Разважанні аб веры

Раздзел IV

Багатыя і ўбогія сродкі ў Касцёле


Жак Марытэн падзяляе часовыя сродкі, якія ўжывае Касцёл для дасягнення духоўных мэтаў, на багатыя — rich temporal means, і на ўбогія — humble temporal means (гл. J.Maritain, On the Philosophy of History, 70n). Багатымі сродкамі ён называе тыя, якія можна ўбачыць і падаць статыстычна. Як своеасаблівыя сродкі гэтага свету яны ўжо па самой сваёй прыродзе скіраваныя на дасягненне бачнага і  адчувальнага поспеху. Да іх можна аднесці арганізацыі, сходы, паходы, архітэктуру і ўбранства святыняў, аўдыёвізуальныя сродкі, сродкі масавай інфармацыі. Характэрнаю рысаю багатых сродкаў з’яўляецца іх уздзеянне на самалюбства чалавека праз бачнасць эфектаў і вынікаў. З гэтым звязана небяспека прысвойвання гэтых вынікаў і ўзнікненне трыумфалізму.

Другі від сродкаў, паводле Марытэна, — гэта ўбогія сродкі. Яны пазначаны знакам крыжа і ўвасабляюць адну з найглыбейшых евангельскіх ісцінаў: «Калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён» (Ян 12, 24). У гэтых сродках можна заўважыць своеасаблівы парадокс дынамізму веры: чым больш яны ўбогія, г. зн. чым больш аголеныя, мізэрныя самі па сабе і менш бачныя, тым большая іх эфектыўнасць. У супрацьлегласць багатым сродкам гэтыя сродкі не падпарадкаваныя адчувальнаму поспеху і не маюць ніякай унутранай патрэбы ў зямным поспеху.


Убогі Езус

Мы прывыклі разлічваць і ў нашым жыцці, і ў жыцці Касцёла на багатыя сродкі. Нам так моцна хацелася б убачыць трыумф Хрыста, Яго моц і ўладу. Ён тым часам хаваецца: мы бачым Яго ўбогім у Бэтлееме, яшчэ больш убогі Ён на Галгоце і, хіба, найбольш убогі — у Эўхарыстыі. Заходзячы так далёка сваёю ўбогасцю і прыніжэннем, Ён падкрэслівае значэнне ўбогіх сродкаў.

Езус у сваім збаўчым дзеянні выбірае перадусім убогія, пакорныя сродкі. Ніякі знак магутнасці не суправаджае Ягонага нараджэння. Езус прыходзіць да нас як малое Дзіця, цалкам аддадзенае на ласку людзей, якія акружалі Яго. Ён ад іх залежыць, нікому не супраціўляецца, не можа ні здзяйсняць сваю волю, ні абараняцца. Ён дае нам пазнаць сябе найперш праз сваю ўбогасць, прыніжэнне, слабасць. Такім Ён паказаўся ў момант свайго нараджэння і такім будзе ў сваіх муках. Гэтым Ён паказаў, што і ты павінен быць убогім, павінен памерці для сябе, выбраўшы тое, што найбольш эфектыўнае, — убогія сродкі.


Гэта не азначае, што Езус не прымяняў багатых сродкаў. Яго трыумфальны ўезд у Ерузалем — гэта ж багаты сродак, гэта трыумф Хрыста. Езус хацеў паказаць, што калі Ён захоча, то натоўпы складуць Яму найвышэйшую пашану і будуць плашчы слаць перад Ім, што Ён можа зрабіць усё. Але менавіта ў Вербную нядзелю адразу ж пасля трыумфальнага ўезду ў Ерузалем, каб у апосталаў не закружыліся галовы, як гэта нярэдка бывае, каб яны не памыліліся, Езус вымавіў словы, што для многіх былі шокам: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён» (Ян 12, 24).

У жыцці Езуса былі цуды, была гара Табор, але найперш Ён ужываў убогія сродкі. Падчас Ягонага арышту мы бачым яшчэ раз, як Ён прымяніў адзін багаты сродак: палачы вымушаны былі ўпасці перад Ім ніцма ад словаў Езуса (гл. Ян 18, 6), Ён павергнуў іх на зямлю, паказаў ім сваю сілу і моц. Але потым дазволіў ім кпіць, здзекавацца, дазволіў ім пляваць на сябе і крычаць пад крыжам: «Гэй! Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш, уратуй сябе самога, сышоўшы з крыжа! <…> Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць» (Мк 15, 29–31). Езус з глыбокім Божым спакоем прыняў усё гэта, Ён прымяніў гэтыя ўбогія сродкі, якія збаўляюць свет.


Эфектыўнасць убогіх сродкаў

Убогім сродкам з’яўляецца цярпенне, прынятае з любові да Бога, — напрыклад, боль у каленях падчас малітвы, чыесьці, нікому не вядомыя самаахвяраванні, перакрэсліванне ўласнага «я», сціплае жыццё ў глыбокім спакоі, маўчанні, кантэмпляцыі. Пра гэта амаль нічога невядома, гэта сродкі нябачныя, іх не можа сабраць ніякая сацыялагічная статыстыка, але менавіта яны, убогія сродкі, у святле веры маюць вырашальны ўплыў на лёс свету.

Багатыя сродкі — гэта тыя, якія багатыя ў вачах свету, але ў святле веры яны выглядаюць іначай. «Бо неразумнае ў Бога разумнейшае за людзей, — гаворыць св. Павел, — а слабое ў Бога мацнейшае за людзей». (1 Кар 1, 25). Тое, што ўбогае ў вачах людзей, багатае ў вачах Бога. Такім чынам, самымі багатымі з’яўляюцца ўбогія сродкі, яны самыя эфектыўныя, яны з’яўляюцца праяўленнем сапраўднай мудрасці, мудрасці евангельскай. Прымяненне багатых сродкаў толькі тады будзе эфектыўным, калі будзе абапірацца на ўбогія сродкі, — на глыбокае ўнутранае духоўнае жыццё, жыццё малітвай, самаадрачэнне, поўную адданасць Богу. Эфектыўнасць убогіх сродкаў вынікае з прысутнасці Хрыста ў душы, адпаведна з прынцыпам, што Бог аддаецца душы паводле таго, як яна аддаецца Яму. Справа дзейснага жыцця, — гаворыць св.Тамаш Аквінскі, — паўстае з паўнаты кантэмпляцыі (Summa theologica 2, 2, qu.188). Эфектыўнасць багатых сродкаў (арганізацыйна-прававога апостальства) вынікае з багацця ўбогіх сродкаў, а не наадварот. Багатыя сродкі могуць мець знешнія абмежаванні, напрыклад, з-за недахопу часу, фізічных сіл, арганізацыйных здольнасцяў ці з прычыны пераследу Касцёла. Убогіх жа сродкаў у Касцёла немагчыма забраць пры дапамозе знешніх фактараў. Іх недахоп нельга
апраўдаць, бо для іх рэалізацыі неабходныя толькі добрая воля і любоў.

Багатыя сродкі таксама патрэбны Касцёлу і таму не трэба іх адкідваць. Пан Бог не хоча аднабаковасці, Ён хоча, каб была каталіцкая прэса, каб былі разнастайныя формы бачнага апостальства. Святы Максіміліян Кольбэ з’яўляецца ў пэўным сэнсе апекуном багатых сродкаў. Ён марыў пра іх і дачакаўся, калі мільён экзэмпляраў часопіса «Рыцар Беззаганнай» разышоўся па свеце. Гэта ён раздаваў на вуліцах японскіх гарадоў так званыя «кулькі» — цудоўныя медалікі. Ён марыў пра тое, каб на служэнні ў Беззаганнай Панны былі радыёстанцыі, самалёты, караблі. Такімі багатымі сродкамі нельга не карыстацца, бо яны таксама павінны быць упрэжаныя ў службу Пану. Аднак мы павінны памятаць, што іх эфектыўнасць вынікае з прысутнасці ўбогіх сродкаў.

Святы Максіміліян быў чалавекам поспеху — так многае яму ўдавалася зрабіць. Ён заснаваў Непакалянаў каля Сахачова, які стаў гонарам усяго Касцёла, засноўваў такія ж Непакалянавы на іншых кантынентах. Аднак гэты несумненны поспех быў дасягнуты дзякуючы ўбогім сродкам, пра што сведчыў сам св. Максіміліян. «Калі ўжо ўсе сродкі не апраўдалі надзеяў, — гаварыў ён, — калі мяне прызналі прапашчым чалавекам, калі кіраўніцтва ордэну вырашыла, што я ні да чаго не варты, тады Беззаганная Панна ўзяла ў рукі гэтую нікуды не вартую прыладу» (M.Winowska, Szaleniec Niepokalanej, 71). Гэта Марыя, якой ён аддаў усяго сябе, узяла гэтую ягоную «нікчэмнасць», каб паслугавацца ім дзеля пашырэння Божай хвалы і здабывання душаў. Эфектыўнасць яго апостальства і працы ў службе Беззаганнай пачалася тады, калі ён захварэў так цяжка, што браты і кіраўніцтва ордэну вырашылі, што з-за хранічнага туберкулёзу ён не прыдатны для працы; калі ў ім усумніліся ўсе, калі ён быў цалкам аголены — пазбаўлены ўсяго — падобна зерню, якое памірае, каб прынесці плён. Гэта такі Божы парадокс. Чалавек, які, мяркуючы па-людску, не прыдатны ўжо ні на што, становіцца самаю эфектыўнаю прыладаю ў руках Пана, бо гэта Ён у ім жыве і Ён у ім дзейнічае, гэта Бог дасягае ў ім поспеху.

Вера — гэта прызнанне ўласнай бездапаможнасці і чаканне ўсяго ад Бога, а дакладней, досвед бездапаможнасці і чаканне ўсяго ад Бога — гэта par excellence ўбогія сродкі. Ці ты бачыш іх вартасць у сваім жыцці? Бог жа пэўна не шкадуе для цябе такіх выпадкаў. Хто з нас не перажывае моманты мучэнняў, нейкіх асаблівых цяжкасцяў, перыядаў духоўнай пустыні? Хто з нас не пакутуе ці то ад самога сябе, ці то ад нейкіх знешніх абставінаў нашага жыцця? Гэтага ўсяго нельга ўбачыць, класіфікаваць, ацаніць. Гэта настолькі схавана, што ніякіх статыстычных дадзеных па гэтай праблеме няма. Бо хто ж можа ведаць пра тое, што калісьці ў пэўны момант свайго жыцця ты сказаў Богу: «Так, я хачу — хачу ўсяго, чаго Ты ад мяне чакаеш»; што калісьці, калі табе было так невыносна цяжка, можа, праз слёзы, ты сказаў Яму, што любіш Яго і хочаш Яго любіць. Хто ведае, колькі разоў табе ўдалося пераадолець сябе, адмовіць сабе ў нечым, пераламаць сваю волю? Гэта самыя важныя для цябе, для Касцёла і для свету ўбогія сродкі, якія прызываюць Божую моц. Колькі ж разоў Бог даваў табе нагоду, каб ты іх выкарыстоўваў. Можа, ты тыя нагоды марнаваў і не хацеў прымаць бясцэнныя дары Бога? Можа, ты нават меў прэтэнзіі і бунтаваўся тады, калі Ён амаль сілком падсоўваў іх табе і прасіў, каб ты не адкідваў таго, што  так важна ў справе ратавання свету. Той, каго назвалі Божым Жабраком, найлепей ведае каштоўнасць убогіх сродкаў. Таму не забывай, што вельмі важна, каб ты перанёс прыніжэнне з радасцю, каб, нягледзячы на свой смутак, ты спрабаваў усміхацца, каб насуперак сваім перажыванням ты стараўся глядзець на свет радасна, з вераю, што любоў, безумоўна, пераможа. Бог не пагарджае нічым — ні болем у тваіх каленях, якія, можа, моцна баляць, калі ты кленчыш, ні хворымі нагамі, калі табе балюча стаяць у касцёле. Ён ведае пра ўсе ўбогія сродкі, якія дадзены ў тваё распараджэнне, прыняць ці адкінуць якія ты вырашаеш у глыбіні свайго сэрца. Адначасна менавіта там, у тваім сэрцы, вырашаюцца лёсы тваіх блізкіх і твой лёс. Дзейнасць убогіх сродкаў, якія самі па сабе неэфектыўныя ў дасягненні мэты, з’яўляецца дзейнасцю па прынцыпе веры і ўказвае на дзеянне самога Бога.

Ты кажаш, што молішся за кагосьці няверуючага, што вельмі шмат молішся аб нечым навяртанні ці аб здароўі для некага. Але ж усё залежыць ад таго, якая гэтая твая малітва. Іншы раз хапіла б твайго аднаго «так», сказанага Богу з радасцю. Гэты звычайны, убогі, непрыкметны сродак сапраўды можа рабіць цуды. Калі табе цяжка, калі Пан прапануе табе ўдзел у тым, што ў справе збаўлення душ з’яўляецца самым важным, падумай пра Яна Паўла ІІ, пра яго цярновы вянок злоснай крытыкі і яго вялікую стомленасць, асабліва падчас яго такіх частых падарожжаў па свеце. Падумай пра св. Максіміліяна, гэтага святога, якому так шмат удавалася зрабіць, але коштам убогіх сродкаў. Ён жа вельмі часта задыхаўся, асабліва падчас падарожжаў, калі, як ён пісаў у сваіх лістах, не хапала паветра і зусім не меў сілы. Той, якога назвалі «шаленцам Беззаганнай», быў шаленцам у прымяненні ўбогіх сродкаў.

Калі ты не зразумеў вартасці ўбогіх сродкаў, то ты не зразумеў, як належыць, чым увогуле з’яўляецца хрысціянства па сваёй сутнасці і глыбіні. Бо калі ты не разумееш каштоўнасці і сэнсу ўбогіх сродкаў, то ты не разумееш крыжа, а крыж жа знаходзіцца ў цэнтры Касцёла. Гэта з крыжа Езус усё пацягнуў да сябе, з таго крыжа,  пад якім стаяла Ягоная Маці, якая не адступіла перад страшнымі цярпеннямі Збавіцеля ад свайго «так».  Менавіта з крыжа няспынна сплывае Божая ласка адкуплення і асвячэння свету. Збавіцель прыцягвае цябе не сваім трыумфальным уездам у Ерузалем, але крыжам, і з крыжа заклікае цябе пайсці за Ім, каб ты палюбіў Яго так, як Ён палюбіў цябе, — «аж да рэшты».

Апякункай убогіх сродкаў з’яўляецца Марыя. Тая, якая, паводле людскіх меркаванняў, не зрабіла ў сваім жыцці ніякай вялікай справы. У Яе жыцці няма ўвогуле ніякіх багатых сродкаў; ёсць убогасць, маўчанне, укрытае жыццё, пакора, паслухмянасць, малітва, кантэмпляцыя, цалкавітае адданне Богу. Яе жыццё, поўнае прастаты і выкарыстання ўбогіх сродкаў, было жыццём, укрытым у Богу. Да такога жыцця Яна запрашае і цябе. Яна хоча, каб ты жыў верай, каб і ў тваім сэрцы панавала жаданне прымяняць убогія сродкі па прыкладзе Назарэта. Яна хоча, каб ты зразумеў праўду, заключаную ў словах Яна ад Крыжа: «Драбніца чыстай любові — убогі сродак — больш каштоўная ў вачах Бога і для душы, і больш прыносіць карысці для Касцёла, чым усе іншыя справы, разам узятыя» (Pieњс duchowa, str. XXIX, 2).

Пераклад Міколы Новікава, магістра тэалогіі.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла