Дар мудрасці

Трыццаць другая звычайная нядзеля — 6 лістапада 2011 г.
Чытанні: Мдр 6, 12–16; Пс 63 (62), 2. 3–4. 5–6. 7–8 ; 1 Тэс 4, 13–14
Евангелле паводле Мацвея 25, 1–13

У сённяшнім урыўку з Евангелля Пан Езус параўноўвае Нябеснае Валадарства з дзесяццю паннамі. Тыя з іх, што былі мудрыя, узялі з сабою акрамя светачаў і запас алею для іх, неразумныя ж узялі толькі светачы. Вынік быў відавочны: неразумныя панны не сустрэлі жаніха святлом, што ззяла са светачаў.

Аднак прыпавесці Пана Езуса не кажуць пра відавочнае — у сваёй простасці яны хутчэй з’яўляюцца даведнікам. Яны тлумачаць, як жыць поўняю Божага Валадарства. Калі так, трэба, як на мапе, разабрацца, што значаць згаданыя сімвалы. Што такое алей, якога не хапіла неразумным паннам?

Можна думаць, што размова ідзе проста пра Божую ласку, аднак прымаецца іншае тлумачэнне. Каментатары габрэі з часоў Езуса бачылі ў аліўкавым алеі сімвал добрых учынкаў. Чым жа ёсць добрыя ўчынкі, як не Божаю ласкаю, прынятаю чалавекам? Вобраз аліўкавага алею ідэальна да гэтага пасуе. Аліўкавы алей — поўня Божых дароў, дотык Яго любові ў цёплых сонечных промнях, у вадзе, якая нясе жыццё, у зеляніне аліўнага дрэва. Але гэты дар свядома прыняты чалавекам: плады алівы трэба было сабраць, змайстраваць прэс, выціснуць алей. Усё было ласкаю Божаю, злучанаю з мудрасцю земляроба, дзякуючы якой ён ведаў, як апрацоўваць аліўкі, каб атрымаць алей. Але гэта і сапраўдныя чалавечыя ўчынкі, згода на тое, каб Божая ласка дзейнічала ў ім і праз яго.

Бог, які адорвае нас сваімі дабротамі, дае нам таксама і вольную волю. Ён хоча, каб мы былі не марыянеткамі, а супрацоўнікамі, здольнымі любіць. Таму мы можам прыняць Яго дары або адкінуць іх. Нас ні да чаго не прымушаюць, але кожнае нашае «не» чыніць нас больш мізэрнымі. Таму так істотна прасіць аб дары мудрасці, каб у штодзённым жыцці мы ведалі, як выбіраць дабро і пазбягаць зла.


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла