Пакліканыя жыць у хвале Божай

Сёмая велікодная нядзеля — 5 чэрвеня 2011 г.

Чытанні: Дз 1, 12–14; Пс 27 (26), 1. 4. 7–8а; 1 П 4, 13–16
Евангелле паводле Яна 17, 1–11а

Езус уславіў Айца, калі выканаў Яго волю. Ён здзейсніў гэта ў свеце як чалавек, як адзін з нас. Праз уцелаўленне Божага Сына, праз Яго жыццё, да канца адданае Айцу, Яго смерць, уваскрасенне і ўнебаўшэсце зямная рэчаіснасць была ўключаная ў вялікія Божыя справы.

Нашае жыццё можа цяпер быць жыццём Божых дзяцей. Цяпер кожны наш дзень можа быць напоўнены Божай хвалою, а нязначныя жыццёвыя справы могуць дапамагчы ў збаўленні свету. Калі, з’яднаныя з Езусам, мы імкнемся чыніць дабро, нават найменшае, — мы праслаўляем Бога, калі пакутуем дзеля справядлівасці, дзеля дабра і праўды — мы праслаўляем Бога, калі змагаемся з нашымі грахамі і слабасцямі, даводзім да ладу сваё жыццё — мы праслаўляем Бога.

З’яднаныя з Езусам у праслаўленні Бога, мы таксама прымаем удзел у хвале, якую атрымлівае Сын ад Айца. Сын Божы для таго стаў чалавекам, каб чалавек прыняў удзел у Бостве. На гэтым грунтуецца веліч нашага паклікання: мы былі пакліканыя да ўдзелу ў жыцці Святой Тройцы. Мы яшчэ не да канца здольныя ўбачыць гэтую рэчаіснасць, але дзякуючы Духу Святому яна можа прысутнічаць у нашым жыцці. Яна стварае перспектыву, якая можа цалкам нас змяніць, даць унутраную свабоду і радасць нават у жыццёвых цяжкасцях. Бо ўжо не смерць з’яўляецца заканчэннем нашага жыцця, а ўваскрасенне.


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла