Сведчанне веры і святасці

Сведчаннем веры назваў Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч казанне айца Вітальда Жэльветры на ўрачыстай святой Імшы ў касцёле святога Андрэя  ў Слоніме з нагоды 25-гадовага юбілею яго святарства.

І гэта сапраўды так, бо святару даводзілася ўласным жыццём з маленства да сталасці сведчыць аб прысутнасці Бога ў сваім жыцці. І хоць Маці Божая Вастрабрамская, а затым Жыровіцкая паказвалі яму цуды і ласку, аднак жыццёвыя цяжкасці зноў і зноў сведчылі, што Бог крочыць побач з айцом Вітальдам з самага дзяцінства. Ужо тады маленькі Вітальд ішоў «крыжовай дарогай», калі жаў жыта разам з маці і братам, ступаючы босымі нагамі па калючым іржышчы. Падчас працы яны гаварылі Ружанец да Маці Божай, просячы Яе апекі і падтрымкі, каб вытрываць. А Яна, Маці Божая Вастрабрамская, была побач, у Вільні, за 40 кіламетраў ад Ашмянскага раёна, дзе прайшло дзяцінства айца Вітальда. Вільня — гэта нашае сэрца, бо тут Вострая Брама, тут Маці Міласэрнасці. Менавіта ў Вільні ў 1934 годзе быў намаляваны абраз Езуса Міласэрнага паводле апісанняў святой Фаўстыны Кавальскай, якой аб’явіўся Збавіцель. Тады ж Езус прадыктаваў святой Вяночак да Божай Міласэрнасці.

Айцец Вітальд, пазнаёміўшыся яшчэ ў маленстве з абразом Маці Божай Міласэрнасці — Маці Божай Вастрабрамскай, адчуваў Яе апеку і падтрымку на працягу ўсяго жыцця. Яна бараніла сына нашай зямлі, якому наканавана было аднаму з першых аднаўляць святыні на Беларусі — 11 касцёлаў на Слонімшчыне. Ці ж гэта не цуд?

Касцёл Беззаганага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі — гэта тая святыня на Слонімшчыне, дзе амаль 25 гадоў назад пачыналася святарства айца Вітальда. Пачыналася на паўразвалінах, на апаганеных атэізмам святых месцах. Бальшавікі кінулі іх, калі давялі да знішчэння. Вернікі ўвесь гэты час слёзна прасілі Бога аб вяртанні святыняў і святасці роднай слонімскай зямлі. Айцец Вітальд быў знакам таго, што Бог нарэшце пачуў малітвы тых, каму не было больш на каго спадзявацца, акрамя Яго. У людзей з’явілася надзея на тое, што і на Слонімшчыне жыве Бог.

Айцец Вітальд пачаў адраджаць святасць у людскіх душах, сэрцах і зямлі калі яшчэ не былі створаны і зарэгістраваны структуры Касцёла на Беларусі. Менавіта мясцовыя вернікі разам са сваім святаром таемна збіраліся на св. Імшу, на катэхізацыйныя заняткі, кожны раз змяняючы час, каб чыноўнікі з гаркама партыі не выкрылі іх сустрэчы. Для католікаў гэта было самае небяспечнае месца ў Слоніме, бо насупраць касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі праз дарогу стаяў менавіта гаркам партыі. Аднак згуртаванне вернікаў праз свайго добрага пастыра, айца Вітальда, у Духу Святым праз Евангелле і Эўхарыстыю здзяйсняла адвечную Божую задуму: збаўленне грэшнікаў праз стварэнне супольнасці Божай — адной сям’і вернікаў, часткі народу Божага. Марылі аб памнажэнні духоўнага багацця чалавечай душы, тады ж пачалі думаць пра тое, што добра было б мець свайго біскупа, сваю дыяцэзію, манаскія супольнасці. Аб гэтым напісалі ў лісце, адасланым у Маскву. І ўжо праз некалькі гадоў, у 1991 годзе, папа Ян Павел ІІ утварыў Гродзенскую дыяцэзію на чале з біскупам Аляксандрам Кашкевічам. У той час у Слоніме з’явіліся манаскія жаночыя і мужчынскія супольнасці. Мужчынскі кляштар мясціўся каля касцёла св. Андрэя, але ад самога касцёла тады засталася толькі назва. Гэта былі разваліны, дзе стаялі сцены пад дзіравым дахам, усярэдзіне ляжала соль, якая знішчала галоўную святыню Слоніма. Назва касцёла сведчыць пра тое, што святыня паўстала ў ХІІ стагоддзі, бо менавіта ў той час усходнія хрысціяне давалі такія назвы сваім святыням. Ёсць меркаванне, што менавіта з гэтага часу распачалася летапісная гісторыя Слоніма. Тут, на Замосці, на Замкавай плошчы (цяпер плошча Сапегі), прыблізна ў 1490 годзе вялікім князем літоўскім і каралём польскім Казімірам Ягелончыкам быў пабудаваны першы ў Слоніме драўляны каталіцкі касцёл, тады ж тут узнікла першая каталіцкая парафія. У 1506 г. касцёл быў спалены крымскімі татарамі, але ў 1595 г. яго аднавіў Леў Сапега. Сучасны ж мураваны касцёл святога Андрэя, пабудаваны ў 1775 г., узняў з руінаў ксёндз Вітальд Жэльветра разам з мясцовымі парафіянамі ў 1990-я гады. Здаецца, што сама Маці Божая Жыровіцкая, абраз якой змешчаны ў алтары касцёла святога Андрэя з мноствам вотаў каля яго, апекавалася святаром, давала сілы на барацьбу з сатанінскаю цемраю.

І вось урачысты дзень 1 чэрвеня 2011 года... 25-гадовы юбілей святарства айца Вітальда, які паказвае святасць як узор штодзённага хрысціянскага жыцця. Вернікі ўсыпалі кветкамі дарогу ад касцёльнай брамы да святыні, на вачах людзей былі слёзы радасці і ўдзячнасці. Пасля св. Імшы людзі ішлі да свайго святара з кветкамі, з падарункамі. Каля алтарнай часткі касцёла, падпёршыся кіёчкам, стаяла старэнькая жанчына, якая глядзела на свайго святара, а слёзы ўсё ліліся і ліліся з яе вачэй. Яна не выцірала іх, не саромелася, а я падумала, што менавіта праз слёзы і пакуты вяртаецца святасць да маіх землякоў, бо на Беларусі Бог жыве побач са сваімі слугамі — святарамі, пастырамі чалавечых душаў, адным з якіх з’яўляецца айцец Вітальд Жэльветра.

Дык хай Вам шчасціць, шаноўны айцец Вітальд, хай Ваш жыццёвы досвед багацее на святасць, бо нашай зямлі вельмі патрэбныя сапраўды святыя святары, якія будуць асвячаць яе. Крочце па жыццёвай сцяжыне яшчэ многа-многа гадоў у вечнасць да Нябеснага Айца, асвячаючы грэшныя душы людзей і шматпакутную зямлю Беларусі сведчаннем асабістай веры і святасці!


Таццяна Трафімчык,
парафіянка касцёла
св. Андрэя ў Слоніме.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла