«Укаранёныя і збудаваныя на Езусе Хрысце, моцныя ў веры»

Урыўкі з паслання папы Бэнэдыкта XVI на XXVI Сусветны дзень моладзі

Дарагія сябры, <...> я заклікаю вас прыняць удзел у гэтай падзеі, вельмі значнай для Касцёла Еўропы і сусветнага Касцёла. Мне хацелася б, каб усе маладыя людзі, і тыя, хто падзяляе нашую веру ў Хрыста, і тыя, хто вагаецца і няўпэўнены, тыя, хто ў Яго не верыць, атрымалі гэты досвед, які можа стацца вырашальным у іх жыцці. Гэта досвед Пана Езуса, уваскрослага і жывога, і досвед Яго любові да кожнага з нас. <...>

У некаторых частках свету, асабліва на Захадзе, сучасная культура выключае Бога, лічыць веру асабістай справай, якая ніякім чынам не датычыць грамадскага жыцця. Хаця каштоўнасці, якія з’яўляюцца падмуркам грамадства, маюць выток у Евангеллі <...>, мы назіраем пэўнае «зацьменне Бога», від амнэзіі, якая, не адмаўляючы хрысціянства напрамую, тым не менш адкідае скарб нашай веры, і гэта можа прывесці да згубы самай істотнай часткі нашай асабовасці.

Таму, дарагія сябры, я заклікаю вас умацаваць сваю веру ў Бога, Айца нашага Пана Езуса Хрыста. Вы — будучыня грамадства і Касцёла! Як апостал Павел напісаў Каласянам, для нас жыццёва неабходна мець карані, моцны падмурак! Гэта мае асаблівае значэнне сёння. Многія людзі не маюць трывалых кропак апоры, на якіх можна будаваць жыццё, і таму адчуваюць сябе вельмі няўпэўнена. Распаўсюджваюцца рэлятывісцкія погляды, калі лічыцца, што ўсё мае аднолькавую вартасць, што праўды і абсалютных кропак апоры не існуе. Аднак гэты спосаб мыслення вядзе не да сапраўднай свабоды, але да няўстойлівасці, разгубленасці і сляпой згоды з абставінамі. Вы, моладзь, маеце права атрымаць ад папярэдняга пакалення трывалыя кропкі апоры, якія дапамогуць вам зрабіць выбар і збудаваць на іх сваё жыццё: як маладое дрэўца патрабуе трывалай падтрымкі, пакуль не запусціць карэнне глыбока ў зямлю, пакуль не стане крэпкім дрэвам, здольным прынесці плён.

Каб падкрэсліць значнасць веры ў жыцці вернікаў, мне б хацелася разам з вамі паразважаць над кожным з трох вобразаў, ужытых святым Паўлам у словах: «Укаранёныя і збудаваныя ў Езусе Хрысце, умацаваныя вераю» (пар. Кал 2, 7): «укаранёныя» — адносіцца да дрэва і каранёў, якія яго жывяць, «збудаваныя» — да дому, «умацаваныя» — паказвае рост фізічнай і маральнай моцы. Гэтыя вобразы вельмі выразныя. Мне хацелася б звярнуць увагу на тое, што ў арыгінальным тэксце граматычна ўсе тры словы стаяць у залежным стане. Гэта значыць, што сам Хрыстус бярэ на сябе ініцыятыву ўкараняць, будаваць і ўмацоўваць вернікаў.

Першы вобраз — дрэва, якое крэпка стаіць дзякуючы сваім караням, што трымаюць і жывяць яго. Без каранёў дрэва ўпадзе пад ветрам і памрэ. Што ж з’яўляецца нашымі каранямі? Безумоўна, нашыя бацькі, сем’і і культура нашай краіны — вельмі істотныя элементы нашай самасвядомасці. Але Біблія кажа нам пра яшчэ адзін з іх. Прарок Ерамія піша: «Благаслаўлёны чалавек, які спадзяецца на Пана і надзея якога — Пан. Ён будзе, як дрэва, пасаджанае  над вадою, што пускае карэнне сваё над патокам. Калі настане спёка, яно не баіцца, і лісце яго застаецца зялёным. І ў год засухі яно не будзе хвалявацца і не перастане прыносіць плён» (Ер 17, 7–8). Для прарока пусціць карэнне — значыць ускладаць надзею на Пана. З Яго мы бярэм жыццё, без Яго мы не можам жыць. <...>

Як карані дрэва крэпка трымаюць яго ў зямлі, так падмурак дома дае яму ўстойлівасць. Праз веру мы збудаваныя на Езусе Хрысце (пар. Кал 2, 7), як дом на падмурку. <...> Быць збудаваным на Хрысце — значыць адказваць станоўча на Божы заклік, давяраць Яму і ажыццяўляць Яго Слова <...>.

Дарагія сябры, будуйце свой дом на скале, імкніцеся кожны дзень ісці за Словам Хрыста. Побач з ім вы знойдзеце адвагу і надзею перад абліччам цяжкасцяў, расчараванняў і паразаў. Вам без канца прапануюць больш лёгкія «выхады» з сітуацый, але вы самі ведаеце, што гэта падман, які не прынясе вам супакою і радасці. Толькі Слова Бога можа паказаць нам добры шлях, толькі вера, якую мы атрымалі, будзе святлом на нашай сцежцы. <...> Не верце тым, хто кажа, што вам ніхто не патрэбны, каб збудаваць сваё жыццё! Шукайце падтрымкі ў веры тых, хто дарагі для вас, у веры Касцёла, і дзякуй Богу, што вы атрымалі яе і зрабілі яе сваёй!  

Ліст, да якога мы звяртаемся тут, быў напісаны святым Паўлам у адказ на асаблівую патрэбу хрысціянаў горада Калос. Гэтая супольнасць знаходзілася пад пагрозлівым уплывам некаторых культурных тэндэнцый, якія адварочвалі вернікаў ад Евангелля. Культурны кантэкст, у якім мы з вамі жывем, дарагая моладзь, падобны да таго, у якім жылі старажытныя каласяне. Гэта моцны паток секулярнага мыслення, які імкнецца адкінуць Бога на другі план у жыцці людзей і грамадства, прапануючы ім спробы  стварыць «рай» без Яго. Але досвед кажа нам, што свет без Бога становіцца «пеклам», поўны эгаізму, разбітых сем’яў, узаемнай нянавісці людзей і народаў і вялізнага дэфіцыту любові, радасці і надзеі. З іншага боку, калі асобныя людзі і цэлыя народы прымаюць Божую прысутнасць, прасляўляюць Яго ў праўдзе і слухаюць Яго голас, будуецца цывілізацыя любові, дзе шануецца годнасць кожнага чалавека і ўзрастае еднасць з усімі яе выгодамі. <...>

Дарагія сябры, крыж часта страшыць нас, бо здаецца адмаўленнем жыцця. Насамрэч, усё наадварот! Гэта Божае «так» чалавецтву, найвышэйшая праява Яго любові і крыніца, з якой струменіць вечнае жыццё. Менавіта з сэрца Езуса, працятага на крыжы, яно выцякае для ўсіх тых, хто ўзнімае свае вочы на ўкрыжаванага Хрыста. Я магу толькі заклікаць вас абняць Хрыстовы крыж, знак Божай любові, крыніцу новага жыцця. Без Езуса Хрыста ўваскрослага няма збаўлення! Толькі Ён можа вызваліць свет ад зла і наблізіць Валадарства справядлівасці, супакою і любові, якога мы ўсе прагнем.

Евангелле распавядае нам пра досвед веры апостала Тамаша, калі ён прыняў таямніцу крыжа і ўваскрасення Хрыста. <...> Калі яму сказалі, што Езус жывы і аб’явіўся апосталам, Тамаш заўпарціўся: «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу» (Ян 20, 25).

Мы таксама прагнем бачыць Езуса, размаўляць з Ім і адчуваць Яго прысутнасць, і нават больш моцна. Для многіх людзей сёння стала цяжка наблізіцца да Езуса. Вакол так многа «выяваў» і «вобразаў» Хрыста, якія, сцвярджаючы сваю навуковасць, змяншаюць Яго веліч і ўнікальнасць Яго асобы. <...>

Дарагая моладзь, вучыцеся «бачыць» і «сустракаць» Езуса ў Эўхарыстыі, дзе Ён прысутны блізка нас і нават становіцца нашым спажыткам. У сакрамэнце пакаяння Бог адкрывае сваю міласэрнасць і заўжды абяцае нам прабачэнне. Пазнавайце Хрыста і служыце Яму, служачы ўбогім, хворым, нашым братам і сёстрам <...>. Распачніце дыялог з Езусам Хрыстом і развівайце яго ў веры. Пазнавайце Яго лепш, чытаючы Святое Пісанне і Катэхізіс Каталіцкага Касцёла. Размаўляйце з Ім у малітве, спадзявайцеся на Яго. Ён не расчаруе вас! <...>

Езус адказаў Тамашу: «Ты паверыў, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў» (Ян 20, 29). Ён думаў пра шлях, якім павінны следаваць Касцёл, заснаваны на веры сведкаў, апосталаў. Такім чынам, мы бачым, што нашая асабістая вера ў Хрыста, якая ўзнікае, калі мы вядзем з Ім дыялог, звязаная з вераю Касцёла. Мы верым не як асобныя індывіды; праз хрост мы з’яўляемся членамі вялікай сям’і. Гэта вера, якую вызнае Касцёл, умацоўвае нашую ўласную веру. «Веру ў Бога», якое мы прамаўляем кожную нядзелю падчас святой Імшы, абараняе нас ад небяспекі верыць у іншага Бога, чым Той, якога нам адкрывае Хрыстус. <...> Давайце дзякаваць Богу за гэты дар Касцёла, бо ён дае нам магчымасць упэўнена ўзрастаць у веры. <...>

Хрыстус — гэта скарб не для нас адных. Ён — найбольшае багацце, якое мы маем і якім трэба дзяліцца з іншымі. У нашыя часы глабалізацыі будзьце сведкамі хрысціянскай надзеі ва ўсім свеце. Як шмат людзей прагнуць атрымаць гэтую надзею! Стоячы перад магілаю свайго сябра Лазара і збіраючыся вярнуць яго да жыцця, Езус сказаў сястры Лазара Марце: «Калі будзеш верыць, убачыш славу Божую» (пар. Ян 11, 40). Такім жа чынам, калі вы верыце і здольныя жыць сваёю верай і несці яе сведчанне кожны дзень, вы зможаце дапамагчы іншым маладым людзям, такім жа, як вы самі, знайсці сэнс і радасць жыцця, якая нараджаецца ў сустрэчы з Хрыстом! <...> Езус Хрыстус хоча, каб вы ўмацаваліся ў веры праз Касцёл. Рашэнне верыць у Езуса Хрыста і ісці за Ім — нялёгкае. Яму перашкаджаюць нашыя ўласныя памылкі і шматлікія галасы, якія скіроўваюць нас на больш лёгкія шляхі. Не губляйце адвагі, а шукайце падтрымкі хрысціянскай супольнасці, падтрымкі Касцёла!  <...>
 
Дарагая моладзь, Касцёл залежыць ад вас! Ён патрабуе вашай жывой веры, вашай творчай дабрачыннасці і моцы вашай надзеі. Вашая прысутнасць аднаўляе, амаладжае і дае новыя моцы Касцёлу. Таму Сусветныя дні моладзі — гэта ласка не толькі для вас, але і для ўсяго Божага народу. <...>


Ватыкан, 6 жніўня 2010 г.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла