Fiat voluntas Tua

31 мая, у свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле з нагоды 30-годдзя свайго святарскага пасвячэння. Разам з арцыпастырам літургію канцэлебравалі біскупы і святары.

«Галоўным заданнем святара з’яўляецца абвяшчаць Божае слова як крыніцу нашай веры, — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч. — Бо вера нараджаецца са слухання, таму святар павінен яго абвяшчаць, каб людзі маглі пачуць і паверыць. Далей вера ўзмацняецца Божай ласкай, якую атрымліваем у сакрамэнтах. Цэлебраваць жа сакрамэнты можа толькі святар і ніхто іншы. Пры гэтым ён дзейнічае не сваёй, але Хрыстовай моцай. Трэцяе заданне святара — будаваць хрысціянскую супольнасць. Гэта вельмі добра бачна там, дзе многія пакаленні вера пераследавалася. Як толькі з’яўляецца святар, яна пачынае адраджацца».

Мітрапаліт Кандрусевіч падзякаваў усім, хто паспрыяў адкрыццю ў ім дару паклікання і дапамагаў у святарскай фармацыі — бацькам, святарам, якіх спаткаў на сваім шляху, асабліва ў часы ганенняў, выкладчыкам Каўнаскай духоўнай семінарыі. Іерарх выказаў удзячнасць Божаму Провіду, які вёў яго «да святарства і далей вядзе ў святарскім і біскупскім служэнні, часта ставячы на пярэдняй лініі гэтага нябачнага фронту барацьбы за душы людскія». Арцыбіскуп таксама падзякаваў святарам і кансэкраваным асобам за іх працу і дапамогу, падкрэсліваючы, што без іх «быў бы як генерал без салдат», і вернікам за іх падтрымку і малітвы.

Шмат людзей сабралася ў гэты дзень у мінскай архікатэдры — кожны жадаў далучыцца да свята свайго арцыпастыра праз малітву і, безумоўна, цёплыя віншаванні.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла