Шчаслівы час ласкі

Не ўсе іх разумеюць. Адны дзівяцца: вось не надакучыць жа ім штогод мераць зямлю ўласнымі нагамі! Другія паблажліва пасмейваюцца: як няма чым заняцца, дык няхай сабе паходзяць, паспяваюць. Трэція настроеныя больш непрыймальна і нават агрэсіўна: і чаго швэндаюцца то там, то тут са сваім крыжам? Гэтыя, з апошніх, могуць і пальцам каля скроні пакруціць, убачыўшы калону пілігрымаў з крыжам на чале ды з харугвамі. 

А пілігрымы ідуць сабе далей, кіламетр за кіламетрам, ад вёскі да вёскі, ад ранішняй малітвы да Ружанца, ад літаніі, Крыжовага шляху да святой Імшы, якая цэлебруецца часта пад адкрытым небам, на імправізаваным алтары з каменняў, а то ў бліжэйшым на пілігрымскім шляху касцёле ці капліцы. Чаго шукаюць, пра што прагнуць расказаць Богу, для каго імкнуцца выпрасіць у Яго благаслаўлення гэтыя людзі штогод у пілігрымках ці то ў Будслаў, ці ў Росіцу, Гудагай, Тракелі, Вільню?..

Дзякаваць Богу, славіць Яго

Памятаю, як цяпер ужо святой памяці айцец марыянін Люцыян Паўлік, сустракаючы моладзевую пілігрымку з Друі ў Будслаў, і сам сказаў нечакана молада:

— Вы, маладыя, награшыць яшчэ, мабыць, моцна не паспелі і таму прабачэння за свае памылкі ды грахі, можа, і няшмат просіце. Дык дзякуйце Богу за сваю маладосць, за дар веры, з якім ідзяце гэтым шляхам, слаўце Яго песнямі!

І гэта цудоўна, калі наша моладзь славіць сваімі песнямі Бога! Не сябе, не хуткаплынныя радасці ды ўцехі, не кароткачасовыя задавальненні, якія пад­кідвае ёй на кожным кроку су­часны свет,  але славіць свайго Створцу і Яго вечныя каштоўнасці.

Вядома, у пілігрымках, асабліва ў моладзевых, лёгка збіцца на аблегчаны, гарэзлівы і нават фрывольны тон.  Але на тое і ёсць духоўныя кіраўнікі, каб не дапусціць гэтага, а напоўніць пілі­грымскі час глыбокім зместам.

Ведаю беззаконні мае...

Як па мне, дык найпрыгажэйшы момант пілігрымкі для кожнага яе ўдзельніка — той, калі ты прыпынішся, перачакаеш, калі пройдуць твае спадарожнікі, счакаеш яшчэ крыху і падыдзеш да святара, папросіш аб сакрамэнце споведзі... Тады раптам аціхнуць птушкі над галавой, нібы пацішэе вецер і нават сус­трэчныя машыны не так рэзка будуць сігналіць на прывітанне вашай калоны, прынамсі, ты ўжо не будзеш чуць усяго таго, а па тва­ім твары, магчыма, пацячэ ў такія хвіліны не толькі салёны пот, але й сляза жалю...

І пасля таго сакрамэнту як жа па-новаму загучыць у табе просьба:

Божа, ствары ўва мне, 

Божа, ствары ўва мне

чыстае сэрца

і аднаві ўва мне моц духу...

Дзеля таго, каб напоўніцу выканаць сваю асабістую праграму пілігрымкі, каб яна стала для цябе не проста прыемным правядзеннем часу, а часам духоўнага змагання за сябе і блізкіх табе людзей, так патрэбныя яны — чыстае сэрца і моц духу! І та­му, відаць, адкладваць час пакаяння на «потым» не варта.

Зразумець сябе

Ёсць такі выраз: «Прымірыцца з самім сабой». На першы погляд, магчыма, і дзіўнаватыя словы, а на самай справе як жа шмат мы перажываем праблемаў, мучаемся гадамі, бо не ўмеем, не навучыліся прабачаць ні сабе, ні іншым. Неяк адна жанчына сведчыла пра тое, што яна знайшла спакой у душы толькі пасля таго, як у пілігрымцы ўголас на ружанцовай малітве прамаўляла інтэнцыю і папрасіла ў Бога прабачэння за ўчыненыя ў маладосці аборты. Спавядалася раней, атрымлівала адпу­шчэнне грахоў, адыходзіла ад канфесіяналу, а супакою не знаходзіла. Патрэбна была, значыць, гэтая хвіліна пілігрымскага шляху, калі яна ўзяла ў рукі мікрафон і ўголас, пры ўсіх ус­клікнула да Бога. Шокавая тэ­рапія? Не, гэта проста быў час ласкі для яе. Незабыўны, шчас­лівы час.

І так з многімі нашымі «невырашальнымі» праблемамі. Неяк адна пілігрымшчыца жартавала: «Вось пайду хутка ў Будслаў, та­ды і паспрабую роазабрацца з усім, што накіпела». Вядома, не факт, што толькі ў пілігрымцы і чакае тая жаданая палёгка і вырашэнне цяжкавырашальнага. Пілігрымка, хутчэй, усяго толькі магчымасць. Выкарыстаеш яе — тваё шчасце, а ўпусціш спрыяльны час, прагамоніш яго, няхай сабе і прыемнымі размовамі, — на сябе наракай. Вельмі гэта важна — не ўпусціць час ласкі. Ні для сябе, ні для іншых, за каго баліць твая душа, за каго мо­лішся штодня і давяраеш Пану Богу іх праблемы.

Не стамляцца хадайнічаць

Тых, хто просіць у Пана Бога ласкі для іншых, часам называюць хадайнікамі. Цікава, што хадайнік, мабыць жа, ад слова «хадзіць». Хадзіць і прасіць за кагосьці. Цалкам бескарыслівая і надзвычай прыгожая малітва.

Цудоўны прыклад хадайніцкай малітвы падае евангеліст Лука: «І сказаў Пан: Сымон, Сымон! Вось шатан пажадаў вас, каб прасейваць, як пшаніцу; але Я маліўся за цябе, каб не паменшала вера твая; і ты, некалі навярнуўшыся, умацуй братоў тваіх» (Лк 22, 31–32).

Праблемы родных і блізкіх, сяброў, суседзяў, многіх і многіх людзей... Калі б кожны пілігрым (сур’ёзны, вядома, з тых, што не дзеля вясёлага правядзення часу выправіўся ў дарогу) напісаў спіс, за каго ў дні пілігрымкі ён моліцца, ды каб скласці тыя спі­сы разам, атрымалася б даўжэзная петыцыя. Гэты спіс у кагосьці можа быць доўгім, а ў некага, магчыма, у ім будзе імя толькі аднаго чалавека, але наколькі ж дарагога! І справа тая, што ляжыць на сэрцы, наколькі ж важная! Што такое ў параў­нанні з ёю шалёная стома, пот, які залівае вочы, мазалі на нагах ды надзвычай далёкі й такі жаданы пры­станак з не менш жаданым кубкам вады?..

«Шукаў Я ў іх чалавека, які паставіў бы сцяну і стаў бы перада Мною ў праломе за гэтую зямлю, каб Я не загубіў яе, але не знайшоў» (пар. Эзх 22, 30). Малюся, каб Пан Бог не сказаў калісьці нам, вернікам ХХІ стагоддзя, такіх вось горкіх словаў. Малітва за Бацькаўшчыну. Як жа патрэбна яна менавіта цяпер! Можна колькі хочаце збірацца на яе, згуртоўвацца, заахвочваць адзін аднаго smsкамі, але яна павінна проста трываць! У сэрцы й на вуснах кожнага верніка яна павінна быць. І не адно таму, што бушуе на ўсю моц эканамічны крызіс, і не таму, што мы пачынаем праводзіць свой час у чэргах, і не таму, што то там, то тут успыхвае несправядлівасць, сеецца страх, нарастае трывога. Але й проста таму, што маем такі абавязак — маліцца за зямлю, дадзеную нам Богам у карыстанне. Калі толькі адчуваем сябе ўдзячнымі дзецьмі свайго Нябеснага Айца, мы будзем трываць на гэтай малітве: падымаючыся ад сну і кладучыся спаць, беручы ў рукі ружанец і ўдзель­нічаючы ў святой Эўхарыстыі. А калі ты ў дадатак яшчэ і перамерваеш родную зямлю ўласнымі нагамі ды калі сэрца тваё спявае ў грудзях ад захаплення яе прыгажосцю, хіба ж не ўсклікне душа: Малюся за цябе, Беларусь, за тваіх дачок і сыноў...

Тыя, каго сустрэнеш...

Іх на тваім шляху будзе шмат. Кагосьці ты сустракаеш ужо не першы год, у кагосьці штогод начуеш і за гэты час няблага па­знаў гісторыю сям’і, яе радасці і праблемы. Кагосьці сустрэнеш упершыню. Сустрэнеш, магчыма, каб таксама панесці ў сэрцы ды прыгадваць у часе малітваў. І, магчыма, гэта ўжо будзе надоўга тваёй ношай. У гэтым, мабыць, і ёсць сэнс пілігрымкі — насіць у сэрцы патрэбы іншых. Такі шлях ты выбраў для сябе, пілігрым, і такую ношу. Дык няхай жа не стамляюцца ногі твае на бясконцых дарогах! Няхай не стамляецца сэрца адгукацца на боль і бяду іншых, гэтак жа, як і на іх радасць! Няхай не стамляюцца вусны спяваць хвалу Створцу агромністага сусвету і кожнай найменшай краскі на тваёй дарозе! Няхай дух малітвы не пакідае цябе ў гэтыя святыя, блага­слаўлёныя дні, дні тваёй пілі­грымкі.

А галоўнае: шчаслівай і незабыўнай сустрэчы з Тым, дзеля каго ты адважна выпраўляешся ў гэты шлях!..

Ірына Жарнасек

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней