«А вы кім лічыце Мяне?»

Падчас гаміліі на святочнай Імшы, якая стала кульмінацыяй Сусветных дзён моладзі ў Мадрыдзе, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI разважаў над урыўкам з 16 раздзела Евангелля паводле Мацвея. Там Езус пытаецца ў вучняў: «А вы кім лічыце Мяне»? Словы святога Пятра сталі першым вызнаннем веры ў Хрыста: «Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога...»

Тыя, хто ўжо прымаў удзел у Сусветных днях моладзі ў Сіднэі і Кёльне, і яшчэ раней, згодзяцца са мною — гэта непаўторны досвед і магчымасць маліцца разам, пазнаваць культуру і светапогляд іншых народаў, у адным месцы і ў адзін час зазірнуць за душэўную заслону людзей з розных кантынентаў. Гэта дае моцнае адчуванне еднасці розных людзей у адной веры, адной надзеі на збаўленне і аднаўленне нашага жыцця і адной любові да Хрыста, а таксама ўмацоўвае жаданне сведчыць пра гэтую любоў.

Мы, сённяшняя беларуская моладзь, не перажываем такіх ганенняў на хрысціянаў, якія былі ў нашай краіне ў сярэдзіне мінулага стагоддзя і якія перажываюць цяпер хрысціяне Індыі і краінаў Бліжняга Усходу. Аднак, азіраючыся на гісторыю хрысціянства, мы ўпэўніваемся, што такія ганенні не могуць зламаць ці знішчыць хрысціянства, а толькі ўмацоўваюць яго. Нашмат больш страшнае занядбанне веры ў краінах, дзе хрысціянства складае значную частку нацыянальнай свядомасці, дзе фармальна яно ёсць, але яго няма.

Першыя дні ў Іспаніі мы правялі ў Мурсіі, на поўдні краіны, у межах Дзён дыяцэзій. Мне запомніліся шчырыя вечаровыя размовы з Пэдро і Пагі, якія прымалі нас з сяброўкаю ў сваёй сям’і. Пэдро штодня моліцца на Брэвіярыі, яны з Пагі выгадавалі чатырох дачок і добра памятаюць часы Франко, калі людзей ледзь не палкаю гналі на штодзённую святую Імшу. Гэта іншая крайнасць у адрозненне ад таго, што адбываецца цяпер. Пэдро кажа: «Іспанцы спяць, як і многія іншыя еўрапейцы, у тым, што датычыць веры». Пагі просіць маліцца за іх дачок, каб тыя таксама прыйшлі да веры, як моладзь, што прыехала на сустрэчу. Пэдро і Пагі, як і іншыя мясцовыя парафіяне, здзіўленыя нашымі «знакамі звычайнай пабожнасці». «Сорамна, але мы забыліся, як гэта: зайсці ў святыню і стаць на калені перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Вы нагадалі нам пра гэта... Такія сустрэчы моладзі патрэбныя, каб разбудзіць старую Еўропу, паказаць ёй жывы Касцёл, малады Касцёл, радасны і смелы. Маліцеся, каб Іспанія прачнулася». Пра гэта самае пазней казаў і папа Бэнэдыкт у сваёй гаміліі на галоўнай святой Імшы, заклікаючы задумацца, кім Хрыстус з’яўляецца для кожнага з нас, як мы гатовыя несці Яго імя ў свеце.

І тут, падчас сустрэчы моладзі ў Мадрыдзе, сведчанне жывой веры было патрэбнае і патрабавала пэўнай смеласці, перш за ўсё з прычыны маніфестацый супраць прыезду Папы і супраць правядзення самой сустрэчы. Пасля вялікай маніфестацыі ў цэнтры мадрыдскія газеты пісалі: «Людзей, якія прыехалі ў незнаёмы горад, у чужую краіну, ганьбяць толькі за тое, што яны маюць смеласць сведчыць сваю веру… Трагедыі ў цэнтры не адбылося дзякуючы цярпімасці католікаў... Хрысціянства — самая пераследаваная рэлігія ў свеце, і сёння мы бачым новых пакутнікаў хрысціянства…» Сцены каледжа, дзе жыла нашая група, у першы вечар сустрэлі нас надпісамі: «Існуе толькі бог грошай» і «Свабодны і бясплатны аборт для ўсіх». Дзіўна і балюча было бачыць такое ў краіне з найбагацейшай гісторыяй хрысціянства, якая адстойвала сваю веру на працягу 800 гадоў падчас Рэканкісты.

Нас з’ехалася ў Мадрыд каля двух мільёнаў — хто мог нам пашкодзіць? Мне здаецца, маніфестацыі, у адрозненне ад абыякавасці, гэта ў нечым добра, бо дазваляе ўбачыць праблемы грамадства, закранаць іх, размаўляць пра іх, вырашаць іх, лячыць… Мы шчаслівыя, бо мелі рэальную магчымасць сведчыць сваю веру, а таксама маліцца за гэтых людзей. Я ж асабіста не адчула ні каліва варожасці да сябе з боку мадрыдцаў, нават у сваім раёне імя Розы Люксембург, дзе кватаравала і дзе, як нам сказалі, жывуць прыхільнікі камунізму. Калі мы заблукалі там уначы, ніхто не адмовіўся паказаць дарогу, растлумачыць, нават намаляваць. Я паўсюль сустракала толькі ўсмешкі і радаснае «Bienvenidos!» — «Вітаем!». Але задаць сабе пытанне ўсё адно варта: кім я лічу Езуса? На што буду здольная, калі прыйдуць выпрабаванні? Ці не пахіснецца мая вера?

Сусветныя дні моладзі карысныя яшчэ і тым, што даюць магчымасць адчуць сябе часткаю паўсюднага Касцёла, калі людзі з розных куткоў свету дыхаюць і жывуць тым жа, чым ты цяпер жывеш і дыхаеш. Гэта дае падтрымку і дае моц вяртацца ў свой асяродак і не губляць гэтую паўсюднасць, не замыкацца на сваёй маленькай супольнасці, а пашыраць яе, каб станавіцца апосталамі новага часу і быць здольнымі вызнаць услед за святым Пятром: «Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога».

P.S. А яшчэ, калі мінуў тыдзень мадрыдскай фіесты, было поле Чатырох вятроў, дзе ўсе пілігрымы сабраліся разам. Было прывітанне Папы і дождж, які стаў сапраўдным благаслаўленнем для стомленых гарачынёю людзей. А пасля падчас адарацыі прыйшла цішыня. Два мільёны цішыні перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Эмоцыі могуць падманваць чалавека, але там было адчуванне глыбокай цішыні і супакою, разлітых навокал, а таксама сцішанасці духу, што здараецца больш рэдка. Кавалачак гэтай цішыні мы таксама прывезлі з сабою.


Юлія Шэдзько.
Фота Дарыюша Астасевіча.

{gallery}199-02{/gallery} 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней