Наследаваць Божую Маці

20 жніўня 2011 г. ў Браславе адбылася ўрачыстасць каранаванага два гады таму папскімі каронамі абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў. Як і штогод, свята прайшло з удзелам вялікай колькасці вернікаў Віцебскай дыяцэзіі, а таксама шматлікіх гасцей з усёй Беларусі і замежжа. Многія прыйшлі аддаць даніну пашаны Апякунцы краю пешкі.

Паводле сталай традыцыі, урачыстасці папярэднічала дыяцэзіяльнае спатканне моладзі, праграма якога гэтым разам уключала малітоўны, культурніцкі і спартыўны кірункі.

19 жніўня а 18-й гадзіне, напярэдадні ўрачыстасці, распачалося малітоўнае чуванне, цэнтральнай дзеяй якога стала святая Імша з удзяленнем сакрамэнту бежмавання. Імшу канцэлебравалі біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін і біскуп Шчэцінска-Каменьскі Блажэй Марыян Крушыловіч, літургію ўзначальваў ксёндз прэлат Эдвард Ахрамовіч. А 24-й гадзіне пачалася літургія ў інтэнцыі вечнай памяці спачылага кардынала Казіміра Свёнтка.

А 8-й гадзіне раніцы наступнага дня вернікі, госці свята, пілігрымы, святары, сёстры законныя мелі магчымасць узяць удзел у святой Імшы, якую цэлебравалі ксяндзы — нараджэнцы браслаўскай парафіі: марыяне, сальватарыяне, а таксама дыяцэзіяльныя святары.
Галоўная святая Імша адбылася ў гэты ж дзень а 11-й гадзіне. Яе ўзначальваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка, які заклікаў усіх прысутных ва ўсіх праявах імкнення да хараства найперш наследаваць Божую Маці, давяраць Езусу Хрысту і быць вернымі Богу як запаруцы пераадолення жыццёвых цяжкасцяў, што часам паўстаюць на нашым шляху.

Аб атмасферы і значнасці ўрачыстасці трапна сказаў адзін з яе ўдзельнікаў — пробашч новай віцебскай парафіі кс. Ежы Вільк, які дагэтуль працаваў менавіта на Браслаўшчыне: «Марыя ўсюды і заўсёды клапоціцца пра сваіх дзяцей незалежна ад таго, дзе Яе шануюць. Таму гэтак шмат людзей удзельнічала ў свяце. І ўжо няма сумневу, што Марыйны санктуарый у Браславе — гэткі ж значны Божы, каталіцкі асяродак, як і падобныя санктуарыі ў Будславе, у Меджугор’і, у Чэнстахове».

Урачыстасць, сапраўды, атрымалася прыгожая, і ў гэтым немалая заслуга гаспадароў санктуарыя — айцоў сальватарыянаў на чале з а. Лешкам Вітвіцкім і ўсіх браслаўскіх парафіянаў — гасцінных, пабожных людзей, для якіх апекавацца асобаю Маці Божай Валадаркі Азёраў — не толькі вялікі гонар, але і вялікая адказнасць.


Францішак Дубраўскі

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла