Святар ад Бога

Пахвалёны Езус Хрыстус!

Шаноўная рэдакцыя! У верасні нашаму паважанаму ксяндзу Эрвіну Вячорку споўнілася 50 гадоў, пятнаццаць з якіх ён прысвяціў нам.

Гэта спагадлівы, добразычлівы, ахвярны святар і чалавек. У яго заўсёды знойдзецца хвілінка выслухаць і старога, і малога, даць добрую параду. Здаралася, ідзеш да яго са сваёй праблемай і ловіш сябе на думцы: ну сама ж справішся, навошта тлуміць галаву ксяндзу, але ж не, трэба сказаць яму, а можа ён што параіць лепей.

Сваім прыкладам ён паказвае нам, як трэба пераадольваць цяжкасці, як цалкам давяраць Богу. Штодня ксёндз разам з намі разважае аб веры на прыкладах з жыцця святых, паказвае, як трэба сябе паводзіць у розных  абставінах. Ён адзін з тых Хрыстовых рыцараў, які шчыра абвяшчае Божую любоў і вельмі перажывае, калі нехта абыякава адносіцца да Бога.

Ксёндз Эрвін пакінуў на нашай роднай Клеччыне добрую і трывалую памяць, бо дзякуючы яму быў збудаваны касцёл, які ўзвышаецца ў горадзе і ўпрыгожвае яго сваёй веліччу. Кожная цаглінка гэтай святыні напамінае аб нашай каталіцкай веры і яе шчырым і адданым слузе — ксяндзу Эрвіну.

Нашыя поспехі мы дзелім з нашым духоўным настаўнікам і пастырам. Ён накіроўвае нас на тую сцежку, па якой можна ісці і размаўляць з Богам.

Да яго прыезду ў Клецк мы не мелі ні касцёла, ні пастыра ад часу заканчэння вайны. Наш былы касцёл быў адным з найпрыгажэйшых на землях ВКЛ і Рэчы Паспалітай. На сённяшні дзень яму было б больш за 560 гадоў, але яго разрабавалі ўжо ў 50-я гады мінулага стагоддзя. 52 гады асірацелыя католікі дабіраліся да бліжэйшых касцёлаў, каб атрымаць сакрамэнты, узяць шлюб ці пахрысціць дзяцей.

У 1996 годзе ў нас пачалося новае жыццё: з маленькай каплічкі вырас цудоўны касцёл. Мы ганарымся ім і заўсёды памятаем, хто за гэтым стаіць! Наш дарагі святар, ксёндз Эрвін, — адукаваны, шляхетны, інтэлігентны. Гэта чалавек з вялікай літары.

Шаноўны ксёндз Эрвін, Вы для нас назаўсёды застанецеся прыкладам служэння Богу і Касцёлу, бо тое, што вы зрабілі для нас, будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне нашым нашчадкам. Просім у Вас прабачэння за ўсе правіны і жадаем Вам Божага благаслаўлення, дароў Духа Святога і апекі Маці Божай, наш дарагі святар ад Бога.


Часлава Князева, Клецк.

{gallery}199-06{/gallery}

Цэтлікі: Нам пішуць

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней