…Не бойцеся Хрыста!

Паў­тараю гэта сёння вам і ўсім маладым людзям! Хрыстус не адчужае вашай асобы, Ён не прыніжае, не змяншае і не душыць вашага розуму, не прыгнятае вашай свабоды! Ён — Сын Божы, які прыняў цела, памёр і ўваскрос дзеля нас і дзеля нашага збаўлення, гэта значыць дзеля нашага сапраўднага і поўнага вызвалення! Ён, Бог, сапраўды пажадаў стаць адным з нас, нашым Збаўцам, нашым Адкупіцелем, нашым Сябрам, нашым Братам. Ён увайшоў у нашыя праблемы і нашыя штодзённыя няшчасці, адчуў на сабе нашую слабасць, нашую крохкасць, нашую няўстойлівасць, ажно да пакутаў здрады самых блізкіх людзей і да смяротнай мукі. Хрыстус, уцелаўленне бясконцай Божай міласэрнасці, звярнуўся да чалавецтва з пасланнем праўды і надзеі, чыніў цуды, абяцаў адпушчэнне грахоў, але перадусім у праяўленні найвялікшай любові аддаў сябе ў ахвяру Айцу дзеля адкуплення нашых грахоў!

Перад абліччам Хрыста, дарагая моладзь, нельга за­стацца абыякавым! Тут мы маем дачыненне не толькі да Настаўніка — хоць бы і найцудоўнейшага — ідэалогіі этычнага характару, не да чалавека, які меў асаблівы рэлігійны досвед, не да вялікага прарока або чалавека, адоранага прывілеем асаблівай маральнай прысутнасці Бога. Асаблівасці такога кшталту могуць зацікавіць нас толькі на пэўны час, у галіне гістарычных, літаратурных, філасофскіх або рэлігійных даследаванняў. Хрыстус праз сваю непаўторную місію, давераную Яму Айцом, працінае і ахоплівае ўвесь наш чалавечы лёс, бо Ён з’яўляецца Цэнтрам гісторыі, Адкупіцелем чалавека!

Таму я кажу вам сёння: шукайце Хрыста аб’ектыўна, шчыра і адважна! Імкніцеся глыбока Яго пазнаць, вывучайце Яго бесперапынна. Гэ­ты ваш нястомны высілак ін­дывідуальнага або супольнага паглыблення ў Хрыста з да­памогаю ласкі Божай быў або будзе ўкаранаваны вераю — дарам Бога і асабістым адказам чалавека. Такая пастава веры ў Езуса Хрыста, са­праўднага Бога і сапраўднага чалавека, не азначае памяншэння вашых культурных па­трэбаў, але сапраўднае ўзбагачэнне і вынясенне на найвышэйшы ўзровень голаду па­знання і самога розуму, гатовага да ўварвання ў яго Божага Аб’яўлення. 

Словамі апостала Яна я звяртаюся да вас: «Юнакі, бо вы моцныя, і слова Божае жы­ве ў вас, і вы перамаглі злога» (пар. 1 Ян 2, 15). Пакажыце непераможную сілу вашай ма­ладосці і адвагу хрысціянскай веры, той веры, якая нараджае перамогу над сіламі зла!

Верце ў Хрыста! Даверцеся Хрысту! Любіце Хрыста! Таго, хто стаў чалавекам, каб асвяціць ваш розум праўдаю, якою ёсць Ён сам. Каб даць вашай волі моц чыніць дабро і скрушыць кайданы няволі зла! Каб даць вам дзіўную здольнасць звяртацца да Абсалюту, да Вечнасці, каб вы маглі з абяззбройнай простасцю ўсклікаць да Яго: Абба! Ойча!

Пераклад з польскай мовы 

Юліі Шэдзько.

З прамовы «Даверцеся Хрысту!», Монца, 21 траўня 1983 г.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла