Вялікая фацімская навэнна

13 мая 2011 г. распачаўся трэці год Вялікай фацімскай навэнны, якая з’яўляецца часам падрыхтоўкі да 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме. Сэнс гэтай падрыхтоўкі не ў тым, каб з яе дапамогаю проста адзначыць гадавіну гістарычнай падзеі. Фацімскія аб’яўленні — гэта заклік, звернуты да кожнага сучаснага чалавека, а святкаванне іх 100-гадовага юбілею павінна стаць... яшчэ адной формай гэтага закліку.

Вялікая фацімская навэнна распачалася 13 мая 2009 года і працягнецца да 13 мая 2017 года. Навэнна — гэта малітоўная практыка, якая заключаецца ў чытанні пэўных малітваў на працягу дзевяці адзінак часу (дзён, месяцаў, гадоў).   Але Вялікая фацімская навэнна, апрача гэтага, прадугледжвае імкненне веруючых з’яднаць усе сэрцы, якія любяць Марыю, каб супольна дапамагаць сучаснаму свету пазнаваць фацімскія пасланні і адказваць на просьбы Маці Божай.

Нягледзячы на тое, што навэнна працягваецца ўжо трэці год, да яе ў любы час можа далучыцца кожны, хто жадае маліцца і працаваць дзеля Марыі, дзеля спаўнення сказаных Ёю словаў: «Езус хоча, каб Мяне больш ведалі і любілі».

Для таго, каб удзельнічаць у Вялікай фацімскай навэнне, трэба выконваць наступныя ўмовы:

1. Маліцца Ружанец, лепш за ўсё кожны дзень.
2. Удзельнічаць у набажэнствах першых суботаў месяца.
3. Свядома прысвяціць сябе Беззаганнаму Сэрцу Марыі.
4. Чытаць малітву Вялікай фацімскай навэнны (напр., раз у тыдзень).
5. Удзельнічаць у фацімскіх набажэнствах у трынаццаты дзень месяца (гэтая ўмова не з’яўляецца абавязковаю).
6. Больш пазнаваць Марыю: чытаць адпаведную літаратуру і вучыцца ўсё мацней любіць Яе ў штодзённым жыцці.

Час навэнны падзелены на асобныя перыяды паводле найважнейшых ідэяў фацімскага паслання, таму кожны год у рамках навэнны веруючыя разважаюць на тэму аднаго з заклікаў, якія Бог кіруе да нас праз Беззаганнае Сэрца Марыі. Дэвіз трэцяга года навэнны — «Больш, чым часовасць: ёсць неба, ёсць пекла, ёсць чысцец».

Матэрыялы, неабходныя для ўдзелу ў Вялікай фацімскай навэнне (кнігі, брашуры, малітоўнікі, тэматычныя разважанні), можна замаўляць у Фацімскім сакратарыяце па наступным адрасе:


Sekretariat Fatimski
Os. Krzeptуwki 14
34-500 Zakopane
Polska

tel. (0-18) 206 64 20
e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла