Пільнае і важнае

Пятая звычайная нядзеля — 5 лютага 2012 г.
Чытанні: Ёв 7, 1–4. 6–7; Пс 147А (146), 1–2. 3–4. 5–6; 1 Кар 9, 16–19. 22–23
Евангелле паводле Марка 1, 29–39

Добра мець разуменне таго, што ў нашым жыцці ёсць справы пільныя і справы важныя. Пільныя — гэта тыя, што трэба зрабіць сёння, а часам нават і ўчора. Важныя — гэта тыя, што дазваляюць нам наблізіцца да мэты, якой мы хочам дасягнуць у сваім жыцці. Але, на жаль, пільныя справы не заўжды з’яўляюцца важнымі. На жаль, пільныя справы турбуюць нас больш, чым важныя. Гэта нагадвае мне электронную гульню з дзяцінства (напэўна, многія цяпер маюць яе ў мабільных тэлефонах). Там трэба лавіць яйкі, якія пастаянна ляцяць зверху, і не дазволіць ніводнаму ўпасці і разбіцца.
І сапраўды, мы можам так засяродзіцца на вырашэнні надзённых тэрміновых пытанняў, што няма часу падумаць, ці ў добрым кірунку рухаецца нашае жыццё.

У сённяшнім урыўку з Евангелля мы бачым, як Пётр хоча заняць Пана Езуса неадкладнымі справамі. Учора жыццё Пятра цалкам змянілася, яго цешча аздаравілася, а дом стаў цэнтрам усяго мястэчка. Туды скіроўваюцца, як да месца аздараўленняў, усе навакольныя жыхары, усе хочуць паглядзець на Езуса, вылечыць розныя хваробы. Пётр па ўласнай ініцыятыве, з усёй адказнасцю бярэ на сябе задачу арганізацыі і кіравання дзейнасцю Езуса. А Езус, нбы не ўсведамляючы, што час прыспешвае, дзесьці згубіўся. Калі Яго ўрэшце знаходзяць, бачаць, што Езус моліцца, з’яднаны з Айцом, які паслаў Яго. У Пятра вырываюцца словы нецярплівасці: «Усе шукаюць Цябе». Ён нібы хоча сказаць: «Тут столькі пільных справаў, столькі людзей, якіх трэба прыняць, а Ты толькі час марнуеш». Але Езус рашуча спыняе Пятра, не дазваляючы сесці сабе на галаву. У еднасці з Айцом Ён ведае, дзеля чаго прыйшоў: збавіць свет, а не быць цудоўным лекарам з Капернаўма. Пільныя справы не закрываюць ад Яго справаў важных. «Пойдзем куды-небудзь у бліжэйшыя мястэчкі, каб і там прапаведаваць, бо Я дзеля гэтага прыйшоў».

Няхай прыклад і моц Езуса даюць нам сілы, каб сярод пільных справаў мы не згубілі найважнейшага і не змарнавалі свайго жыцця.


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла