Шлях святога Якуба

Ці задумваліся вы над тым, калі людзі пачалі хадзіць у пілігрымкі? З самага пачатку гісторыі хрысціянства сталі ўшаноўвацца святыя мясціны, звязаныя з евангельскімі падзеямі. Дакладна вядома, што ў Х стагоддзі пілігрымаванні ўжо былі вельмі распаўсюджанымі. Найперш, канешне ж, у Ерузалем, на Святую Зямлю, у Рым і ў горад святога Якуба — Сант’яга дэ Кампастэла.

Хрысціянскія паданні кажуць, што цела святога Якуба, які першы з апосталаў памёр як пакутнік, было пакладзенае ў човен і адпраўленае ў мора, пасля чаго цудоўным чынам човен прыплыў да берагоў Іспаніі. Лічыцца, што менавіта святы Якуб прынёс туды Добрую Навіну ў часы свайго жыцця. У 813 годзе манах  Пелагій, які ведаў гэтае паданне, атрымаў знак, убачыўшы незвычайна шмат зорак на небе. Ідучы за імі, Пелагій знайшоў човен з непарушнымі парэшткамі апостала. На тым месцы быў пабудаваны касцёл, а вакол заснаваны горад, які атрымаў назву горада святога Якуба — Сант’яга. Пазней да назвы дадалося «Compostela» ад лацінскага «campus stellae» (зорнае поле) або «compostium tellus» (магіла). Амаль адразу Сант’яга стаў месцам пілігрымавання. На месцы маленькага касцёла ў ХІ стагоддзі пачалі ўзводзіць велічную мураваную катэдру, дзе і цяпер у срэбнай труне пад галоўным алтаром захоўваецца цела святога Якуба.

За больш чым тысячагадовую гісторыю Шляхам святога Якуба праходзілі каралі, святыя, безліч людзей, якія жадалі памаліцца ля труны святога, апекуна Іспаніі, што 800 гадоў пакутавала ад нашэсця маўраў, — для яе гэты Шлях стаў вызнаннем веры, яе выпрабаваннем.

Шлях святога Якуба — сапраўды выпрабаванне. Да Сант’яга вядуць Французскі, Паўночны, Партугальскі, Срэбны шляхі, усяго каля дваццаці. Мы выбралі Французскі, як найбольш старажытны. Ён цягнецца па гарах праз усю поўнач краіны, ад самай французскай мяжы, таму і мае такую назву. Каб прайсці яго ад пачатку, а гэта каля 900 кіламетраў, патрэбны прыкладна месяц. Нашая група, Трэці дамініканскі ордэн у Беларусі, мела толькі тыдзень, за які мы здолелі прайсці 174 кіламетры па тэрыторыі Галісіі на паўночным захадзе краіны да катэдры горада святога Якуба.

Да пілігрымкі мы рыхтаваліся амаль год: загадзя планавалі шлях, але яна была б немагчымай без дабрадзеяў, якіх Пан Бог паслаў нам, і без тых людзей, якія маліліся за нас у Беларусі, і чые інтэнцыі мы ўзялі з сабою ў дарогу.

Шлях святога Якуба многаму вучыць, ламае стэрэатыпы, якімі мы прывыклі штодня кіравацца ў жыцці. Уся твая маёмасць — за плячыма, і гэтага дастаткова. Шмат рэчаў з сабою не возьмеш, бо на горнай дарозе адчуваецца кожны кілаграм у заплечніку. Абавязкова — ліхтарык, капялюш, спальны мех, другая пара абутку, бутэлька для вады… 

Выходзяць пілігрымы рана: а 5–6-й гадзіне, бо зазвычай трэба прайсці 20-30 кіламетраў, пакуль сонца не пачне пячы зусім ужо моцна, дзесьці а другой гадзіне дня. Мы, таго не ведаючы, першыя дні выходзілі пазнавата, а 8-й, таму вымушаныя былі рабіць сіесту дзе давядзецца, у цяні. Затое нішто не можа параўнацца з адчуваннем, калі ў цемры (бо сонца ўзыходзіць каля 8-й раніцы), ты выходзіш на Шлях і бачыш за сабою і перад сабою праменьчыкі ліхтароў, працэсію пілігрымаў.

Першае, да чаго прызвычайваюцца вочы на Шляху і, бадай, самая істотная рэч — ракавінкі і жоўтыя стрэлкі. Я не жартую. Ракавінка, якую, дарэчы, можна ўбачыць і на гербе папы Бэнэдыкта XVI, старажытны сімвал пілігрыма, знак імкнення да цноты і чысціні. Вандроўнікі прымацоўвалі яе да капелюшоў, торбаў, вопраткі. Гэта дапамагала знайсці начлег, бараніла ад рабаўнікоў — пілігрымаў зазвычай не крыўдзілі, каб не наклікаць на сябе Божы гнеў. А яшчэ каменнымі слупамі з ракавінкамі пазначаны сам Шлях і колькасць кіламетраў да Сант’яга — яны дапамагаюць не згубіцца па дарозе, як і жоўтыя стрэлкі, «flechas amarillas». Іх у якасці паказальнікаў малююць самі пілігрымы або мясцовыя жыхары на хацінах, слупах, дрэвах, асфальце, таму на кожным павароце ты вельмі хутка прызвычайваешся шукаць яркія жоўтыя рыскі.

Ёран, швед, якога мы сустрэлі на Шляху, вельмі добра сказаў: «У дарозе да Сант’яга сустракаеш самога сябе, сустракаеш Бога праз прыгажосць створанага Ім свету, сустракаеш людзей і свет іх душаў». Самая праўдзівая праўда. Не ведаю, што з гэтага найбольш цікава. Пазнаеш сябе — бо вырываешся з прывычнай «лускі», па-за межы таго, якім цябе ствараюць абставіны, праца, сацыяльны статус, штодзённы асяродак, застаешся сам-насам з сабою, да здзіўлення не такім, якім прывык сябе ўспрымаць. Вывучаеш сябе, разглядаеш, вучышся жыць з самім сабою, слухаць сябе, выхоўваць і любіць. Гэта непаўторны досвед. Менавіта дзеля гэтага многія, як Ёран, праходзяць Шлях у адзіноце.

Амаль усе мястэчкі на Шляху (на тым адрэзку, якім ішлі мы, ужо не засталося вялікіх гарадоў, але, вандруючы ад пачатку, мінаеш Памплону, Бургос, Леон…) цесна з ім звязаныя: тут пілігрымы начавалі, харчаваліся, шукалі ратунку ад нападаў. Адна за адной сустракаюцца вясковыя каменныя капліцы для падарожнікаў, яшчэ сярэднявечнай пабудовы, часцей, на вялікі жаль, зачыненыя, бо месцічы ўжо даўно маюць магчымасць наведваць вялікі касцёл у бліжэйшым горадзе. Але некаторыя, напрыклад, у О’Сэбрэйра, самі па сабе — месца пілігрымкі. Зімою 1300 года нейкага бэнэдыктынскага манаха падчас святой Імшы ўзялі сумневы наконт прысутнасці жывога Хрыста ў Гостыі і віне. Вокамгненна Гостыя ператварылася ў Цела, а віно стала Крывёю і вылілася на карпарал. Да гэтых часоў рэліквіі захоўваюцца ў тым самым касцёле...

Шлях праходзіць праз горную Галісію, дзе асабліва востра ўспрымаеш прыгажосць стварэння. Цешыцца вока і душа прастораю, паветрам, горнымі краявідамі, хваёвымі і эўкаліптавымі лясамі. Добра паласавацца вялізнымі ажынамі, грэцкімі арэхамі або дзікім вінаградам, што растуць на Шляху. Пачынаеш разумець пустэльнікаў старажытнасці, якія сыходзілі шукаць Бога ў горы і пустэльні, тут гэта і сапраўды прасцей. Калі глядзіш на свет зверху, бачыш яго трошкі інакшым...

І, безумоўна, не можа быць Шляху без людзей. І тых, хто ішлі ім за стагоддзі да цябе, тых, хто застаўся на ім (шмат сустракаецца крыжоў і помнікаў пілігрымам, якія не дайшлі да мэты), і тых, хто цяпер дзеліць Шлях з табою. З розных краінаў, з усіх куткоў свету. Усмешкі, размовы, традыцыйнае тут пажаданне «добрага шляху!» — «Buen Camino!» Некаторыя з гэтых людзей становяцца тваімі добрымі анёламі і нібы выпадкова даюць адказ на пытанні, які ты даўно шукаў, дапамагаюць, шчодра дзеляцца сабою: досведам, думкамі, радасцю, становяцца амаль роднымі.

Нарэшце шлях скончаны, мэта дасягнутая. Але, сапраўды, як кажа старажытнае благаслаўленне пілігрымаў да Сант’яга: «Калі заканчваецца шлях, ён пачынаецца». Выйшаўшы з катэдры ў горадзе святога Якуба, гэта бачыш асабліва ясна.


Юлія Шэдзько, Мінск.
Фота Вольгі Мускай і Раісы Зянюк.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла