Выратавальныя «сонейкі»

Ярка-аранжавыя наготкі (календула — сalendula officinalis) — добра ўсім вядомая расліна, якую часта сеюць для аздаблення кветнікаў. Але большасць з нас не здагадваецца, што расліна гэтая была вельмі папулярнаю ў нашых продкаў. Календулу (ад лацінскага «calendae», што ў старажытнарымскім календары азначае першы дзень месяца) выкарыстоўвалі яшчэ ў часы Рымскай імперыі — дадаючы ў розныя стравы пялёсткі наготкаў, беднякі замянялі гэтым дарагую прыправу — шафран.

Календула ў XV ст. была вельмі папулярнаю ў Францыі, бо яе надзвычай любіла каралева Навар­ская Маргарыта Валуа. У Люксембургскім садзе ў Парыжы да гэтага часу захавалася статуя каралевы з кветачкай календулы ў руках.  

Як лекавы сродак календула прымянялася ў Старажытнай Грэцыі. З гістарычных крыніцаў вядома, што ў ХІІ ст. гэтая расліна прымянялася для лячэння гнойных ранаў, а ў XVII ст. — для лячэння язвавых захворванняў, скрафулёзу, фурункулёзу. Надавалася гэтай расліне і незвычайная лекавая сіла — у старажытнасці лічылася: калі чалавек паглядзіць на наготкі — маленькія сонейкі, то яго дрэнны настрой знікне і вочы стануць больш зоркія. Наготкі (пялёсткі) прымянялі таксама для араматызацыі і афарбоўкі сыру, масла і цеста, як прыправу да розных страваў і ў якасці гарніру да булёнаў, салатаў, тушаных і іншых страваў.

Трэба сказаць, што і сёння многія народы шырока выкарыстоўваюць календулу. У Латвіі яна ўваходзіць у склад травяной гарбаты, у іншых краінах Еўропы яе ўжываюць для салатаў, соусаў, гарніраў, булёнаў, а таксама ў якасці фарбы для сыру, масла і іншых прадуктаў.

 Календула адметная і тым, што яе можна нарыхтоўваць на працягу ўсяго лета і нават восенню, бо яна цвіце з чэрвеня па кастрычнік. У якасці лекавай сыравіны выкарыстоўваюцца суквецці-кошыкі (поль­скія фармацэўты раяць выкарыстоўваць кветкі пераважна аранжавага колеру), лекавай з’яўляецца таксама ўся расліна без ніжніх частак сцябла (яе зразаюць падчас цвіцення), у якасці лекаў прымяняюць і яе карэнне.

Кветкі збіраюць шматразова — праз 3–5 дзён ад пачатку іх цвіцення ажно да замаразкаў. Сушыць іх лепш за ўсё пры t 50–60 градусаў у сушылках, але можна таксама на паветры пад навесам пры добрым праветрыванні. Высушаныя наготкі можна захоўваць на працягу двух гадоў.

У суквеццях шмат эфірнага алею, фітанцыдаў, сапанінаў, вялікая колькасць караціну і іншых караціноідаў, ёсць лікапін, флаваноіды, кумарын, арганічныя кіслоты, алкалоіды, аскарбінавая кіс­лата, бялковыя рэчывы. У сцяблінах і лісці ёсць трытэрпенавыя са­паніны, дубільныя і горкія рэчывы (календулін), у карэннях — трытэрпенавыя сапаніны.

У медыцыне календулу прымяняюць пры захворваннях вантробы, жоўцевага пузыра, пры гастрытах, калітах. Лекі з календулы супакаяльна ўплываюць на цэнтральную нервовую сістэму, зніжаюць артэрыяльны ціск, згубна дзейнічаюць на многія хвароба­творныя мікраарганізмы, асабліва на стрэптакокі і стафілакокі. Ме­дыкі выкарыстоўваюць календулу таксама для сімптаматычнага лячэння анкалогіі — рака стрававода, страўніка, кішэчніка. 

Балгарскія навукоўцы лічаць, што ў кветкавых кошыках календулы ёсць ферменты — арганічныя рэчывы, якія прымаюць удзел у хімічных рэакцыях у арганізме (арганічныя каталізатары). Яны адрозніваюцца ад неарганічных каталізатараў тым, што ўтвараюцца ў жывых клетках, але праяўляюць сваё дзеянне самастойна. Суквецці валодаюць супрацьзапаленчым і дэзінфікуючым дзеяннем. Эксперыментальнымі даследаваннямі ўстаноўлена, што прэпараты з календулы не толькі супакаяльна дзейнічаюць на цэнтральную нервовую сістэму, але і пазітыўна ўплываюць на сэрца, спрыяюць павелічэнню амплітуды сардэчных скарачэнняў і запавольванню рытму.

Прэпараты з календулы ўжываюць таксама пры язве страўніка і дванаццаціперснай кішкі (лек «Калефлон»), гастрытах, хваробах печані і жоўцевых шляхоў, пры захворваннях сэрца, якія суправаджаюцца парушэннем рытму, пры гіпертанічнай хваробе, у перыяд клімаксу. 

Настойка, настой, мазь з календулы выкарыстоўваюцца для лячэння гнойных ранаў, карбункулаў, фурункулаў, язваў, апёкаў, ранак, пры запаленчых захворваннях ротавай поласці, стаматыце і захворваннях горла.

Календулу прымяняюць як бактэрыцыдны, супрацьзапаленчы сродак, які загойвае раны. Настой з календулы ўжываюць як жоўцегонны сродак, настойку — пры ангіне, страўнікава-кішэчных хваробах, запаленчых працэсах вантробы, для лячэння парадантозу.

У народнай медыцыне календулу прымяняюць для лячэння наступных захворванняў: алергіі, ангіны, арытміі сэрца, артрытаў, ацітаў, рэўматызмаў, запаленчых станаў вантробы і жоўцевага пузыра, нырак, галавакружэнняў, гастрыту, гіпертанічнай хваробы, дэрматамікозаў, жаўтухі, залатухі, калітаў, малярыі, многіх гінекалагічных хваробаў, малочніцы, мастапатыі, насмарку (рыніт), рака; выкарыстоўваюць пры клімаксе, рахіце, стаматыце, таксікозе, пры павелічэнні селязёнкі, пры спазмах страўніка, энтэрыце, язве страўніка, а таксама для ўмацавання ўсяго арганізма.

Календула ўваходзіць у склад лекавых збораў для лячэння гінекалагічных хваробаў, прастаціта і адэномы, хваробаў страўніка, жоўцевага пузыра, мачагоннага і груднога збораў, для лячэння цукровага дыябету.

Наготкі актыўна выкарыстоў­ваюцца ў касметалогіі і ў кулінарыі. Акрамя таго, яны дапамагаюць дачнікам у барацьбе з агароднымі шкоднікамі.                                              

Настойка з календулы

20 г кветачак (высушаных) заліць 100 мл 70% спірту, настойваць на працягу 2 тыдняў. Настойку працадзіць. Прымаць па 20–30 кропляў 3 разы ў дзень. Гэтую настойку раяць прымаць пры гіпертанічнай хваробе (мінімальны курс лячэння 3 тыдні), пры страўнікава-кішэчных захворваннях, язве, рахіце, анкалогіі, бяссонніцы, арытміі сэрца, у якасці жаўцягоннага сродка. У многіх хворых знікае галаўны боль, паляпшаецца сон, павышаецца працаздольнасць. Настойка календулы хутка загойвае запаленчыя працэсы і гнойныя запаленні ранаў, значна паскорвае рэгенерацыю тканак і загойванне ранаў, а таксама прымяняецца пры саркоме.

Настойка выкарыстоўваецца ў якасці прымочак і змазвання ранаў, язваў, апёкаў, драпінаў, прышчоў. Вельмі добра гэтай настойкай, разведзенай вадою ў прапорцыі 1:10, паласкаць рот і горла пры ангіне, а таксама рабіць такім растворам прымочкі пры ячмянях, блефарытах, кан’юктывітах.

Такі ж раствор календулы прымяняюць пры гінекалагічных хваробах (язвах, эрозіях шыйкі маткі, малочніцы), робячы кампрэсы, спрынцаванні.

Пры запаленчых захворваннях нырак і мочавыводных шляхоў раяць ужываць наступны збор: 20 г кветак календулы, 10 г лісця крапівы, 10 г травы хвашчу, 20 г кораня крываўніка, 15 г кораня стальніка, 15 г лісця бярозы, 10 г семені фенхеля. 2 ст. л. збору заліваюць шклянкаю кіпеню, награваюць на вадзяной бані 15 хвілін, астуджаюць, працэджваюць і да атрыманага адвару дадаюць цёплай гатаванай вады, каб атрымалася 1 шклянка. Ужываюць па 1/3 шклянкі 2–3 разы ў дзень (папярэдне пракансультаваўшыся з урачом!).

Пры гіпертанічнай хваробе можна прыгатаваць наступны збор: 30 г кораня валяр’яны, 40 г кветак календулы. 1 ст.л. трэба заліць 1 шклянкаю кіпеню, настойваць 1 гадз., працадзіць. Піць па 1 ст.л. 3–4 разы ў дзень.

Настой на вадзе: 2 ст.л. кветак календулы заліць шклянкаю кіпеню, настойваць у тэрмасе 1 гадзіну, працадзіць. Прымаць па 1–2 ст.л. 3 разы ў дзень пры ангіне, стаматыце, гастрыце, а таксама для інгаляцый, паласканняў, прымочак і прамыванняў.

Карысная салата

Некалькі невялікіх агуркоў нарэзаць, дадаць зялёную цыбулю і 10–20 свежых нарэзаных кветачак календулы (або толькі пялёсткі), кроп, можна дадаць звараныя яйкі, крыху солі і смятаны (або кефіру).

Гарбата каралевы

10 кветак календулы, 6–7 лістоў маліны, 1–2 галінкі мяты заліць кіпенем і прыкрыць. Праз 5–7 хвілін разліць у кубачкі. Можна дадаць мёду.

Прыправа з наготак

Кветачкі календулы прасушыць на паветры, потым дасушыць у духоўцы, патаўчы, прасеяць і выкарыстоўваць для булёнаў і інш. страваў.  

Падрыхтавала 

Аліна Лукашэвіч.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла