Універсальная расліна

Лісце бярозы (у выглядзе настою) таксама прымяняюць як мачагонны сродак пры ацёках, што звязаны з сардэчна-сасудзістай недастатковасцю. Пры гэтым выдзяленне мачы ў такіх хворых за суткі ад 400 мл павялічвалася да 2,5 літраў. Назіралася знікненне ацёкаў, памяншэнне адышкі, паляпшэнне агульнага стану.

Лісце бярозы рэкамендуецца пры захворваннях нырак (нефрозах і нефрытах, мачакіслым дыятэзе). Пры гэтым таксама ўстаноўлена, што яно не толькі бясшкоднае, але, наадварот, паляпшае функцыю нырак.

Настой з лісця гатуюць наступным чынам: 1 ст. л. здробненага лісця трэба заліць 1 шклянкай кіпятку, настойваць 6 гадзін, а потым працадзіць. Прымаць на працягу дня па 1/4 шклянкі.

Лісце бярозы ўваходзіць у склад фіталізіна, што прымяняецца як мачагонны, процізапаленчы, спазмалітычны сродак і для выдалення камянёў з нырак і мачавога пузыра.

Народная медыцына раіць прымяняць лісце для лячэбных ваннаў пры радыкуліце, рэўматызме, падагры, паралічах, а адварам з лісця мыць галаву для ўмацавання і лепшага росту валасоў.

Ванны з бярозавага лісця прыносяць палёгку пры сустаўным рэўматызме і падагры. Свежае або сухое распаранае лісце ўжываюць для кампрэсаў пры рэўматычных хваробах.  У навуковай медыцыне адвар пупышак і лісця ўжываюць унутр у якасці мачагоннага і жаўцягоннага сродкаў, а адвар або настой лісця — пры авітамінозах. Клінічнымі даследаваннямі ўстаноўлена, што настой лісця дае добрыя вынікі пры лячэнні ацёкаў сардэчна-сасудзістага паходжання. Гарачыя ванны са спіртавой настойкай пупышак ужываюць для лячэння вострых і хранічных экзэмаў.

Бярозавы дзёгаць таксама славуты сваімі лекавымі ўласцівасцямі. Ён ўтрымлівае фенол, дыёксібензолы, крэзолы і г.д. Ён валодае адметным супрацьмікробным і супрацьпаразітарным дзеяннем і прызначаецца для лячэння захворванняў скуры (экзэмы, каросты, лускаватага лішаю і інш.) у выглядзе 10–30% мазі, лініментаў.

У народнай медыцыне ў якасці лекавага сродку пры анкалагічных захворваннях прымянялі адвар і настой чагі — бярозавага грыба. Навуковымі даследаваннямі выяўлена, што чага павышае ахоўныя рэакцыі арганізма, актывізуе абмен рэчываў у мазгавой тканцы, павышаючы біяэлектрычную актыўнасць кары галаўнога мозга; пры ўнутраным і вонкавым прымяненні яна аказвае таксама процізапаленчае дзеянне. Эксперыментальна даказана, што чага стрымлівае рост некаторых пухлінаў.

Адвар з бярозавага грыба зніжае артэрыяльны і вянозны ціск. Прымяненне адвару (разведзенага вадой 1:5) максімальна зніжае ўзровень глюкозы ў сыраватцы крыві ўжо праз 1,5–3 гадзіны пасля ўжывання адвару. Узровень цукру паніжаецца на 15,8–29,9%. Устаноўлена таксама, што такі эфект дае толькі адвар з унутранай часткі грыба, адвар з кары грыба такой уласцівасці не мае.

Бярозавы грыб рэкамендуюць як агульнаўмацавальны і процізапаленчы сродак пры захворваннях страўнікава-кішачнага тракта і як сімптаматычны сродак пры пухлінах рознай лакалізацыі. Ён хутка суцішвае боль, нармалізуе функцыю кішачніка, павышае агульны тонус.

У медыцыне прымяняецца экстракт з чагі — бефунгін (Befungium). Ён аказвае станоўчае дзеянне на працэсы абмену, садзейнічае рубцаванню язвы страўніка і дванаццаціперснай кішкі. Урачы раяць прымяняць яго пры хранічных гастрытах і діскенізіях страўнікава-кішачнага тракта з прыкметамі атаніі. Выкарыстоўваюць яго і пры лячэнні псарыязу, экзэмы, іншых хваробаў скуры, якія спалучаюцца з запаленчымі захворваннямі страўнікава-кішачнага тракта, печані, жоўцевывадной сістэмы.

Лісце лепш за ўсё зрываць раніцай, яго можна нарыхтоўваць на працягу лета, але лепш за ўсё — у чэрвені-ліпені.

Карысныя парады:

* Бярозавае лісце, пакладзенае ў вопратку, аберагае яе ад молі.

* Ранішняя маска: працерці твар ватным тампонам, звільготненым у любым алеі. 1 ст.л. смятаны ці прастаквашы змяшаць з 2 ст.л. бярозавага соку, дадаць 1 лыжачку мёду. Усё змяшаць і намазаць твар на 10–15 хвілін, затым памыцца халаднаватай гатаванай вадой.

* Тым асобам, хто часта прастуджваецца і пастаянна кашляе, карысна піць вясною бярозавы сок з малаком і невялікай колькасцю крухмалу (1 лыжачка), а таксама замест гарбаты піць настой з бярозавых лісця з суніцамі ці трускаўкамі.

* Вельмі карысна заліваць бярозавым сокам ягады брусніцаў — атрымліваецца добры сродак на прастуду і інш. хваробы.

*  Калі выпадаюць валасы, трэба змяшаць бярозавы сок з адварам з кораня лопуха, дадаўшы спірт ці каньяк (2:2:1), і ўціраць у валасы 1–2 разы на тыдзень.


Падрыхтавала
Аліна Лукашэвіч.


Пачатак № 4 (193) 2011

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла