Малітвы Яна Паўла ІІ

Малітва ў інтэнцыі пакліканняў
Езу, Сыне Бога, у якім прабывае ўся паўната Боства. Ты клічаш ахрышчаных выплысці на глыбіню, каб адважна крочыць шляхам праўды і любові. Абудзі ў сэрцах маладых людзей імкненне быць у сучасным свеце сведкамі магутнасці Тваёй любові. Напоўні іх духам мужнасці і разважлівасці, які будзе весці іх да глыбокага пазнання таямніцы чалавека, каб яны былі здольныя адкрыць усю праўду пра саміх сябе і пра ўласнае пакліканне.

Найсвяцейшая Панна Марыя, Маці Збаўцы, нястомная Правадырка на шляху да Бога і бліжняга! Ты захавала словы Езуса ў глыбіні свайго сэрца. Падтрымай сваім матчыным заступніцтвам сем’і і касцёльныя супольнасці, каб яны дапамагалі маладым людзям шчыра адказваць на заклік Пана. Амэн.


Малітва за сем’і
Божа, ад Цябе паходзіць усялякае бацькоўства ў небе і на зямлі. Ойча, які ёсць любоўю і жыццём, учыні, каб кожная чалавечая сям’я на зямлі праз Твайго Сына, Езуса Хрыста, народжанага з Жанчыны, праз Духа Святога станавілася сапраўднаю калыскаю жыцця і любові для новых пакаленняў.

Учыні, каб Твая ласка скіроўвала думкі і ўчынкі сужэнцаў на сапраўдную карысць для іх уласных сем’яў і ўсіх сем’яў на свеце.

Учыні, каб маладое пакаленне знаходзіла ў сем’ях моцную падтрымку для сваёй чалавечнасці і яе развіцця ў праўдзе і любові.

Учыні, каб любоў, узмоцненая ласкаю сакрамэнту сужэнства, была мацнейшаю за ўсялякія слабасці і крызісы, праз якія часам праходзяць нашыя сем’і.

Нарэшце, учыні — просім Цябе аб гэтым праз пасрэдніцтва Святой Сям’і з Назарэта, — каб Касцёл сярод усіх народаў зямлі мог плённа выконваць сваю місію ў сем’ях і праз сем’і. Праз Хрыста, Пана нашага, які ёсць дарогай, праўдай і жыццём на векі вечныя. Амэн.


У абарону чалавечага жыцця
О Марыя, Заранка новага святла, Маці жывых! Мы даручаем Табе ўсе свае жыццёвыя справы. Глянь, о Маці, на незлічоную колькасць дзяцей, якім не дазваляюць прыйсці на свет; на ўбогіх, якія змагаюцца з жыццёвымі цяжкасцямі; на мужчын і жанчын — ахвяраў чалавечага насілля; на старых і хворых, забітых абыякавасцю або фальшываю літасцю. Учыні, каб усе, хто верыць у Твайго Сына, маглі адкрыта і з любоўю абвяшчаць Евангелле жыцця людзям нашай эпохі. Выпрасі для іх ласку заўсёды прымаць яго як новы дар і радасць, каб на працягу ўсяго жыцця з удзячнасцю праслаўляць яго, а таксама дай адвагу, каб дзейсна і непахісна сведчыць пра яго і разам з усімі людзьмі добрай волі будаваць цывілізацыю праўды для праслаўлення і хвалы Бога Створцы, які любіць жыццё.

Пане, дай нам Дух веры
і пазнання,
дай нам Дух дабрыні
і велікадушнасці,
дай нам Дух любові і еднасці.
                                     5 студзеня, 1993 г.


Малітва аб супакоі
О Дзіцятка Езус, высушы слёзы дзяцей! Прытулі да сябе хворых і старых. Загадай людзям адкінуць зброю і паяднацца ў абдымках супакою, які ахопіць увесь свет.

Езу міласэрны, пакліч народы зруйнаваць муры, узнесеныя беднасцю і беспрацоўем, невуцтвам і абыякавасцю, дыскрымінацыяй і неталерантнасцю.

Гэта Ты, Божае Дзіцятка, збаўляеш нас і вызваляеш ад грэху. Гэта Ты — сапраўдны і адзіны Збаўца, якога чалавецтва шукае ў цемры.

Божа супакою, Дар супакою для ўсіх людзей, пасяліся ў сэрцы кожнага чалавека і ў кожнай сям’і. Будзь нашым супакоем і нашаю радасцю. Амэн.

З паслання Urbi et Orbi,
25 снежня 1994 г.


Бог нашай штодзённай працы
Благаслаўлёны Ты, Божа сусвету! Благаслаўлёны Ты, Божа нашых сем’яў, Божа нашай штодзённай працы, Божа нашай радасці і нашага смутку!

Молімся да Цябе за ўсіх, хто пакутуе, за тых, хто не мае грошай, за тых, хто не мае адукацыі, за тых, каго не любяць, — учыні, каб мы былі чулымі да іх патрэбаў, і навучы нас дзяліца з імі ўсім, што маем.

Молімся да Цябе за беспрацоўных і за маладых людзей, якія шукаюць працы, дапамажы нам падрыхтаваць для іх месца ў нашым грамадстве.

Молімся да Цябе за хворых, за тых, хто страціў усялякую надзею на выздараўленне, за тых, хто набліжаецца да смерці, — падтрымай іх, дадай надзеі, суцяшай, адары іх цярплівасцю і супакоем.

Молімся да Цябе за тых, хто пакутуе ад голаду ў нашай краіне, каго выганяюць, за эмігрантаў. Пане, Распарадчык усяго немагчымага, спыні нашыя засмучэнні, адкрый нашыя сэрцы і аб’яднай нас у супольнасць.

Молімся да Цябе ўрэшце за ўсіх нашых братоў і сясцёр на свеце, у якіх знаходзім Тваё аблічча.
Молімся да Цябе і дзякуем Табе за сем’і, асабліва за тыя, якія прыносяць Табе ў ахвяру жыццё сваіх сямейных цяпельцаў.


9 верасня 1990 г. 


Просьба аб прабачэнні
Божа, Твой пілігрымуючы Касцёл Ты пастаянна асвячаеш крывёю свайго Сына. У кожную эпоху Ты збіраеш у сваёй супольнасці вернікаў, якія вызначаюцца асабліваю святасцю і тых, хто, паказваючы сваю непаслухмянасць, пярэчыць вызнаванай веры і святому Евангеллю. Ты, які застаешся верным нават тады, калі мы бываем нявернымі, прабач нам нашыя правіны. Дазволь нам быць сярод людзей сапраўднымі Тваімі сведкамі. Ойча міласэрны, Твой Сын, Езус Хрыстус, Суддзя жывых і памерлых, прынізіўшы сябе падчас свайго першага прыйсця, выбавіў чалавецтва ад граху, а калі вернецца ў хвале, будзе судзіць нас за ўсе правіны. Нашым бацькам, нашым братам і нам, слугам Тваім, якія, заахвочаныя Духам Святым, з раскаяннем вяртаюцца да Цябе, спашлі сваю міласэрнасць у адпушчэнні грахоў. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.


Урывак з малітвы
на Дзень прабачэння,
12 сакавіка 2000 г.


Малітва да Маці Бога
Маці Бога, Маці Хрыста, Маці Касцёла, глянь на нас ласкава! Virgo fidelis, Панна верная, маліся за нас!

Навучы нас верыць, як Ты. Учыні, каб наша вера ў Бога, у Хрыста, у Касцёл была заўсёды чыстая, ясная, адважная, моцная і велікадушная. Mater amabilis, Маці, наймілейшая! Mater pulchrae dilections, Маці найцудоўнейшай любові, маліся за нас!

Навучы нас любіць Бога і нашых братоў так, як Ты іх палюбіла. Учыні, каб наша любоў да бліжняга заўсёды была цярпліваю, ласкаваю, поўнаю пашаны. Causa nostrae laetitiae, прычына нашай радасці, маліся за нас!

Навучы нас з вераю выкарыстоўваць парадокс хрысціянскай радасці, якая нараджаецца з болю, з адрачэння, з паяднання з Тваім укрыжаваным Сынам. Учыні, каб наша радасць заўсёды была сапраўдная і прыгожая, каб мы ўмелі дзяліцца ёю з усімі. Амэн.


Добры Пастыр
«Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе» (Ян 21, 17).

«Калі нават пайду далінай смяротнага ценю, не буду баяцца зла, бо Ты са мною» (Пс 23, 4).


Ты — Пастыр, спрадвечны Пастыр, добры Пастыр, Пастыр усіх пакліканняў чалавека і ўсіх ягоных шляхоў.

Ты шукаеш тых, хто збіўся са шляху... Ты вяртаеш у «аўчарню» тых, хто заблукаў... Ты лечыш раны тых, хто іх атрымаў, і клапоцішся пра слабых і хворых.

Не дазволь, каб чалавек, які апынуўся на дрэнным шляху, у безвыходнай сітуацыі, клапаціўся толькі пра сябе, пра ўласныя магчымасці і выгаду!

Учыні, каб ён зразумеў, што Ты — Пастыр, добры Пастыр, які аддаў сваё жыццё за кожнага з нас! Учыні, каб ён шукаў Цябе, бо толькі Ты можаш накіраваць яго на правільны шлях. Няхай ён знойдзе ў Табе дарогу, праўду і жыццё!


10 кастрычніка 1988 г.


О Марыя!
О Марыя, Маці Міласэрнасці, дбай пра тое, каб Крыж Хрыста не быў дарэмным, каб чалавек не збіўся са шляху дабра, каб усведамляў свой грэх і мог яшчэ больш давяраць Богу, які так «багаты на міласэрнасць», каб па ўласнай волі рабіў добрыя ўчынкі, якія Бог загадзя для яго падрыхтаваў, і каб жыў «дзеля хвалы Яго велічы».


Маці прыгожай любові!
Вітана будзь, Маці, Каралева свету!
Ты — Маці прыгожай любові,
Ты — Маці Езуса,
крыніца ўсялякай ласкі,
адлюстраванне кожнай цноты,
узор усялякай чысціні.
Ты — радасць у плачы,
перамога ў барацьбе,
надзея ў смерці.
Які ж салодкі смак
Твайго імя на нашых вуснах,
якая ж мілагучная гармонія
для нашага слыху,
якая ж асалода для нашых сэрцаў!
Ты — шчасце церпячых,
карона мучанікаў,
прыгажосць паннаў.
Просім Цябе,
пасля гэтага выгнання аддай нас
свайму Сыну, Езусу.
Амэн.
                                             1 мая 1979 г.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла