Выпрастай мяне

 

Дваццаць трэцяя звычайная 

нядзеля — 4 верасня 2011 г.

Чытанні: Эзх 33, 7–9; Пс 95 (94), 1–2. 6–7а. 7b–9; Рым 13, 8–10

Евангелле паводле Мацвея 18, 15–20

Выпрастай мяне

Калі мы нахіляемся, так, нібы хочам нешта падняць з зямлі, мы ўжо не бачым свету, які нас атачае. Усё, што вакол нас, — неба, людзі, будынкі, машыны, нават пахі — перастае для нас існаваць. Калі мы схіляемся, ужо не чуваць выразна таго, пра што размаўляюць іншыя людзі. Нам самім цяжка ў такой позе завязаць нейкі кантакт з іншым чалавекам, а паглядзець яму ў вочы — проста немагчыма. 

Але калі адзін свет знікае, тады на яго месцы з’яўляецца іншая рэчаіснасць, іншы свет. Мы бачым толькі тое, што знаходзіцца ніжэй за нашыя вочы: зямлю, свае стопы, ногі, тулава, адчуваем свой пах. Мы цалкам засяро­джаныя на сабе. У такой сагнутай позе мы нават не маем магчымасці ўбачыць нешта яшчэ. Святы Аўгустын кажа, што менавіта такімі мы сталі пасля першароднага граху. Але не толькі першародны, а кожны наш грэх прымушае нас згінацца і засяроджвацца на сабе, на сваім граху, на сваёй слабасці. Калі мы здзяйсняем нейкі цяжкі грэх, трапляем у складаную сітуацыю, няма і гаворкі пра тое, каб вызваліцца з гэтага ўласнымі сіламі. Мы становімся нявольнікамі граху.

Таму нам патрэбны брат, які паклапоціцца пра нас, возьме за нас адказнасць і пакрысе дапаможа нам вярнуцца да той позы, калі мы здолеем адарвацца ад зямлі і паглядзець у неба. Мае значэнне, каб гэта быў брат, блізкі чалавек, крэўны, той, хто неабыякавы да нас. Толькі тады мы зможам выпрастацца, не зламаўшыся. Гэта — тая карысць братэрскага дакору, пра які мы чуем сёння ад Езуса.

Айцец Тамаш Міка ОР

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла