Пачуць Яго ціхі голас

Сёння мы разважаем
пра малітву з дапамогаю
протаіерэя Аляксандра Меня

Мэтай малітоўнага стану чалавека з’яўляецца безупынная малітва. Можа, хтосьці палічыць гэта дзіўным: што ж гэта за чалавек, які пастаянна моліцца? Гэта альбо шалёны, альбо хворы, альбо фанатык. На самай справе безупынная малітва — гэта нармальная рэч, і яна з’яўляецца мэтай хрысціянскага жыцця. Гэта зусім не азначае, што чалавек павінен пастаянна паўтараць малітвы, а гэта азначае, што ён заўсёды знаходзіцца перад Божым абліччам: смяецца ён ці плача, стаміўся ці бадзёрыцца, сумуе ці радуецца — ён заўсёды краем вока бачыць Божую прысутнасць і значыць заўсёды на Яго арыентуецца — з удзячнасцю, мальбою, з пакаяннем... У кожную хвіліну такі чалавек усведамляе, што ён не адзін, што Бог побач з ім. Такі стан робіць душу цвёрдай, моцнай, прасветленай.

Мітрапаліт Антоній [Блюм] расказваў пра адну жанчыну, якая ніяк не магла адчуць сілу малітвы. Яна скардзілася: «Бог маўчыць, калі я малюся». А ён ёй сказаў на гэта: «Але ж, мадам, вы не даяце Яму ўставіць слова... Як вы можаце пачуць Яго ціхі голас, калі вы ўвесь час пра штосьці Яму паведамляеце?..» Мітрапаліт расказваў пра гэта, вядома, з адценнем іроніі.

І ўсё ж у гэтым ёсць глыбокі сэнс: мы не ўмеем пабыць ва ўнутранай цішыні нават некалькі імгненняў, таму нам і не адкрываецца глыбіня жыцця. Але ж толькі ў гэтай глыбіні мы і сустракаем Бога, знаходзім крыніцу шчасця, крыніцу сілы, прыгажосці жыцця. Вядома, мы ўсе людзі занятыя, усе некуды спяшаемся, усе маем свае справы, абавязкі. І ўсё ж знаходзіць, вырываць такія хвіліны з нашай штодзённасці трэба.

Хтосьці мне скажа, што гэта немагчыма. Магчыма. Бо як бы ні спяшаўся чалавек, есці і піць яму трэба. Ён пастаянна, з дня ў дзень павінен падмацоўваць сваё цела. Але хіба дух наш не патрабуе гэткага ж падмацавання? Адно што ягоныя пакуты мы не адчуваем гэтак жа выразна, як пакуты страўніка, ды толькі наступствы могуць быць нашмат страшнейшыя...


Падрыхтавала Ірэна Задарожная.
Паводле кнігі А. Меня
«Практическое руководство к молитве».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней