Што ў імені тваім?

Гертруда

Гэта імя германскага паходжання і азначае яно «верны род».

Найбольш слынная ў Каталіцкім Касцёле святая Гертруда з Гельфты (1256 –1302). У Гельфце знаходзіўся кляштар бэнэдыктынак — вядомы на ўсю Германію асяродак культуры. У ім Гертруда выхоўвалася з 5 гадоў, а потым і сама стала сястрой бэнэдыктынкай.

Гертруда вельмі хутка крочыла па шляху духоўнай дасканаласці. 27 студзеня 1281 г. яна перажыла свой містычны шлюб з Боскім Абраннікам, і з таго часу распачаўся новы этап яе жыцця — магутны ўзлёт у неба. Святая атрымала дар кантэмпляцыі, харызмат надпрыродных экстазаў і аб’яўленняў, а таксама прароцкіх візій. Па даручэнні Пана Езуса яна апісала гэта ў сваёй працы «Аб’яўленні», дзе зрабіла аналіз свайго духоўнага стану і містычных перажыванняў. Там жа яна пераказала даручэнні, якія даў ёй Хрыстус. Гэты дзень святая назвала сваім навяртаннем. Яна вельмі моцна любіла Святое Пісанне і шмат чытала яго, а таксама працы святога Аўгустына, святога Грыгорыя Вялікага і святога Бэрнарда.

Прагнучы наследаваць Хрыста, святая Гертруда пачала практыкаваць суровы пост і розныя ўмярцвенні. Пан Езус не шкадаваў для яе шматлікіх фізічных і духоўных цярпенняў, якія не пакідалі яе ажно да смерці.

Высокі ўзровень духоўнай працы святой Гертруды «Аб’яўленні», альбо «Пасол Божай пабожнасці» дазволіў нашчадкам залічыць гэтую святую да найвялікшых містыкаў Касцёла.

Гертруда з’яўляецца апякункай Паўднёвай Амерыкі.

У Беларусі гэта імя раней сустракалася даволі часта. Праўда, як і многія іншыя імёны, у савецкі час яно трапіла ў разрад «нямодных». Можа таму і беларуская паэтка, аўтарка слынных «Ручнікоў» Вера Вярба змяніла сваё прыгожае імя Гертруда (зрэшты, у савецкі час яно расшыфроўвалася як «герой труда»). Між тым святая Гертруда выступае ў гісторыі Касцёла яшчэ і як давераная асоба Сэрца Езуса, якое аб’яўлялася ёй у розных формах і вобразах.

Імяніны: 16 лістапада.

 

Марцін

Гэта імя лацінскага паходжання, утворанае ад слова Марс (рымскае боства), і яно азначае «належаць да Марса».

У Каталіцкім Касцёле больш за 20 святых, якія носяць гэтае імя. Сёння размова пойдзе пра святога Марціна з Перу (1569–1639), дамініканіна.

Дарэчы, дамінікане былі першым законам, які выслаў сваіх місіянераў у Амерыку праз чатыры гады пасля яе адкрыцця Калумбам. Яны заснавалі свае кляштары на востраве Гаіці, у Санта-Дамінга, а потым вырушылі ў Мексіку, Венесуэлу, Калумбію, Перу.

Святы Марцін у свае 15 гадоў меў ужо прафесію цырульніка, але пакінуў яе, як толькі даведаўся пра кляштар дамініканаў. Ды яго чакала непамыснасць. Паколькі ён быў мулатам, яго не прынялі ў закон, але ён не адступіўся і згадзіўся застацца ў кляштары тэрціярам, выконваў самую чорную працу і вельмі імкліва набываў духоўныя багацці. Ён часта акунаўся ў разважанні Мукі Панскай, у кантэмпляцыйную малітву. Бог надзяліў яго дарам прадказанняў, чытання ў людскіх сэрцах і нават дарам біялакацыі.

Святы Марцін працаваў у невялікім кляштарным шпіталі, дзе лячыў не толькі законнікаў, але і свецкіх людзей, з асаблівай любоўю выходжваў хворых індзейцаў. У жыццярысе святога згадваецца пра некалькі здзейсненых ім цудоўных аздараўленняў.

Цяпер сярод маленькіх беларусаў пачалі з’яўляцца і Марціны. Напрыклад, мінчанін Марцін Палінеўскі — сямігадовы сын супрацоўнікаў выдавецтва «Pro Christo» Эльвіры і Віталія Палінеўскіх (артыкулы Віталія часта друкуюцца ў нашым часопісы ў рубрыцы «Моладзевы квартал»).

Імяніны: 11 лістапада, 7 і 29 снежня, 30 студзеня, 13 красавіка,  8 і 24 кастрычніка.


Падрыхтавала
Ірэна Задарожная.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла