Нябесная зорка Яна Паўла Вялікага

Мне, як чалавеку, які добра ведаў папу Яна Паўла II, было вельмі цяжка пагадзіцца з тым, што яго не стала. Хоць праўда хрысціянскай веры нагадвае пра жыццё вечнае і я быў упэўнены, што ён знаходзіцца ў доме нябеснага Айца, аднак чыста па-чалавечаму было нялёгка прыняць праўду, што яго няма сярод нас. Думаю, што не адзін я мучыўся такімі думкамі шэсць гадоў таму, асабліва падчас цырымоніі пахавання 8 красавіка 2005 года.

Аднак падчас урачыстасцяў беатыфікацыі панавала зусім іншая атмасфера. Яна адчувалася ўжо ў аэрапорце «Fiumicino» — паветраных варотах Рыма, на чыгуначным вакзале сталіцы Італіі «Termini», на вуліцах і плошчах Вечнага горада. Паўсюду былі плакаты з выяваю Яна Паўла II і яго словамі. Пілігрымы з усіх куткоў свету, якіх было вельмі шмат, крочылі ў прыпаднятым святочным настроі. На вуліцах і пляцах горада — не прайсці і не праехаць. Але ніхто не наракаў, бо ўсе ведалі, навошта яны сюды прыехалі. Рым адчуваў сябе сусветнай сталіцай. І гэта зразумела, бо Касцёл афіцыйна прызнаў святасць таго, хто ўзначальваў яго больш за чвэрць стагоддзя і шчасліва ўвёў у новае трэцяе тысячагоддзе. 

Плошча св. Пятра была святочна ўпрыгожаная, а на каланадзе ўсе чыталі першыя словы пантыфікату Яна Паўла II: «Адчыніце дзверы Хрысту». Яны цяпер успрымаюцца як вечна жывы і заўсёды актуальны тэстамэнт Вялікага Папы.

Усюдыісныя журналісты таксама запаланілі Вечны горад: кожны хацеў даведацца як мага больш і першым перадаць сваю інфармацыю.

Ва ўсіх касцёлах стаялі вялікія чэргі да споведзі, на «Circo massimo» — начное малітоўнае чуванне, на пляцах — канцэрты і выступленні мастацкіх калектываў.

Словам, гэта было грандыёзнае свята, кульмінацыйным пунктам якога сталася св. беатыфікацыйная Імша. Бурай авацый спаткалі людзі, запоўніўшыя плошчу св. Пятра, прылеглыя вуліцы і плошчы, урачыста прамоўленыя папам Бэнэдыктам XVI словы формулы беатыфікацыі і адкрыццё афіцыйнай выявы благаслаўлёнага Яна Паўла II.

Асаблівае ўражанне зрабіла вельмі глыбокая і актуалізаваная гамілія Бэнэдыкта XVI. У ёй Папа звярнуў увагу на тое, што Ян Павел II, заклікаючы чалавецтва адчыніць дзверы Хрысту, сам зрабіў гэта першым. Менавіта ён адкрыў для Хрыста грамадства, культуру, палітычныя і эканамічныя сістэмы, адвярнуўшы з сілаю волата — сілаю, якую даваў яму Бог, — тое, што здавалася незваротным. Ён надаў хрысціянству новы кірунак на Божую будучыню, якая можа ўплываць на гісторыю. Гэты зарад надзеі, які нібыта ўжо адступіў перад марксізмам і ідэалогіяй прагрэсу, ён вярнуў хрысціянству, аднавіўшы яго сапраўднае аблічча надзеі ў Хрысце.

Каля 300 беларускіх пілігрымаў прыбылі ў Рым на беатыфікацыю. У рымскай базыліцы Маці Божай Вялікай «Santa Maria Maggiore» яны прынялі ўдзел у Імшы падзякі, якую я ўзначаліў і якую са мною канцэлебравалі біскупы Аляксандр Кашкевіч, Уладзіслаў Блін, Антоні Дзям’янка, архімандрыт Сяргей Гаек і 17 святароў.

Беатыфікацыя яшчэ раз паказала непараўнальную ні з чым папулярнасць Яна Паўла II і радасць быцця хрысціянінам, мэтай якога ёсць жыццё вечнае.

...Чалавецтва заўсёды ставіць сваім героям помнікі, але вышэй за іх узносяцца нерукатворныя помнікі святых, якія на самай справе з’яўляюцца ніколі не гаснучымі зоркамі на небасхіле жыцця. Такой зоркай ёсць новы благаслаўлёны Ян Павел Вялікі, да якога мы звяртаемся з гарачай малітвай: благаславі нас
з вакна нашага нябеснага Айца!


Арцыбіскуп
Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла