Разважанні аб веры

Раздзел IV
Багатыя і ўбогія сродкі ў Касцёле

Сведчанне Яна Паўла ІІ

25 мая 1985 года на плошчы святога Пятра ў Рыме папа Ян Павел ІІ усклаў кардынальскі берэт на галаву арцыбіскупа Анджэя Марыі Дэскура. Гэта была незвычайная кансісторыя, узрушальная і здзіўляльная. Чаму Папа прызначае кардыналам паралізаванага чалавека? Пасада кардынала — гэта ж не тытул ці ўзнагарода за працу біскупа. Кардыналы — першыя дарадцы і памочнікі Папы, яны выконваюць вельмі важныя ў Касцёле функцыі. Чаму чалавек, які ўжо не здольны працаваць з-за хваробы, быў менаваны кардыналам? Таямніцу гэтага прызначэння Ян Павел ІІ тактоўна патлумачыў вечарам у дзень кансісторыі ў сваім звароце да польскіх пілігрымаў. Ён сказаў пра кардынала Дэскура: «Мяне з ім звязвае многае яшчэ са студэнцкіх гадоў — духоўная семінарыя, гады святарскага служэння і шматлікія сустрэчы ў Рыме, і асабліва тая апошняя сустрэча перад канклавам. Менавіта тады Божы Провід датыкнуўся да біскупа Дэскура гэтым цяжкім калецтвам, якое ён да гэтага часу носіць у сабе. Сярод усіх менаваных сёння кардыналаў ён адзін быў у інваліднай калясцы, і ён уносіць у калегію кардыналаў асаблівы знак — знак цярпення — цярпення, якое з’яўляецца ахвярай. Мы не ведаем шляхоў Божых, не ведаем таямніцаў Божых, але асабіста я перакананы, што гэтая ахвяра арцыбіскупа, сённяшняга кардынала Анджэя, была звязана з канклавам, які адбыўся ў сярэдзіне кастрычніка 1978 года». Святы Айцец бачыў у цярпеннях арцыбіскупа Дэскура як бы цану таго, што ён, кардынал Вайтыла, змог стаць наступнікам Пятра. Зрэшты, ведаем, што адразу ж пасля свайго абрання Папам першыя свае крокі ён скіраваў у клініку Джэмэллі, дзе тады прабываў цяжка хворы, паралізаваны арцыбіскуп Анджэй Марыя Дэскур — той, якому Папа, па яго асабістым перакананні, быў шмат чым абавязаны і каму была дадзена найлепшая частка яго ўспамогі сваім цярпеннем, частка цяжкая, але найбольш дзейсная, як, зрэшты, усе ўбогія сродкі. Тое, што хворы арцыбіскуп Анджэй Марыя Дэскур атрымаў статус кардынала, з’яўляецца як бы ўказаннем Яна Паўла ІІ на вартаснасць убогіх сродкаў.

Кардынал Дэскур раней узначальваў папскую камісію па справах СМІ. Такім чынам ён клапаціўся пра распаўсюджанне і дзеянне багатых сродкаў у Касцёле. І ён вельмі шмат зрабіў у гэтай сферы. Ён унёс вялікі ўклад у падрыхтоўку касцёльных дакументаў, якія падказваюць каталіцкім СМІ кірункі іх дзеяння. Аднак пра гэтыя заслугі, пра тое, які вялікі ўклад ён зрабіў у развіццё СМІ, Папа амаль не ўспамінаў. Складваецца ўражанне, быццам такім чынам ён хацеў падкрэсліць важнасць убогіх сродкаў, паказаць, што ён уносіць у Калегію кардыналаў знак цярпення, які з’яўляецца ахвяраю.

1 чэрвеня кардынал Анджэй Марыя Дэскур урачыста прыняў свой тытулярны касцёл у Сан Чэзарыо на Палацінскім узгорку, той самы, які ў 1967 г. атрымаў Караль Вайтыла. Кардынал у велічы цярпення цэлебраваў Імшу седзячы. Замест кардынальскага трону пры нізкім алтары стаяла крэсла на колцах. Знясіленая хваробаю рука кардынала з цяжкасцю магла ўтрымаць пастарал. Своеасаблівы парадокс — галава папскай камісіі па справах СМІ адзначаны знакам убогіх сродкаў.

У кантэксце дактрыны ўбогіх сродкаў трэба разумець і словы Яна Паўла ІІ адносна замаху на ягонае жыццё. Гэтае здарэнне называюць асабліваю ласкаю. 14 кастрычніка 1981 г. у сераду падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы святога Пятра, звяртаючыся да шматтысячных пілігрымаў, ён прамовіў гэтыя знамянальныя словы: «Бог дазволіў мне на працягу апошніх месяцаў перажыць цярпенні, дазволіў мне зведаць пагрозу для жыцця і адначасова дазволіў мне ясна і глыбока зразумець, што гэта — Яго асаблівая ласка для мяне самога як чалавека. Разам з тым, беручы пад увагу служэнне, якое я выконваю як пераемнік святога Пятра, гэта — ласка для Касцёла. Хрыстус падараваў мне гэтую ласку, што я магу цярпеннем і пагрозай для ўласнага жыцця і здароўя даць сведчанне Яго любові. Менавіта гэта я лічу асабліваю ласкай і менавіта за гэта складаю асаблівую ўдзячнасць Духу Святому і Беззаганнай Марыі».

Ці без убогіх сродкаў, без цярпення, якім пазначана было жыццё Яна Паўла ІІ, мог бы ён дзейсна выконваць функцыю Касцёла, ці мог бы павесці за сабою натоўпы? Да тых драматычных дзён замаху Папа вяртаецца яшчэ раз у дзень сваіх імянінаў 4 лістапада 1981 г.: «Здарэнне 13 мая прымусіла мяне пра многае задумацца, прымусіла мяне глянуць на маё чалавечае і хрысціянскае жыццё яшчэ больш у святле Евангелля, у святле тых словаў пра зерне, якое павінна памерці, каб магло прынесці плод».


Пераклад Міколы Новікава,
магістра тэалогіі

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла