Слова нараджаецца ў маўчанні

 

Бог мае шмат чаго нам сказаць. Аднак у сучасным бедламе, у гэтым шалёным рытме жыцця многім з нас так цяжка пачуць Яго голас! Слухаць можа толькі той, хто сам суцішыўся, маўчыць і прагне штосьці пачуць. Толькі ў маўчанні мы можам па-сапраўднаму ўвайсці ў сябе.


Адкінь пустаслоўе

Але калі табе ўсё ж удасца аддаліцца ад знешняга і ўнутранага шматслоўя і ты зможаш зазірнуць у самога сябе, то запануюць у табе ўнутраная еднасць і поўня.

У наш такі шматслоўны час вельмі важна ўслухоўвацца ў самога сябе і хоць зрэдку загадваць сабе:

«Суцішся! Не губляй сілаў на пустыя словы
і напластаванне непатрэбных думак».

Ты зусім не мусіш прывязваць сябе да патоку словаў і думак, што рояцца ў галаве. Пакінь хоць бы часткова, і асабліва на час Адвэнту, неабавязковыя, а часта і ўвогуле непатрэбныя словы і думкі. У самым цэнтры тваёй душы яны зусім лішнія. І менавіта там, у глыбіні самога сябе, ты, магчыма, пачуеш звернутае да цябе пасланне з найвышэйшага і найцікавейшага свету.

У адной з найпрыгажэйшых і найглыбейшых малітваў, якія нарадзіла хрысціянская пабожнасць, благаслаўлёная Альжбета ад Святой Тройцы (1880 – 1906) кажа:

«О Слова Спрадвечнае, Слова Бога майго,
дзеля таго, каб слухаць Цябе,
хачу прысвяціць сваё жыццё.
Дзеля Цябе прагну ўся я замяніцца ў слых,
каб усяму навучыцца ад Цябе».


Вучыся ў Марыі

У Марыі мы можам навучыцца таму, дзе знайсці сапраўдную радасць. Крыніца Яе радасці ў ціхім і маўклівым услухоўванні ў Божае слова. Маўчанне Марыі зусім не пустое. Яно заўсёды залежнае ад Слова. Яна маўчыць, бо слухае. Як бы мы маглі слухаць, калі безупынна гаворым?

Святы Ян ад Крыжа піша:

«Адно Слова вымавіў Айцец, якім ёсць Яго Сын,
і гэтае Слова Ён вымаўляе нястомна ў вечным маўчанні,
у маўчанні таксама павінна слухаць яго душа».

Гэтак, як Айцец вымаўляе сваё Слова ў маўчанні, і Марыя таксама нараджае Яго ў маўчанні. Немагчыма ўявіць, што Яна магла б нарадзіць Слова, калі б Яе душа была напоўненая гоманам, крыкам, пустаслоўем. Слова заўсёды нараджаецца ў маўчанні. «Калі глыбокая ціша ляжала над усім, а ноч у сваім цячэнні дасягнула паловы, сышло з нябёсаў ад каралеўскіх прастолаў і абрушылася сярод вынішчанай зямлі ўсемагутнае Тваё Слова» (пар. Мдр 18,14–15).

Да Звеставання Марыя слухала Божае слова ў сінагозе. Пасля Звеставання Яна слухае Яго зусім іншым чынам: Яна носіць у сабе Слова, тое Слова, якое змяшчае ў сабе ўсе Божыя словы. Як жа ўважліва Яна слухае Яго!

Магчыма, гэтае інтэнсіўнае ўслухоўванне Марыі дазволіла Слову, каб Яно сталася ў Ёй целам.

Штосьці падобнае можа адбыцца і з намі. Слова можа нарадзіцца таксама і з нас, але толькі тады, калі мы палюбім маўчанне і будзем паслухмяныя, як Марыя. 


Падрыхтавала Ірына Жарнасек
Паводле разважанняў а. Вільфрыда Сцінісэна OCD
Надрукавана ў «Ave Maria» № 12 (201), 2011

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла