Водар яго святасці

З гаміліі Святога Айца Бэнэдыкта XVI
падчас беатыфікацыі Яна Паўла ІІ

...І вось доўгачаканы дзень настаў; ён настаў хутка, бо так спадабалася Пану Богу: Ян Павел ІІ благаслаўлёны!...
1 мая 2011 г., Ватыкан, плошча святога Пятра.

Дарагія браты і сёстры!

Шэсць гадоў таму мы былі сабраныя на гэтай плошчы з нагоды пахавання папы Яна Паўла ІІ. Вялікім быў боль той страты, але яшчэ большым за яго было адчуванне невымернай ласкі, што ахінула Рым і ўвесь свет: ласкі, што стала нібы плёнам цэлага жыцця майго ўмілаванага Папярэдніка, а асабліва ягонага сведчання ў цярпенні. Ужо ў той дзень мы адчувалі ў паветры водар ягонай святасці, і Божы народ па-рознаму выяўляў сваю пашану да яго. Менавіта таму я пажадаў, каб, з належным захаваннем прынятых у Касцёле нормаў, яго беатыфікацыйны працэс адбыўся як мага хутчэй. І вось доўгачаканы дзень настаў; ён настаў хутка, бо так спадабалася Пану Богу: Ян Павел ІІ благаслаўлёны! <...>

Дарагія браты і сёстры, сёння перад нашымі вачыма ў поўным духоўным святле ўваскрослага Хрыста ззяе любы і шанаваны вобраз Яна Паўла ІІ. Сёння яго імя далучаецца да грамады святых і благаслаўлёных, якіх ён сам абвясціў на працягу амаль дваццаці сямі гадоў свайго пантыфікату, з моцаю нагадваючы пра ўсеагульнае пакліканне да ўзнёслага хрысціянскага жыцця, да святасці, як сцвярджае саборная Канстытуцыя пра Касцёл Lumen gentium. Усе, хто належыць да Божага народа, — біскупы, святары, дыяканы, свецкія вернікі, манахі і манашкі, — усе мы знаходзімся ў дарозе да нябеснай айчыны, куды перад намі ўвайшла Панна Марыя, выключным і дасканалым чынам з’яднаная з таямніцаю Хрыста і Касцёла. Караль Вайтыла, напачатку як дапаможны біскуп, а потым у якасці Кракаўскага арцыбіскупа, удзельнічаў у ІІ Ватыканскім Саборы і вельмі добра ведаў, што прысвячэнне Марыі апошняга раздзела дакумента пра Касцёл вызначала Маці Адкупіцеля як вобраз і ўзор святасці для кожнага хрысціяніна і для ўсяго Касцёла. Такое тэалагічнае бачанне благаслаўлёны Ян Павел ІІ адкрыў у маладосці, а потым захоўваў і паглыбляў яго на працягу ўсяго жыцця. Бачанне, што змяшчаецца ў біблейскай іконе ўкрыжаванага Хрыста з Марыяй, Яго Маці, якая стаіць побач. Гэтая ікона, якую мы бачым у Евангеллі паводле святога Яна (19, 25–27), увасобленая ў біскупскім, а пазней папскім гербе Караля Вайтылы: залаты крыж, унізе справа літара «М» і дэвіз «Totus tuus», што адпавядае славутаму выказванню святога Людвіка Марыі Грыньён дэ Манфора, у якім Караль Вайтыла знайшоў асноватворны прынцып для свайго жыцця: «Totus tuus ego sum et omnia mea tua sunt. Accipio Te in mea omnia. Praebe mihi cor tuum, Maria. — Я ўвесь Твой, а ўсё маё — Тваё. Я прымаю Цябе як маё ўсё. Дай мне Тваё сэрца, Марыя» («Трактат пра сапраўдную пабожнасць да Найсвяцейшай Панны», 266).

У сваім тэстамэнце новы благаслаўлёны напісаў: «Калі 16 кастрычніка 1978 года канклаў кардыналаў выбраў Яна Паўла ІІ, Прымас Польшчы кардынал Стэфан Вышынскі сказаў мне: „Заданне новага Папы — увесці Касцёл у трэцяе тысячагоддзе“». І дадаў: «Хачу яшчэ раз выказаць падзяку Духу Святому за вялікі дар ІІ Ватыканскага Сабору, даўжніком якога разам з усім Касцёлам, і асабліва з усім Епіскапатам, я сябе адчуваю. Я перакананы, што яшчэ доўга новыя пакаленні будуць чэрпаць з тых багаццяў, якімі гэты Сабор ХХ стагоддзя адарыў нас. Як біскуп, які ўдзельнічаў у падзеях Сабору ад першага да апошняга дня, хачу даверыць гэтую вялікую спадчыну ўсім, хто пакліканы да яе рэалізацыі. Сам жа дзякую Вечнаму Пастыру за тое, што дазволіў мне служыць гэтай вялікай справе на працягу ўсіх гадоў майго пантыфікату». Што ж гэта за «справа»? Гэта менавіта тое, пра што Ян Павел ІІ абвясціў падчас сваёй першай урачыстай Імшы на плошчы святога Пятра ў векапомных словах: «Не бойцеся! Адкрыйце і нават расчыніце насцеж дзверы Хрысту!» Тое, да чаго новаабраны Папа заклікаў усіх, ён сам зрабіў першым: ён адкрыў для Хрыста грамадства, культуру, палітычныя і эканамічныя сістэмы, адвярнуўшы з сілаю волата — сілаю, якую даваў яму Бог, — тое, што здавалася незваротным.
Сваім сведчаннем веры, любові і апостальскай адвагі, поўным чалавечай чуласці, гэты славуты сын польскага народа дапамог хрысціянам ва ўсім свеце перастаць баяцца быць хрысціянамі, належаць да Касцёла, абвяшчаць Евангелле. Адным словам, ён дапамог нам перастаць баяцца праўды, бо праўда — гэта гарантыя свабоды.

І яшчэ адна выснова: ён вярнуў нам сілу, каб верыць у Хрыста, бо Хрыстус — Redemptor hominis — Адкупіцель чалавека: такою была тэма яго першай энцыклікі, што стала праводнаю ніццю да ўсіх наступных.

Караль Вайтыла ўступіў на Пятровы пасад, несучы з сабою сваё глыбокае разуменне супрацьстаяння паміж марксізмам і хрысціянствам, у цэнтры якога знаходзіўся чалавек. Яго пасланне было наступным: чалавек — гэта шлях Касцёла, а Хрыстус — шлях чалавека. З гэтым пасланнем, што з’яўляецца вялікаю спадчынай ІІ Ватыканскага Сабору і яго «стырнавога» — Слугі Божага Паўла VI, Ян Павел ІІ правёў Божы народ праз парог трэцяга тысячагоддзя, які менавіта дзякуючы Хрысту ён змог назваць «парогам надзеі». Так, на працягу доўгага шляху падрыхтоўкі да Вялікага Юбілею ён надаў хрысціянству новы кірунак на будучыню, Божую будучыню, трансцэндэнтную ў адносінах да гісторыі, але якая ўсё ж уплывае на гісторыю. Гэты зарад надзеі, які быццам бы адступіў перад марксізмам і ідэалогіяй прагрэсу, ён законна вярнуў хрысціянству, аднавіўшы яго сапраўднае аблічча надзеі, каб жыць у гісторыі ў духу «Адвэнту», скіраваўшы асабістае і грамадскае існаванне да Хрыста, да паўнаты чалавека і здзяйснення ягоных чаканняў справядлівасці і міру. <...>

Благаслаўлёны ты, умілаваны папа Яне Паўле ІІ, бо паверыў! Просім цябе, працягвай з неба падтрымліваць народ Божы. Амэн.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла