Вечнае жыццё — што гэта?

З энцыклікі Spe salvi Святога Айца Бэнэдыкта XVI
аб хрысціянскай надзеі


10. Дагэтуль гаварылася пра веру і надзею ў Новым Запавеце, а таксама пра пачаткі хрысціянства. Аднак заўсёды было відавочна, што разважанне датычыць не толькі мінулага часу; усё разважанне адносіцца да жыцця і смерці чалавека ўвогуле, і таму яно закранае сёння і нас. Тым не менш, мы павінны адкрыта спытацца ў сябе: ці і для нас хрысціянская вера з’яўляецца надзеяй, якая перамяняе і падтрымлівае наша жыццё? Ці яна з’яўляецца «творчай» для нас, навіной, якая па-новаму фарміруе само жыццё, ці гэта проста «інфармацыя», якую мы з часам адклалі і якая, здаецца, ужо саступіла больш новым навінам? У пошуку адказу будзем арыентавацца на класічную форму дыялогу, з дапамогай якога абрад хросту выражае прыняцце дзіцяці ў супольнасць вернікаў і яго нараджэнне ў Хрысце. Спачатку святар пытаецца, якое імя для дзіцяці выбралі бацькі, а потым: «Чаго ты просіш у Касцёла?» — і чуе адказ: «Веры». «Што дае табе вера? — Жыццё вечнае». Уступаючы ў гэты дыялог, бацькі дзіцяці прасілі доступу да веры, да супольнасці з вернікамі, паколькі бачылі ў веры ключ да «вечнага жыцця». Як учора, так і сёння падчас хросту, калі хтосьці становіцца хрысціянінам, гаворка ідзе менавіта пра гэта: маецца на ўвазе не толькі прыняцце ў супольнасць, не толькі допуск да Касцёла. Для дзіцяці, якое хрысцяць, бацькі чакаюць большага: яны спадзяюцца, што тая вера, часткай якой з’яўляюцца цела і сакрамэнты Касцёла, дасць і яму жыццё — вечнае жыццё. А вера — гэта субстанцыя надзеі. Аднак адразу ўзнікае пытанне: ці мы сапраўды хочам гэтага — жыць вечна? Магчыма, сёння многія адкідаюць веру толькі таму, што вечнае жыццё не здаецца ім пажаданым. Яны з пагардай адкідваюць вечнае жыццё, але прымаюць цяперашняе, а вера ў вечнае жыццё здаецца ім хутчэй перашкодай на гэтым шляху. Бясконца працягваць вечнае жыццё здаецца ім хутчэй прысудам, чым дарам. Канешне, яны прагнуць адкласці смерць як мага далей. Але вечнае, бясконцае жыццё можа ўвогуле быць толькі сумным і ўрэшце невыносным. Абсалютна тое ж самае кажа, напрыклад, айцец Касцёла
св. Амброзій у прамове падчас пахавання свайго брата Сатыра: «У прыродзе сапраўды не было смерці, але яна стала часткай прыроды, таму што Бог спачатку не ўстанаўліваў смерці, а даў яе як лек <…>. З прычыны граху жыццё чалавека стала гаротным, праходзіць у штодзённай працы і невыносным стогне. Узнікла неабходнасць пакласці канец злу, каб смерць аднавіла тое, што страціла жыццё. Бессмяротнасць — гэта хутчэй цяжар, чым карысць, калі яе не асвятляе ласка»1. Яшчэ раней Амброзій казаў: «Не трэба смуткаваць з прычыны смерці, бо яна вядзе да збаўлення»2.

11. Што б ні хацеў сказаць гэтымі словамі св. Амброзій, праўда тое, што калі б не было смерці ці яна адкладвалася на бясконцасць, зямля і чалавецтва апынуліся б у невыноснай сітуацыі і гэта не прынесла б ніякай карысці самой асобе.
У нашых памкненнях выразна бачна пэўная нязгоднасць, што вынікае з нейкай глыбокай супярэчнасці нашага жыцця. З аднаго боку, мы не хочам паміраць; і асабліва тыя, хто нас любіць, не хочуць нашай смерці. А з другога боку, мы не жадаем існаваць бясконца, ды і зямля не была створана з такой мэтай. Дык чаго ж мы прагнем? Гэты парадокс нашай душы ставіць яшчэ больш глыбокае пытанне: чым у сапраўднасці ёсць «жыццё»? Што па-сапраўднаму азначае слова «вечнасць»? Часам здараецца, што мы нечакана пачынаем разумець: вось гэта менавіта і ёсць сапраўднае «жыццё», якое і павінна быць. І наадварот, тое, што кожны дзень называем «жыццём», насамрэч не з’яўляецца ім. Калісьці св. Аўгустын напісаў у сваім доўгім лісце пра малітву, адрасаваным Пробе, рымскай удаве, заможнай маці трох консулаў: «Па сутнасці мы шукаем аднаго — „шчаслівага жыцця“, жыцця, якое з’яўляецца проста жыццём, проста „шчасцем“. Калі ўсё ўзважыць, то гэта менавіта тое, чаго мы просім у малітве. Мы не імкнёмся ні да чаго іншага — справа толькі ў гэтым».
Аднак пасля св. Аўгустын дадае, што калі прыгледзецца больш уважліва, то мы зусім не ведаем, чаго хочам і чаго сапраўды жадаем. Таму мы зусім не ведаем гэтай рэчаіснасці. Нават тады, калі нам здаецца, што мы дакранаемся да яе, фактычна яе не ведаем. «Мы не ведаем, аб чым трэба маліцца», —прызнаецца ён словамі св. Паўла (Рым 8, 26). Мы ведаем толькі, што гэта не тое. Аднак у нашым няведанні мы ведаем, што гэтая рэчаіснасць павінна існаваць. «Ёсць у нас, калі так можна сказаць, вучонае невуцтва (docta ignorantia)», — пісаў ён. Мы не ведаем, чаго на самай справе хочам; мы не спазналі таго «сапраўднага жыцця». Аднак ведаем, што павінна існаваць штосьці, чаго мы не ведаем і да чаго імкнемся3.

12. Мяркую, што св. Аўгустын вельмі трапным і заўсёды актуальным чынам апісаў асноўны стан чалавека, стан, з якога паходзяць усе яго супярэчнасці і надзеі. Мы ў пэўнай ступені прагнем таго самага жыцця, таго сапраўднага жыцця, якога пасля не кране смерць, але ў той жа час не ведаем, да чаго імкнемся. Мы не можам не імкнуцца да гэтага, але адначасова ведаем, што ўсё тое, што можам спазнаць ці зрабіць, гэта не тое, чаго мы жадаем. Гэтай невядомай «рэччу» з’яўляецца «надзея», якая пабуджае нас і ў той жа час, паколькі яна невядомая, з’яўляецца прычынай усялякай роспачы, а таксама ўсялякіх станоўчых ці разбуральных імпульсаў у бок праўдзівага свету і праўдзівага чалавека. Самі словы «вечнае жыццё» імкнуцца даць імя гэтай невядомай і ў той жа час вядомай рэчаіснасці. Сапраўды дрэнным ёсць той тэрмін, які выклікае хутчэй блытаніну. Слова «вечнае» стварае ў нас уяўленне аб нечым бязмежным, і гэта нараджае ў нас страх; а слова «жыццё» прымушае нас думаць аб нейкім вядомым для нас жыцці, якое мы, безумоўна, любім і не хочам страціць, але ў той жа час яно часцей стамляе, чым аднаўляе нас, і ў выніку мы, з аднаго боку, жадаем яго, а з другога — адкідаем. Толькі ў сваіх разважаннях мы можам выйсці па-за межы часовага пазнання рэчаіснасці, у якім мы заключаны, быццам вязні, і нейкім чынам прадчуваць, што вечны час — гэта не паслядоўнасць каляндарных дзён, але тое, што нагадвае нам момант канчатковага задавальнення, калі поўня будзе ахопліваць нас, а мы будзем ахопліваць поўню. Гэта быў бы момант акунання ў мора бясконцай любові, дзе сам час — мінулы і будучы — ужо не існуе. Можна толькі спрабаваць уявіць, што гэты момант з’яўляецца жыццём у поўным значэнні, новым акунаннем у глыбіню існавання і проста паглыбленнем у радасць. Так кажа пра гэта Езус у Евангеллі паводле св. Яна: «Я зноў убачу вас, і ўзрадуецца сэрца вашае, і радасці вашай ніхто не адбярэ ў вас» (16, 22). У такім напрамку мы павінны разважаць, калі жадаем зразумець, куды ўрэшце накіроўваецца хрысціянская надзея і чаго нам чакаць ад веры і нашага жыцця з Хрыстом4.


1 De excessu fratris sui Satyri, II, 47: CSEL 73, 274.
2 Тамсама, II, 46: CSEL 73, 273.
3 Пар. Ep. 130 Ad Probam 14, 25 –15, 28: CSEL 44, 68–73.
4 Пар. Catechismus Catholicae Ecclesiаe, n. 1025.


Пераклад Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і
афіцыйных дакументаў
Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла