Штодзённая згадка пра ўцелаўлёнае Слова

Чацвёртая нядзеля Адвэнту — 18 снежня 2011 г.
Чытанні: 2 Сам 7, 1–5. 8b–12. 14а. 16; Пс 89(88), 2–3. 4–5. 27 і 29; Рым 16, 25–27
Евангелле паводле Лукі 1, 26–38

Сцэна звеставання, пра якую апавядаецца ў літургічным чытанні падчас святой Імшы за тыдзень да Божага Нараджэння, даволі добра нам знаёмая. Святы Пётр з Алькантары, францішканін, калі чуў штосьці пра ўцелаўленне Божага слова, падаў у экстатычным захапленні. Звеставанне — гэта пачатак справы адкуплення. Другая Божая Асоба прымае чалавечую прыроду, каб стаць ахвяраю за грахі людзей і давесці нас да вечнага жыцця — гэта незвычайна! Гэтую любоў немагчыма ўсвядоміць! Словы з сённяшняга ўрыўка з Евангелля сталі асноваю вельмі распаўсюджанай малітвы «Анёл Панскі». Пра яе варта памятаць, бо гэтая малітва дазваляе нам штодня дзякаваць за Божую любоў, якая выяўляецца ў прыйсці Божага Сына ў свет, спачатку ва ўлонне Беззаганнай, пазней — у Яго Нараджэнні. Без гэтага пачатку, за які мы дзякуем падчас Адвэнту і перыяду Божага Нараджэння, не былі б магчымыя збаўчыя пакуты і ўваскрасенне нашага Пана. Пра гэтую малітву прыгожа напісаў папа Бэнэдыкт XVI у адгартацыі Verbum Domini (№ 88): «Сінод параіў распаўсюджванне сярод усіх вернікаў чытання малітвы “Анёл Панскі”. Гэта простая і глыбокая малітва, якая дазваляе нам “штодзённа ўспамінаць Уцелаўлёнае Слова”. Было б добра, каб Божы народ, сем’і і супольнасці кансэкраваных асобаў былі вернымі гэтай Марыйнай малітве, прамаўляць якую на світанні, апоўдні і на захадзе сонца заахвочвае нас традыцыя. У малітве “Анёл Панскі” просім Бога, каб праз заступніцтва Марыі нам таксама было дадзена выканаць, так, як Яна, Божую волю і прыняць у сваё нутро Яго Слова. Гэтая практыка можа нам дапамагчы ва ўмацаванні сапраўднай любові да таямніцы ўцелаўлення».


Айцец Раман Шульц ОР

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла