Спакуса «раю»

Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы — 19 чэрвеня 2011 г.
Чытанні: Зых 34, 4b–6. 8–9; Дан 3, 52. 53 і 54. 55 і 56; 2 Кар 13, 11–13
Евангелле паводле Яна 3, 16–18


Тры спакусы, якiмi Пан Езус быў выпрабаваны ў пустынi (гл. Мц 4, 1–12), можна аб’яднаць. Князь гэтага свету, прапануючы ўсе «даброты» зямныя, пераследаваў гэтым адзiную мэту: любым спосабам адцягнуць Сына Чалавечага ад перспектывы вечнага жыцця. Гэта была прапанова раю, але раю зямнога.

Гэтая спакуса датычыць кожнага пакалення і адначасова выяўляе глыбокае прагненне кожнага чалавека знайсці рай. Але спакуса ў тым i заключаецца, што гэты рай чалавек пачынае шукаць выключна на зямлi. З гэтай нагоды варта ўзгадаць крывавую бальшавiцкую дыктатуру, калi людзям увесь час казалi пра «светлую будучыню», якая павiнна неўзабаве настаць. І шмат людзей верылі гэтаму, чакалі. А калi «светлая будучыня» нe прыходзiла на працягу iх жыцця, яны верылi, што прынамсi iх дзецi або ўнукi дажывуць да гэтага часу. Цяпер «новы рай» стварaецца на Захадзе, так званы рай дабрабыту, дзе людзi настолькi занятыя дасканаленнем свайго грамадства i ўласнымi зямнымi патрэбамi, што забываюцца пра iншыя краiны, якім патрэбная дапамога, а перадусiм губляюць сэнс i мэту свайго iснавання.

На жаль, штодня мы настолькi заглыбленыя ў справы гэтага свету, што часам нават i на хвiлiнку не хочам задумацца пра сэнс свайго iснавання, пра мэту, да якой павiнны iмкнуцца. А калi нават штосьцi такое і прыходзiць да галавы, то некаторыя імкнуцца як мага хутчэй ад гэтай думкi ўцячы, кiнуцца ў мiтусню, мiшуру свету. У гэтым iзноў можна распазнаць спрытную спакусу д’ябла, якi любым спосабам стараецца адцягнуць чалавека ад Стварыцеля. Гэта вораг звычайна нашэптвае нам: «Знайдзi час на ўсё, толькi не на Бога. Пастаў справы матэрыяльныя над справамi духоўнымi і будзеш шчаслiвы».

Пан Езус, перамагаючы спакусы злога духу, паказаў, што «не хлебам адным будзе жыць чалавек» (Лк 4, 4), што на самай справе ёсць жыццё вечнае, да якога трэба iмкнуцца ўсiмi сiламi. А таму кожны хрысцiянiн павiнен шукаць перадусiм Валадарства Божага. Амэн.


Айцец Віталь Сапега ОР

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла