Дзень майго нараджэння

Урачыстасць Нараджэння Пана — 25 снежня 2011 г.

Імша ўначы:
Чытанні: Іс 9, 1–6;  Пс 96 (95), 1–2а. 2b–3. 11–12. 13; Ціт 2, 11–14
Евангелле паводле Лукі 2, 1–14

Імша на світанні:
Чытанні:  Іс 62, 11–12;  Пс 97 (96), 1 і 6. 11–12; Ціт 3, 4–7
Евангелле паводле Лукі 2, 15–20

Імша ўдзень:
Чытанні: Іс 52, 7–10;  Пс 98 (97), 1. 2–3аb. 3cd–4. 5–6; Гбр 1, 1–6;
Евангелле паводле Яна 1, 1–18


Сёння нарадзіўся Езус, і сёння нарадзіліся мы. Гэта значыць, што сёння і наш дзень нараджэння, і гэта не чарговыя 23, 35 або 51. Сёння мы сапраўды нараджаемся, нашае жыццё пачынаецца нанава. Каб зразумець гэта, варта паглядзець на Бога, якім Ён з’яўляецца сёння. Можа, гэта па-дзіцячы, можа, занадта відавочна, можа, гэта здасца згаршэннем, але Бог у Езусе сёння прыходзіць да нас як немаўлятка, безабаронная малеча.

Таму, калі мы пытаемся сёння, якім з’яўляецца немаўля, як яно выглядае, мы пытаемся, як выглядае Бог. Немаўля вельмі мілае, цёплае, такое, што яго хочацца ўзяць на рукі, прытуліць. Яго скура надзвычай далікатная, яго вельмі лёгка параніць. Яму патрэбная апека. Немаўля чуллівае да асяроддзя, колераў, гукаў, людзей. Для яго ўсё поўнае дабрыні, да ўсяго яму хочацца дакрануцца, а тое, да чаго дацягваецца рука, апынаецца ў роце, бо ўсё трэба паспрабаваць. Калі б мы ўбачылі, што адбываецца ў галаве немаўляці, гэта нагадала б гонкі Формулы 1: адна думка даганяе другую, няма ні секунды затрымкі, увесь свет адкрыты, увесь свет хочацца пазнаць.

Калі мы зразумеем, што сёння — дзень нашага нараджэння, што сёння мы нарадзіліся нанава, мы прыпадабняемся да Бога, становімся, як Езус, немаўляткамі, безабароннымі малечамі.
Калі мы адкрыем у сабе, што мы чуллівыя, далікатныя, як немаўлятка, як маленькі Езус, што нас лёгка параніць, што ў нас, як у Ім, шмат цяпла, нашмат больш, чым мы самі думалі, нашыя думкі могуць зрушыцца, атрымаць больш жыцця, яны змогуць пераходзіць ад аднаго да другога, хочучы ўсё пазнаць. Калі мы адкрыем, што, як немаўля, мы хочам быць са сваёю сям’ёй, мы будзем здольныя радавацца з прычыны святаў, цешыцца, што ёсць магчымасць сустрэчаў са сваякамі, размоваў з сям’ёю, магчымасць адкрывацца адно для аднаго і быць чулымі ў стасунках.

Бог прыйшоў у свет як немаўля, каб не напужаць нас, каб мы маглі проста і радасна сустрэцца з Ім.


Айцец Тамаш Міка ОР

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла