«Большы з вас няхай будзе слугою для вас...»

Трыццаць першая звычайная нядзеля — 30 кастрычніка 2011 г.
Чытанні: Мал 1, 14b–2b. 8–10; Пс 131 (130), 1. 2–3.; 1 Тэс 2, 7b–9. 13
Евангелле паводле Мацвея 23, 1–12

Аднак часта многія кіруюцца зусім не гэтай парадай, а бяруць прыклад з кніжнікаў і фарысеяў, якія занялі пасад Майсея, навязваюць іншым сваю волю, любяць, каб іх слухалі, каб захапляліся імі, хочуць быць настаўнікамі. Не трэба забывацца, што званне хрысціяніна асноўваецца не на пашане з боку людзей, не на пасадах і высокіх тытулах, а на тым, каб з пакорай і любоўю прыносіць карысць сваім братам і сёстрам, заўважаючы ў іх Божых дзяцей, а нават і самога Хрыста.

Хрысціянін бачыць шчасце ў тым, што можа дапамагаць бліжняму, прыносіць яму радасць. І не абавязкова гэта мусяць быць нейкія вялікія справы, у якіх, на жаль, часта хаваецца тое ж фарысейства. Калі чалавек чыніць з любові да Бога і бліжніх сапраўднае дабро, не прыпісваючы яго сабе, усведамляючы, што адзінай крыніцай усіх дабротаў з’яўляецца толькі Бог, гэтым самым ён набліжаецца да Адвечнай Праўды, аддае належную хвалу Створцы і ўваходзіць ў веліч Таго, хто прыйшоў у гэты свет, каб служыць і аддаць жыццё за многіх.


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла