Ксёндз Баляслаў Брычкоўскі

Баляслаў Іосіфавіч Брыч­коў­скі нарадзіўся ў 1909 г. у маёнтку Міхалова Стаўбцоўскага раёна. Яго бацька быў арандатарам. Ён арандаваў маёнтак Міхалова ў Філіповічаў. Сям’я Брычкоў­скіх была вельмі вялікая, у ёй гадавалася 8 дзяцей. Бацька прытуліў таксама яшчэ дзяцей двух сваіх братоў — агулам выходзіла  шаснаццаць чалавек.

Маці і бацька былі вельмі веруючымі людзьмі і часта бралі Баляслава ў касцёл. Яму падабалася маліцца ў касцёле. Аднойчы ён вырашыў зрабіць у лесе капліцу: звязаў бярозкі, зрабіў алтар і штодзённа вадзіў туды дзяцей. Ён апранаўся, як святар, «праводзіў» св. Імшу, пра­маў­ляў «казанне». Вось такія ў яго былі гульні, пакуль не пайшоў у школу.

Баляслаў вучыўся ў пачатковай школе ў вёсцы Ціханава Слабада. Ужо ў той час хлопец гаварыў, што будзе каталіцкім святаром. Пасля заканчэння школы ён паступіў у Наваградскую гім­назію. Але здарылася вялікае ня­шчасце — памёр бацька. Маці засталася з дзецьмі без дома і зям­лі, яна не магла далей пла­ціць за вучобу. Тады Баляслаў пайшоў са сваім горам да рубяжэ­віцкага ксяндза Тарасевіча, які паспрыяў яму. Пасля вучобы ў Наваградскай гімназіі ён па­ступіў ў Пінскую духоўную семінарыю. Вучыўся будучы святар вельмі добра і старанна. У 1936 годзе закончыў вучобу.

Адразу пасля святарскага пасвячэння ксяндза Баляслава Брычкоўскага накіравалі працаваць вікарыем у Бярозу Картузскую. Працаваў ён там нядоўга. У 1937 годзе яго прызначылі про­башчам парафіі ў Крывошыне Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Ён быў там вельмі паважаным чалавекам. Парафія была невялікая. Касцёла там не было — яго аддалі пад царкву. Католікі мелі капліцу ў тым доме, дзе жыў ксёндз, яна займала палову дома. Парафіяне маглі ез­дзіць у касцёл у Ліпск (5 км), Востраў (10 км), Гарадзішча (12 км). Ксёндз Баляслаў цэлебраваў святую Імшу ў Крывошыне, ездзіў таксама ў іншыя касцёлы. Праца была цяжкая, але ён сумленна выконваў усё, што яму належала. Відаць, за гэта яго лю­білі і католікі, і праваслаўныя. 

Але надышоў 1939 год: ксёндз Брычкоўскі вымушаны быў вы­зваліць капліцу і дом. Ня­гледзячы на тое, што лютавала зіма, ён выканаў загад і пера­ехаў у Гара­дзішча, дзе быў драўляны касцёл. Там ён распачаў працу. У 1940 годзе, на Вялік­дзень, ваен­камат даслаў яму павестку ў армію. Ноччу кс. Баля­слаў правёў набажэнства, а на сві­танні накіраваўся ў ваенкамат, але служыць у арміі яму не давялося. 

Пасля пачалася вайна, і ў 1942 годзе ксян­дза арыштавала гестапа, дазволіўшы перад гэтым апошні раз цэлебраваць святую Імшу. Усе лю­дзі вельмі плакалі. Ксёндз Баляслаў гаварыў, што ён ні ў чым не вінаваты. Святара завезлі ў Баранавічы, а затым у Калдычэўскі лагер смерці, дзе атруцілі газам.

 

Запісала Святлана Адамовіч, бібліятэкар са Стоўбцаў.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла