Пра Яна Паўла ІІ як візіянера

З інтэрв’ю з арцыбіскупам Юзафам Міхалікам, кіраўніком Епіскапату Польшчы

— Апошнім пунктам у беатыфікацыйным працэсе Яна Паўла ІІ было прызнанне цуду, які адбыўся праз яго заступніцтва. Як Вы лічыце, што было найбольшым цудам у пантыфікаце Яна Паўла ІІ?

— Было шмат прыкладаў незвычайнай ласкі. Першым, на самым пачатку пантыфікату, было тое, што Яна Паўла ІІ прынялі рымляне. Рэдкая дыяцэзія была б у стане прыняць чужаземца. У гэтым выявілася культура старога Рыма, хрысціянская, каталіцкая культура. Гэта першы вялікі і цікавы знак. Пазней, мне здаецца, цудам было тое, што Папа <...> застаўся самім сабою. Ён часта казаў аб любові да Айчыны і аб патрыятызме. Сказаць на Захадзе «Айчына» — гэта ўжо значыць выклікаць збянтэжанасць. А для яго Айчына — гэта была праца, гэта была любоў, гэта была ўнутраная трансцэдэнтальная сувязь з нябеснай Айчынай.

Чарговы цуд?.. Я памятаю адну з нашых размоваў. Я сказаў: «Пан Бог даў Святому Айцу вялікую ласку пакутніцтва», бо ў першапачатковым Касцёле пакутнік, які праліў кроў дзеля справы Касцёла, быў асаблівым чалавекам. Ён таксама меў права ўплыву на рэчаіснасць. Напрыклад, святы Кіпрыян паказвае нам, што пакутнік, заступаючыся ў Касцёле за нейкага грэшніка, асуджанага пакутаваць да смерці, атрымліваў для яго вызваленне ад гэтай пакуты, і той, хто знаходзіўся ва ўпадку, здрадзіўшы Касцёлу, мог тады навярнуцца. Мне здавалася, што Папа атрымаў гэтую вялікую ласку.

Для мяне цудам быў таксама канец яго пантыфікату: гэта быў ужо слабы Папа, якога пераконвалі задумацца, ці не прыйшоў яму час сысці. Аднак ён глядзеў далей у будучыню, ведаў, што калі ён Totus Tuus, то мусіць дарэшты і да канца аддаваць сябе Пану Богу. Гэта гераічны давер: ён не хацеў думаць пра сябе. Таксама я ведаю, што папа Ян Павел ІІ не хацеў маліцца аб сваім здароўі. Яго пераконвалі: «Чаму Святы Айцец не моліцца аб сваім здароўі?» Ён жа адказваў: «Трэба маліцца аб спаўненні волі Божай, а не аб уласным здароўі». Гэта вялікі прыклад жывой веры. Гэта было для мяне вялікім знакам, і людзі яшчэ больш ухвалялі яго за гэта, бо бачылі, што кожнае яго слова, кожная справа маюць вартасць. А ён ішоў, ехаў да гэтых людзей, яго везлі да іх... Мне здаецца, што гэта таксама можна лічыць цудам, які сведчыць нам, што людзі лепшыя, чым мы думаем, што ў чалавеку чуйнасць да дабра, да асабістага сведчання іншага чалавека не знікла і не знікне ў свеце.

— Вы працавалі ў Ватыкане, былі рэктарам Польскага калегіума, адкуль Караль Вайтыла выехаў на канклаў і вярнуўся ўжо як Папа. Як выглядала супрацоўніцтва са Святым Айцом?

— Мне цяжка назваць сябе супрацоўнікам, я быў хутчэй выканаўцам даручэнняў. Бясспрэчна, у яго з самага пачатку быў свой стыль. Гэта Папа, які наведаў усе дыкастэрыі, усе службы... Для ўсіх гэта было вельмі істотна, нават для біскупаў і кардыналаў. Папа Ян Павел ІІ прыходзіў у канцылярыю, з кожным размаўляў... Гэта таксама праява яго чалавечнасці. Я бачыў, як паспяхова ён рэалізоўваў свае ідэі і намеры. Я ведаю, з якімі цяжкасцямі цягнулася ў Ватыкане праца моладзевай секцыі, тое, што сёння з’яўляецца адной з візітак пантыфікату — Сусветныя дні моладзі. Неаднойчы ён быў вымушаны на нейкі час адмовіцца ад сваіх планаў, але заўжды да іх вяртаўся і ажыццяўляў. Для мяне гэта доказ таго, што Папа меў уласны светапогляд, які датычыў свецкіх людзей, сем’яў, моладзі, абароны жыцця, хворых. За думкаю ішоў клопат пра будаванне структуры — а менавіта збіранне людзей для працы над праектам. І сёння мы маем, напрыклад, Акадэмію «Pro Vita», Папскую Раду душпастырства службы здароўя. Гэтая справа жыве. Папа Ян Павел ІІ глядзеў далёка ў будучыню і, калі прыгледзеўся да магчымасцяў Касцёла, імкнуўся, каб яны былі выкарыстаныя. Ён шукаў людзей для выканання сваіх задумаў, і я перакананы, што гэта прыдасца Касцёлу, бо гэта тыя вобразы святых, якія застаюцца ў гісторыі надоўга.

— Як бы Вы ахарактарызавалі Яна Паўла ІІ як святара?

— Ён быў дарэшты адданы Пану Богу. Гэта быў пустэльнік, самотнік, сапраўдны муж Божы, які ахвяраваў сябе Богу, каб пасля ахвяраваць сябе людзям. Ён злучыў у сабе харызму асабістага захаплення Панам Богам і ўкаранення ў людзях. Бо святар — гэта пасрэднік між Богам і людзьмі. Ён дасканала адчуваў сябе на малітве, без якой не змог бы ажыццявіць свайго святарства, а з іншага боку — любіў людзей і меў у іх патрэбу. Яго дом зранку да вечара быў поўны людзей. Я памятаю, што калісьці як рэктар быў запрошаны на абед з адным біскупам з Польшчы. Папа апавядаў за сталом, з кім ужо сёння паспеў сустрэцца. Той біскуп сказаў: «Святы Ойча, я асабіста чакаю, калі нарэшце застануся адзін. Ці Вы ад гэтага не пакутуеце?» А Папа заўсміхаўся і адказаў: «Я нядобра сябе адчуваю, калі тут нікога няма».

— У пэўны момант кожны можа адчуць сябе змучаным бясконцымі сустрэчамі, а ён заўжды ствараў для іх умовы...

— Так заўсёды было. Я памятаю, як Папа, яшчэ калі быў кардыналам, затрымліваўся ў Польскім калегіуме, часта пасля шэрагу важных сустрэчаў вяртаўся позна. Аднак, калі адбывалася якаясьці святочная сустрэча з нагоды дня нараджэння нейкага святара, мы часта чулі стук у дзверы, і ўваходзіў Вайтыла. Ён сядаў і спяваў разам з намі. Гэта было істотнаю часткаю яго асобы: ён не баяўся, што страціць нешта, кантактуючы з людзьмі.

Я мяркую, што пантыфікат папы Яна Паўла ІІ — дар для ўсіх людзей. Мне здаецца, што наш абавязак — паглыбляць гэтыя сувязі цяпер на падмурку веры, бо паслуга Яна Паўла ІІ для Касцёла не скончаная. Яна працягваецца і будзе працягвацца ў іншым вымярэнні, пра што кажа нам вера. І менавіта гэта — тое цудоўнае святло, якое ў чарговы раз запальваецца перад намі.


Размаўляла Бэата Заёнчкоўска.
Пераклад з польскай мовы
Юліі Шэдзько.
Паводле інфармацыі сайта www.opoka.org.p

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла