Евангелле міласэрнасці, аб’яўленае ў Езусе Хрысце.

Як быць апосталам міласэрнасці ў сучасным свеце?*


<...> Міласэрнасць як найважнейшая з Божых рысаў — настолькі вялікая і неспасцігальная таямніца, што чалавечы розум не ў стане яе спазнаць і да канца зразумець. Вучэнне аб ёй мы чэрпаем з Божага Аб’яўлення. Пасланне Божай міласэрнасці перш за ўсё змешчана на старонках Бібліі. Усё Святое Пісанне прасякнута яе ідэяй. <...>

Божая міласэрнасць з’яўляецца вялікім знакам любові, у якой Бог спаўняе самыя важныя просьбы кожнага чалавека, бо Ён любіць усіх. Нездарма Езус гаворыць: «Калі ў кагосьці з вас, бацькі, сын папросіць рыбы, ці той дасць яму замест рыбы змяю? Або, калі папросіць яйка, дасць яму скарпіёна? Калі ж вы, будучы благімі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто просіць у Яго» (Лк 11, 11–13).

<...> У энцыкліцы Dives in misericordia благаслаўлёны Ян Павел ІІ звяртае ўвагу на патрэбу даваць сведчанне аб Божай міласэрнасці як аб галоўнай задачы місіі Касцёла ў сучасным свеце2.

Але як быць апосталам міласэрнасці ў сучасным свеце? З аднаго боку, мы бачым, што свет мае патрэбу ў пасланні Божай міласэрнасці, якое адначасна стане заклікам да большага даверу, змешчанага ў словах: «Езу, давяраю Табе!». Для Бога ўсё магчымае!

З іншага боку, гэта заданне нялёгкае, бо сучасны секулярызаваны свет усё больш супраціўляецца ідэі міласэрнасці. Ён лічыць яе праяваю слабасці, а сучасны чалавек хоча быць моцным, аўтаномным, незалежным, свабодным і самастойным. Часта міласэрнасць акрэсліваецца як праява філантропіі.

Згодна з вучэннем Яна Паўла ІІ, місія абвяшчэння Божай міласэрнасці перш за ўсё выяўляецца ў вызнаванні праўды пра тое, што Бог — гэта Міласэрнасць, і ў праслаўленні Бога Міласэрнасці. Наступнае заданне заключаецца ў  здзяйсненні ўчынкаў міласэрнасці, а потым — у малітве аб міласэрнасці для свету3.

Зыходнаю кропкаю ўсялякай дзейнасці ў сферы апостальства Божай міласэрнасці з’яўляецца вызнаванне веры ў міласэрнага Бога. Без гэтага ўчынкі міласэрнасці становяцца звычайнай філантропіяй, якою можа займацца нават няверуючы чалавек. Тым часам хрысціянская міласэрнасць вынікае з таямніцы багатага на міласэрнасць Бога (пар. Эф 2, 4), пераўзыходзіць усялякую філантрапічную дзейнасць, якая не патрабуе ўкаранення ў Богу. Таму апостальства Божай міласэрнасці трэба распачынаць ад вызнавання веры ў Божую міласэрнасць. Як няма збаўлення без веры, так і апостальства міласэрнасці не можа быць без яе.

<...> Сустрэча з Богам Міласэрнасці і бачанне Яго праз веру знаходзіцца ў цэнтры вучэння Касцёла4. Гэта з’яўляецца ключом да пазнання Бога, аб’яўленага ў Хрысце, і да адкрыцця годнасці чалавека, створанага па Божым вобразе і падабенстве. «Хто бачыў Мяне, бачыў Айца» (Ян 14, 9), — гаворыць Хрыстус. Сузіранне міласэрнага аблічча Хрыста набліжае да Бога Айца, сутнасць якога — міласэрнасць.

Праз абвяшчэнне Божага слова Касцёл вядзе людзей да крыніцаў Божай міласэрнасці, якімі з’яўляюцца Эўхарыстыя і сакрамэнт паяднання5 як дар ўкрыжаванага і ўваскрослага Хрыста. «Эўхарыстыя набліжае да любові, якая мацнейшая за смерць»6, — вучыць Ян Павел ІІ. Таму галоўнаю ўмоваю абвяшчэння Божай міласэрнасці з’яўляецца ўдзел у Эўхарыстыі. Ужо сам яе абрад паказвае бязмежную любоў Бога, які аддаў свайго Сына для збаўлення свету (пар. Ян 3, 16).

Сакрамэнт пакаяння, у якім кожны чалавек можа спазнаць любоў, мацнейшую за грэх, адкрывае шлях да сустрэчы з міласэрным Богам7.

Мой асабісты вопыт працы на Усходзе ў часы пераследу за веру дазволіў пазнаць вялікую сілу Божай міласэрнасці. Людзі ехалі не толькі за сотні, але за тысячы кіламетраў, каб сустрэцца са святаром, паспавядацца і прыняць святую Камунію. <...>

Вызнаваць веру ў Божую міласэрнасць і праслаўляць яе трэба ў штодзённым жыцці. Ян Павел ІІ падкрэслівае, што чалавек здольны пазнаць міласэрную любоў Бога ў такой ступені, наколькі сам ён можа быць міласэрным да іншых8. Міласэрная любоў яднае і ўзвышае людзей ва ўзаемаадносінах, мяняе таго, хто адорваецца, і таго, хто адорвае. Наследуючы прыклад Хрыста, хрысціянін павінен здзяйсняць учынкі міласэрнасці такім чынам, каб яны рабіліся пад уплывам бескарыслівай любові. Толькі тады яны стануць актам міласэрнасці, адкрытым на Бога і на выяўленне сапраўднай годнасці чалавека, які здольны дзяліцца любоўю.

Папа Бэнэдыкт ХVІ у энцыкліцы Deus caritas est нагадвае, што хрысціянін можа фармаваць лепшы свет, калі робіць дабро асабіста і з поўнай адданасцю. Праграма хрысціянскай любові грунтуецца на ўчынку самарытаніна, які бачыць патрэбы чалавека і здзяйсняе канкрэтныя ўчынкі9.

Апостальства Божай міласэрнасці павінна быць напоўнена малітваю, якая з’яўляецца заклікам аб Божай міласэрнасці перад абліччам зла, што навісла над чалавецтвам і пагражае яму10. Перад небяспекаю працэсаў секулярызацыі, адыходу ад веры ў Бога і нават жыцця «як бы Бога не было» Касцёл мае абавязак маліцца аб міласэрнасці як аб знаку надзеі для кожнага чалавека. <...>

Перакананне ў патрэбе малітвы аб міласэрнасці падштурхнула Яна Паўла ІІ абвясціць свята Божай міласэрнасці. Гэта з’яўляецца плёнам жывой веры, глыбокай рэфлексіі над таямніцаю Божай міласэрнасці і вялікай любові да людзей, якія страцілі Бога і сэнс жыцця.

Пасланне Божай міласэрнасці з’яўляецца вельмі неабходным і пераканальным адказам, які Бог пажадаў даць на пытанні і чаканні людзей нашага часу. Нездарма Езус сказаў святой Фаўстыне: «Не знойдзе чалавецтва заспакаення, пакуль не звернецца з даверам да Маёй міласэрнасці»12. Божая міласэрнасць — гэта пасхальны дар, які Касцёл атрымлівае ад Хрыста і ахвяруе чалавецтву.

<...> Нездарма Ян Павел ІІ падчас кансэкрацыі базылікі Божай міласэрнасці ў Кракаве (Лагеўніках) пранікнёна казаў: «Як жа моцна патрэбна сёння свету Божая міласэрнасць! На ўсіх кантынентах з глыбіняў людскога цярпення, здаецца, узносіцца маленне аб міласэрнасці»13, бо насуперак усёй арганізаванай пагардзе да чалавека і павелічэнню зла Божая міласэрнасць была і застаецца крыніцаю надзеі і сілаю для жыцця.

Няхай гэты, ужо ІІ Сусветны кангрэс Божай міласэрнасці, стане, паводле словаў Яна Паўла ІІ, новым заахвочваннем да таго, каб быць апосталамі  — у словах і ва ўчынках — Божай міласэрнасці, да канца аб’яўленай у Езусе Хрысце. Няхай вядзе да аднаўлення веры ў Божую міласэрнасць, да яе праслаўлення, да ўчынкаў міласэрнасці і да малітвы ў няпростай сітуацыі нашага жыцця. Няхай зробіць сучасны свет больш адкрытым на праўду, што словы з абраза Езуса Міласэрнага: «Езу, давяраю Табе!» паказваюць сучаснаму чалавеку шлях для будавання больш чалавечнага свету.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

 

* Урыўкі з рэферата, прачытанага ў Кракаве падчас II Сусветнага кангрэсу, прысвечанага Божай міласэрнасці.

 


1 http://www.milosierdzie.us/art_id=14
2 Пар. Jan Paweі II. Encyklika «Dives in misericordia» (DM), 12.
3 Тамсама.
4 Пар. DM, 13.
5 Тамсама.
6 Тамсама.
7 Тамсама.
8 Пар. DM, 14.
9 Benedykt ХVI . Encyklika «Deus Caritas est», 31.
10 Пар. DM, 15.
12 Bіogosіawiona s. M. Faustyna Kowalska. «Dzienniczek. Miіosierdzie Boїe w duszy mojej». Wydawnictwo Ksiкїy Marianуw. — Warszawa, 1993.
13 http://www.vatican.va/holy_father/john_paul_ii/homilies/2002/documents/hf_jp–ii_hom_20020817_ shrine–divine–mercy_pl.html

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней