Развітальныя словы іерархаў Касцёла

Усе мы прыехалі сюды, каб праявіць салідарнасць з Каталіцкім Касцёлам і ўсімі, для каго першы кардынал на Беларусі быў сябрам, а, магчыма, і бацькам. Мы прыехалі, каб праявіць салідарнасць біскупаў і Касцёла Польшчы, а таксама памаліцца разам з вамі. Кардынал Казімір Свёнтэк быў для нас вельмі блізкім. Яшчэ больш блізкім ён стаў нам тады, калі пасля яго смерці сродкі масавай інфармацыі распавялі пра ўсё яго жыццё. Ён назаўсёды застанецца ў нашай памяці як выключны сведка Езуса Хрыста, можна сказаць, мучанік цяжкіх камуністычных або нацысцкіх часоў. Святы Айцец, цяпер ужо благаслаўлёны Ян Павел ІІ, калісьці назваў князя кардынала Стэфана Сапегу бацькам Айчыны, нязломным кардыналам. Сёння гэтыя словы можна аднесці і да кардынала Свёнтка. Я шмат гадоў быў побач са Святым Айцом і бачыў яго любоў да вашага народа. Ён вельмі клапаціўся пра вас на працягу ўсяго свайго пантыфікату, а потым, калі прыйшла свабода, стараўся садзейнічаць аднаўленню вашага Касцёла. І знайшоў чалавека, на якім мог адбудаваць Касцёл, знішчаны ў час камуністычнага пераследу. Гэтым чалавекам быў ксёндз Казімір Свёнтэк, з якім Папа пазнаёміўся ў Рыме і, можна сказаць, пасябраваў, а пасля прызначыў біскупам і надаў кардынальскую годнасць. Першага кардынала на Беларусі можна назваць аднаўляльнікам, новым будаўніком Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Абяцаю нашу малітву за душу святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка, магу сказаць, таксама і майго сябра.


Кардынал Станіслаў Дзівіш, Мітрапаліт Кракаўскі



Кардынал Казімір Свёнтэк захапіў мяне сваёй энергічнасцю і пачуццём гумару...

Ён быў сапраўдным абаронцам веры. Ён быў сведкам веры і любові да Бога. Ён паказаў вялікую любоў да беларускага народа: захацеў застацца тут, каб служыць людзям у цяжкія часы. Як я ўжо не раз падкрэсліваў, кардынал Свёнтэк адбудаваў не толькі будынак касцёла, ён адрадзіў веру ў душах людзей. Ён часам гаварыў, што «мы з Усходу», за які церпім, каб адрадзіць веру ва ўсёй Еўропе, бо цяперашняя Еўропа шмат пакутуе, мае вялікія праблемы з матэрыялізмам, якія мы бачым у заходнім забяспечаным грамадстве. Таму ён для мяне з’яўляецца прыкладам вернасці Касцёлу, сведкам вялікай надзеі. Не ўсё яшчэ згублена. Мы можам усё адбудаваць, можам маліцца і працаваць, каб адрадзіць святло веры ў душах людзей. І ён быў прыкладам у гэтым. Ён заўсёды ішоў наперад, не страчваючы надзеі, маючы добрае пачуццё гумару і энтузіязм. І дзяліўся гэтым са святарамі і вернікамі не толькі тут, у Беларусі, але і з Касцёлам у Еўропе і ў іншых краінах свету. Мы павінны вучыцца ў яго мужнасці і вытрываласці. Я захапляюся ім і глыбока паважаю яго. І я думаю, што сёння ён з неба выпрошвае ласкі для нас.


Кардынал Аўдрыс Бачкіс, Мітрапаліт Віленскі




Кардынал меў вельмі вялікі давер да Бога на працягу ўсяго жыцця. Увесь час ён успамінаў, што стаў святаром дзякуючы біскупу Зыгмунту Лазінскаму, які вёў яго праз усё жыццё і дапамагаў яму...

Напэўна, кардынала ён будзе падтрымліваць ужо там, у вечнасці, і кардынал, думаю, ужо спаткаўся са сваім настаўнікам і кіраўніком, да якога пры вырашэнні цяжкіх пытанняў і крокаў заўсёды звяртаўся. Ён вельмі часта ўспамінаў, што біскуп Лазінскі дапамагае яму, натхняе, суправаджае па жыцці, спрыяе ў вырашэнні цяжкіх і заблытаных справаў. Мы верым у еднасць святых, у тое, што гэтыя два біскупы сустрэліся ў небе, і, напэўна, святой памяці кардынал будзе таксама апекавацца Касцёлам у Беларусі з Дому Айца. Маем на гэта надзею, але і молімся аб супакоі яго душы.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч, Ардынарый Гродзенскі



Кардынал Свёнтэк — гэта чалавек, які заўсёды ўмеў дадаць аптымізму кожнаму чалавеку. З найстарэйшым беларускім іерархам звязана цэлая эпоха пераследу, а затым — адраджэнне і развіццё Касцёла...

Кардынал застанецца для нас сімвалам вернасці і адданасці Богу. Ён да канца застаўся верным свайму пакліканню, нягледзячы на шматлікія жыццёвыя выпрабаванні.


Біскуп Уладзіслаў Блін, Ардынарый Віцебскі




Можна з вялікай упэўненасцю сказаць, што ад самога пачатку майго паклікання святой памяці кардынал Свёнтэк быў найперш маім духоўным настаўнікам, а потым старэйшым супрацоўнікам. Ён быў сапраўдным, мужным Божым Слугою і сведкам веры. Асабіста для мяне святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк застанецца назаўсёды прыкладам добрага пастыра.


Дапаможны бiскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец



Кардынал Казімір Свёнтэк застанецца ў маёй памяці як выбраны з нямногіх святароў, якому Бог дазволіў убачыць адраджэнне веры ў сэрцах людзей пасля ночы атэізму. Больш за тое, Бог даў кардыналу прыняць удзел у адраджэнні структураў партыкулярнага Касцёла як арцыбіскупу Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму і першаму старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Ён служыў у Касцёле, за які з іншымі духоўнымі, кансэкраванымі і свецкімі асобамі ў свой час многа цярпеў фізічна і маральна, захаваўшы пры гэтым веру ў Бога і давер да чалавека.


Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка



Ні дзесяцігоддзі лагераў, ні іншыя нягоды і беды не змаглі зламаць яго волю і жаданне абвяшчаць свету аб Збаўленні і сведчыць сучаснікам аб Божай Міласэрнасці...

Заклікі да цярпення пакутаў і любові да сваіх ворагаў гучалі з яго вуснаў асабліва пераканаўча і сцвярджальна, бо казаў ён ад усяго сэрца, ад асабіста ім перажытага і выпакутаванага.

Спачылы кардынал Казімір зрабіў вялізны ўклад у развіццё добрасуседскіх адносінаў паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і Рыма-каталіцкім Касцёлам у Беларусі.

Патрыяршы Экзарх
усяе Беларусі
Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла