Аўтобус збаўлення

Другая нядзеля Адвэнту — 4 снежня 2011 г.
Чытанні: Іс 40, 1–5. 9–11; Пс 85 (84), 9аb–10. 11–12. 13–14; 2 П 3, 8–14
Евангелле паводле Марка 1, 1–8

Часта Адвэнт, у які мы чакаем Пана Бога, асацыюецца ў нас з чаканнем аўтобуса ў восеньскі або зімовы вечар. Мы злуемся і думаем: калі ж ён ужо прыедзе, калі нарэшце мы адчуем цяпло роднага дому! Гэтак жа часта мы ўсклікаем да Бога: калі Ты нарэшце прыйдзеш, калі нарэшце ўпарадкуеш маё жыццё, калі нарэшце прыбярэш у маім садзе…

У пэўнай меры мы маем на гэта права, але сёння Бог хоча паказаць нам іншую перспектыву. Ён — не кіроўца, які спазняецца, але той, хто не хоча зачыняць дзверы перад носам пасажыра. Мне здаецца, кожны з нас можа ўзгадаць падобнае здарэнне: раніцай было так цяжка падняцца з ложка, і спатрэбілася больш часу, каб выйсці з дому, бо дзесьці згубіліся ключы… Калі ты выбег на прыпынак, аўтобус ужо зачыняў дзверы... Напэўна, кожны з нас можа ўзгадаць і сваю раз’юшанасць, калі дзверы зачыняюцца перад самым носам, і сваю ўдзячнасць, калі зычлівы кіроўца ўсё ж пачакаў...

Сёння ў літургічным чытанні нам паказаная перспектыва Адвэнту, пра якую мы часта забываемся. Так, Адвэнт — час чакання, але гэта не мы чакаем Бога, а Ён чакае нашага навяртання. Божы аўтобус збаўлення ўжо на прыпынку, і мы не хвалюемся, калі туды не трапім. Бог нікога не прымушае сядаць у гэты аўтобус, аднак хоча зрабіць усё, каб гэта адбылося. Ён той, хто разумее, Ён ведае, як цяжка прабудзіцца ад грахоўнага сну, устаць з цёплага ложку старых дрэнных звычак, рызыкнуць з’есці халодны сняданак новага жыцця, знайсці ключ і шлях да Бога. Ён ведае гэта, і таму чакае. Таму Ён дакладна не зачыніць дзверы ў нас перад носам. Сам Бог чакае мяне гэтаю снежаньскаю раніцай, але ніякай карысці з гэтага для мяне не будзе, калі я сам не вырашу нарэшце сесці ў аўтобус Божай міласэрнасці.


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла