Як усё пачыналася...

Касцёлу Езуса Міласэрнага ў Віцебску нададзены статус катэдральнага. Падзея неардынарная і значная як для Віцебскай дыяцэзіі, так і для ўсёй Беларусі. Пра тое, як паўставалі сам касцёл і яго парафія, як вырашаліся праблемы будаўніцтва, наша размова са шматгадовым ранейшым старшынёй парафіяльнай рады Уладзімірам Папяленкам.

— Дык з чаго, сапраўды, пачыналася, Уладзімір Аляксандравіч?

— Пляцоўку пад будоўлю меркаванай новай святыні ардынарый дыяцэзіі Уладзі­слаў Блін асвяціў 12 верасня 2004 года. Але парафія паўстала тут значна раней — увесну 2000 года, калі было вырашана ўтварыць у горадзе 4 каталіцкія парафіі. Божае Нара­джэнне 2000 года вернікі парафіі ўжо сустракалі ў часовай зборнай капліцы, якая мясцілася на адведзеным пад будоўлю пляцы і была, дарэчы, узведзена вельмі хутка. Па ўзвядзенні часткі гаспадарчых пабудоваў пры касцёле парафіяне перайшлі маліц­ца ў прыстасаваную капліцу, у памяшканне, дзе цяпер знаходзіцца канферэнц-зала культурна-рэлігійнага цэнтра.  

— Удалы пачатак. І далей усё было так лёгка?

— Лёгка — гэта на старонні погляд. На самай справе часам было вельмі, можна сказаць неймаверна, цяжка. І сіл, і канцэнтрацыі духу тая праца вымагала і, вядома ж, малі­твы. Многа папераў даводзілася афармляць, усё ўзгадняць, прасіць, дамагацца. Шмат цяжкасцяў было, напрыклад, з адводам зямлі пад будоўлю непасрэдна касцёла, калі гарадское ўпраўленне архітэктуры, выкарыстоўваючы розныя надуманыя зачэпкі, пачало адмаўляць у станоўчым вырашэнні справы. Ды як бы ні было, а вельмі важны дакумент пад назвай «Дзяржаўны акт на зямлю» мы займелі. Нямала нерваў каштавала і цягамоціна з рашэннем аб дазволе будаўніцтва. Давялося і лісты пісаць у «высокія» інстанцыі, і з «высокімі» службоўцамі, у тым ліку з тагачасным старшынёю аблвыканкама Уладзімірам Ан­дрэйчанкам, сустракацца. Нямала высілкаў вымагала вырашэнне іншых пытанняў: узгадненне са службамі горада, нюансы экспертызы і ін­шае.  

— Але ж, пэўна, і нейкія ста­ноўчыя моманты былі?

— Былі. З прыемнасцю, на­прыклад, узгадваю перыяд сумеснай працы з работніка­мі архітэктурна-праектнага бюро ўпраўлення архітэктуры Віцебскага аблвыканкама пад кіраўніцтвам Людмілы Зя­зюлінай. Тая праца была цалкам дзелавой: і параіцца можна было з людзьмі, і ўда­кладніць штосьці, і належную кансультацыю атрымаць, і паехаць разам паглядзець з мэтаю пераймання вопыту ін­шыя пабудовы гэткага кшталту. Плённа працавалася таксама з галоўным архітэктарам праекта Мікалаем Грэнем, які так удала здолеў спалучыць у праекце святыні рысы кла­січнай касцёльнай пабудовы з сучаснымі вырашэннямі дэкору. 

— Хто займаўся непасрэдна ўвасабленнем праекта ў жыццё?

— Падраднай арганізацыяй, якая ў 2004 годзе пачынала будаўніцтва, было ААТ “Віцебскгандальбуд” на чале з Уладзімірам Акуловічам. Затым, з верасня 2005 года, справу прадоўжыў будаўнічы ўчастак Віцебскай дыяцэзіі. На мой погляд, гэта былі спецыялісты вельмі высокага класу. 

— Хто са святароў займаўся справамі будоўлі?

— Спачатку ксёндз Тадэвуш Кахановіч. Затым, у сувязі з новымі парафіяльнымі прызначэннямі, — ксяндзы Міраслаў Скачыляс і — па сённяшні дзень — Раман Мурзіч.

— Як Вам асабіста ўдавалася спалучаць асноўную Ва­шу працу з выкананнем абавязкаў старшыні касцёльнай рады?

— Рабіць выбар давялося: падшукваць такую асноўную працу, якая б дазваляла ўсё гэта сумяшчаць.

— Напэўна, і парафіяне дапамагалі?

— Сапраўды, былі людзі з ліку парафіянаў, пра якіх сёння грэх было б не сказаць: Алі­на Міхалькова, Ніна Гарачка, Уладзіслава Куляшова, Ірына Кайронец шмат дапамагалі ў вырашэнні арганізацыйных пытанняў, у афармленні праектна-каштарыснай дакументацыі, складанні дамоваў і іншых справах. У тым, што 10 кастрычніка 2009 года касцёл Езуса Міласэрнага быў кансэкраваны і стаў паўнавартаснай святыняй для католікаў абласнога цэнтра і Віцебшчыны наогул, безумоўна, ёсць і іх заслуга. Гэтыя людзі здольныя на праяву маральнай падтрымкі, таму заслужылі і добрага слова, і ўдзячнасці ўсіх, хто прыходзіць сёння ў нашу прыгожую святыню, як у свой дом, і можа праз шчырую малітву выказаць тут падзяку Богу за тыя даброты, якімі Ён нас, грэшных, адорвае.     

Размаўляў  

Францішак  Дубраўскі.

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла