Благаслаўленне пілігрыма на шляху да Сант’яга

Благаслаўлёны ты, пілігрыме, калі адкрыеш, што шлях расплюшчвае твае вочы для нябачнага.

Благаслаўлёны ты, пілігрыме, калі цябе турбуе не тое, каб дайсці, але каб дайсці ўсім разам.

Благаслаўлёны ты, пілігрыме, калі сузіраеш шлях і адкрываеш, што ён поўны імёнаў і світанкаў.

Благаслаўлёны ты, пілігрыме, бо зразумеў, што сапраўдны шлях распачынаецца, калі заканчваецца.

Благаслаўлёны ты, пілігрыме, калі ў тваім заплечніку ўсё менш рэчаў, а тваё сэрца не можа змясціць усіх пачуццяў.

Благаслаўлёны ты, пілігрыме, калі адкрываеш, што адзін крок назад, каб дапамагчы іншаму, каштуе больш, чым сто крокаў наперад, калі ты не глядзіш навокал.

Благаслаўлёны ты, пілігрыме, калі табе не стае словаў, каб дзякаваць за ўсё, што здзіўляе цябе за кожным паваротам шляху.

Благаслаўлёны ты, пілігрыме, калі шукаеш праўды і робіш свой шлях жыццём, а жыццё — шляхам, шукаючы таго, хто сам з’яўляецца Дарогаю, Праўдаю і Жыццём.

Благаслаўлёны ты, пілігрыме, калі на шляху сустракаеш самога сябе і дорыш сабе час, не спяшаючыся, каб дбайна вывучаць сваё сэрца.

Благаслаўлёны ты, пілігрыме, калі адкрыеш, што на шляху шмат цішыні, а ў цішыні — шмат малітвы, а ў малітве — сустрэча з Айцом, які заўсёды чакае цябе.

Алехандро Фернандэс Баррахон, брат мэрсэдарый

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней