i Яна.

Насамрэч цiкава, чаму вучнi так знянацку згадзіліся на заклiк Хрыста пайсцi за Iм? Чаму пакiнулі не толькi працу, якая давала магчымасць утрымліваць сябе і сям’ю, але і адмовiлiся ад традыцыйнага стылю жыцця і сваiх звычак? І больш  за тое, яны за хвіліну згадзіліся пакінуць дарагіх сэрцу людзей. Гэта таямнiца, разгадка якой знаходзiцца, напэўна, у самой асобе Езуса Хрыста. Сустрэўшыся з Iм, вучні, хутчэй за ўсё, адчулi нейкае незвычайнае хараство i  прыгажосць, што сыходзiлi ад Бога і Чалавека, убачылi цуд, учынены Езусам, бо, па сведчанні евангелiста Лукі, будучыя вучнi Езуса ў тую ноч нiчога не злавiлi, а паслухаўшы Езуса, закiнулi сеткi і выцягнулі так шмат рыбы, што напоўнiлi ёю два чоўны да краёў (пар. Лк 5, 1–11).

У заклiку Хрыста звычайныя рыбакi пачулi голас Айца, якi дасканала ведае сваiх дзяцей, iх найглыбейшыя таямнiцы, прагненнi i жаданнi, пра што яскрава нагадвае нам паклiканне Натанiэля, будучага апостала: Збаўца нагадаў, што бачыў яго пад смакоўніцаю і назваў яго «сапраўдным ізраэльцянінам, у якім няма падману» (Ян 1, 48), гэтым самым паказаўшы, што ведае глыбiні яго сэрца.

Гэта таксама быў заклiк Пастыра, для якога кожная авечка важная i непаўторная, якi ўзмацняе душу кожнага i вядзе на сцежкi праўды (пар. Пс 23).
Цi ты таксама сустрэў Езуса на шляху свайго жыцця? Цi адчуў Яго любоў да cябе? Цi ўбачыў Яго хараство? Цi захапiўся Iм? Цi пачуў Яго ненавязлівы голас, якi клiча пайсцi за Iм?


Айцец Віталь Сапега ОР

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла