Ян Павел ІІ — благаслаўлёны!

У нядзелю Божай Міласэрнасці, 1 мая, адбылася доўгачаканая падзея — папа Ян Павел ІІ быў залічаны да благаслаўлёных. На ўрачыстасці ў Ватыкан накіраваліся іерархі і пілігрымы з Беларусі.

Непасрэдная падрыхтоўка да літургіі распачалася а 9-й гадзіне раніцы па мясцовым часе, а ўвечары 30 красавіка адбылося малітоўнае чуванне, якое аб’яднала праз тэлемост вернікаў Еўропы і Азіі. 

Абрад беатыфікацыі распачаўся на пачатку Імшы пасля акту пакаяння. Потым да Святога Айца Бэнэдыкта XVI падышоў папскі вікарый Рыма Агостыно Валіні, які папрасіў Пантыфіка прыступіць да абраду беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла II, пасля чаго іерарх зачытаў біяграфію Яна Паўла ІІ.
Бэнэдыкт XVI прамовіў спецыяльную формулу беатыфікацыі, праз якую папа Ян Павел ІІ быў аб’яўлены благаслаўлёным, і ў гэты момант на  цэнтральным балконе базылікі св. Пятра быў адкрыты абраз Вялікага Папы — фотапартрэт, выкананы вядомым польскім фатографам Гжэгажам Галонзкам. Узрушаныя і радасныя, са слязьмі на вачах людзі спявалі гімн «Хвала на вышынях Богу...».

«І вось доўгачаканы дзень настаў; ён настаў хутка, бо так спадабалася Пану Богу: Ян Павел ІІ благаслаўлёны!» — з радасцю адзначыў Святы Айцец.

У гаміліі Папа ўзгадаў заслугі Яна Паўла ІІ і падзяліўся сведчаннем уласнага знаёмства і супрацоўніцтва з благаслаўлёным. «Маё служэнне, — сказаў ён, — было падтрыманае яго духоўнаю глыбінёю, багаццем ягоных адчуванняў. Прыклад яго малітвы заўсёды мяне ўражваў і выхоўваў: ён паглыбляўся ў сустрэчу з Богам нават сярод шматлікіх абавязкаў свайго служэння. І нарэшце, яго сведчанне ў цярпенні: Пан Бог паступова пазбавіў яго ўсяго, але ён заўжды заставаўся «скалою», як таго жадаў Хрыстус. Яго глыбокая пакора, што каранілася ў цеснай еднасці з Хрыстом, дазволіла яму працягваць весці Касцёл і скіраваць свету пасланне яшчэ больш вымоўнае менавіта ў той час, калі фізічныя сілы ўсё больш яго пакідалі. Так ён незвычайным чынам рэалізаваў пакліканне кожнага святара і біскупа: стаць адным цэлым з Езусам, якога ён штодзённа прымае і ахвяруе ў Эўхарыстыі».

«Благаслаўлёны ты, умілаваны папа Яне Паўле ІІ, бо паверыў! Просім цябе, працягвай з неба падтрымліваць народ Божы», — такімі словамі Бэнэдыкт XVI завяршыў гамілію.

Пасля літургіі Святы Айцец і кардыналы накіраваліся ў базыліку св. Пятра, каб ушанаваць цела благаслаўлёнага. Памаліцца каля цела Яна Паўла ІІ мелі магчымасць усе прысутныя.

Мерапрыемства асвятлялі звыш дзвюх тысяч журналістаў. Жыхары многіх краін свету змаглі ўбачыць урачыстую літургію ў прамым эфіры. Жыхары Беларусі мелі магчымасць далучыцца да літургіі праз онлайн трансляцыю ў інтэрнэце на партале catholic.by.


Паводле матэрыялаў catholic.by

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла