«Пакажыце непераможную сілу маладосці...»

 

З прамоваў Слугі Божага Яна Паўла ІІ да моладзі

…Таму калі ты прагнеш, дарагі браце або сястра, размаўляць з Хрыстом ва ўсёй праўдзе Яго сведчання, табе трэба, з аднаго боку, «палюбіць свет» — «бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага» (Ян 3, 16), і адначасова трэба вызначыць унутраную дыстанцыю ў стаўленні да той багатай і захапляльнай рэчаіснасці, якою з’яўляецца свет. Табе трэба задумацца над пытаннем вечнага жыцця. Бо «мінецца вобраз свету гэтага» (пар.
1 Кар 7, 13). І кожны з нас падлягае гэтаму прамінанню. Чалавек нараджаецца з перспектываю дня сваёй смерці ў вымярэнні бачнага свету. Такім жа чынам чалавек, унутраным сэнсам жыцця якога з’яўляецца перарастанне самога сябе, носіць у сабе і ўсё тое, дзякуючы чаму ён перарастае свет.

Тое, з дапамогаю чаго чалавек, жывучы ў свеце, перарастае свет у самім сабе, тлумачыцца вобразам і падабенствам Божым, ад пачатку ўпісаным у істоту чалавека. І ўсё тое, дзякуючы чаму чалавек перарастае свет, не толькі абгрунтоўвае пытанне аб вечным жыцці, але і чыніць яго абсалютна неабходным. Людзі здаўна задаюць сабе гэтае пытанне не толькі ў межах хрысціянства, але і па-за ім. Таксама і вы павінны адважыцца паставіць яго перад сабою, як малады чалавек з Евангелля. Хрысціянства вучыць нас разумець сучаснасць з перспектывы Божага Валадарства, з перспектывы вечнага жыцця. Без гэтай перспектывы сучаснасць, хоць бы і найбагацейшая, хоць бы і з усіх бакоў уладкаваная, напрыканцы не прыносіць чалавеку нічога іншага, як толькі абавязковую смерць.

Існуе супрацьпастаўленне маладосці і смерці. Смерць здаецца далёкаю ад маладосці. Так. Аднак паколькі маладосць азначае праект усяго жыцця, праект, пабудаваны паводле крытэрыяў сэнсу і вартасці, у маладосці такім жа абавязковым з’яўляецца пытанне пра смерць. Сам па сабе чалавечы досвед пацвярджае тое самае, што і Святое Пісанне: «людзям прызначана раз памерці» (Гбр 9, 27). Натхнёны аўтар дадае: «а пасля гэтага — суд» (тамсама). Хрыстус жа кажа: «Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі» (Ян 11, 25). Таму спытайцеся ў Хрыста, як малады чалавек з Евангелля: «Што мне зрабіць, каб атрымаць вечнае жыццё?» (З прамовы «Чалавек не можа зразумець сябе без Бога». Рым,
31 сакавіка 1985 г.)

…Чалавек павінен прыносіць плён у часе, гэта значыць, на працягу зямнога жыцця, і не толькі сам па сабе, але і праз іншых людзей, праз грамадства, часткаю якога ён з’яўляецца. Аднак менавіта па той прычыне, што ён «заглыблены» ў час, дзейнасць у часе  не павінна давесці чалавека да таго, што ён забудзе або стане занядбоўваць другое сваё істотнае вымярэнне — стварэння, скіраванага да вечнасці. Такім чынам, чалавек павінен адначасова прыносіць плён і для вечнасці.

З аднаго боку, ён павінен творчым чынам «напоўніць сабою» час, бо па-надзямное вымярэнне дакладна не вызваляе чалавека ад абавязку адказна і самастойна дзейнічаць, прымаючы плённы ўдзел, супрацоўнічаючы з усімі іншымі людзьмі ў будаванні грамадства адпаведна з канкрэтнымі патрабаваннямі гістарычнай хвіліны, у якую яму выпала жыць. Такі хрысціянскі сэнс «гістарычнасці» чалавека. З іншага боку, гэты абавязак, што выцякае з веры, паглыбляе маладога чалавека ў сучаснасць, якая ў пэўным сэнсе заключае ў сабе вобраз, супрацьпастаўлены хрысціянству. Гэтае супрацьпастаўленне мае рысы, якія я толькі коратка ўзгадаю. Чалавеку сённяшняга дня часта бракуе пачуцця трансцэндэнтнага фактару, звышнатуральнай рэчаіснасці, чагосьці, што яго самога перавышае. Чалавек перажывае сябе, калі ўсведамляе гэта, калі вымушаны пастаянна перавышаць сябе, пераступаць праз сябе. Гэтая трансцэндэнцыя глыбока ўпісаная ў будову чалавечай асобы. А ў супрацьлеглым вобразе, як я сказаў, сучасным, значэнне экзістэнцыі чалавека зведзенае да «акрэсленага» існавання ў сферы матэрыялістычнай думкі ў адносінах да розных праблемаў, напрыклад, справядлівасці, працы ды інш. Адсюль выцякаюць гэтыя шматлікія супрацьпастаўленні паміж грамадскімі катэгорыямі або народнымі фармаваннямі, у якіх выяўляецца рознага кшталту агульны эгаізм. Таму абавязкова трэба перамагчы гэтую цесную і па сутнасці абрыдлівую канцэпцыю, супрацьпаставіўшы ёй разлеглы далягляд, якога нам дазваляе дасягнуць здаровы розум і яшчэ больш — хрысціянская вера. Там істотныя праблемы знаходзяць найбольш поўнае вырашэнне. Там справядлівасць становіцца поўнай і рэальнай ва ўсіх сваіх праявах. Там чалавечыя стасункі, за выключэннем любога кшталту эгаізму, пачынаюць адпавядаць годнасці чалавека як асобы, над якою яснее Божае аблічча. <…> Як моладзь, падрыхтуйцеся будаваць не толькі сваю будучыню, але і будучыню наступных пакаленняў. Што вы можаце перадаць ім? Вы павінны паставіць перад сабою такое пытанне. Ці толькі матэрыяльныя здабыткі, з дадаткам нават найбагацейшай культуры, вельмі глыбокіх ведаў, далёка прасунутых тэхналогій? Ці вы таксама, апроч гэтага, і хутчэй нават, перад гэтым, не жадаеце перадаць ім тую найвышэйшую перспектыву, пра якую я казаў, тыя духоўныя здабыткі, якія маюць імя «любоў» і «свабода»? Сапраўдная любоў, сапраўдная свабода, кажу я вам, бо гэтымі цудоўнымі словамі лёгка злоўжыць: любоў і свабода. Імі вельмі лёгка злоўжываць. У наш час мы з’яўляемся сведкамі страшнага злоўжывання гэтымі словамі: любоў і свабода. Трэба адшукаць сапраўдны сэнс гэтых двух словаў: любоў і свабода. Кажу вам: вы павінны звярнуцца да Евангелля. Вы павінны вярнуцца да школы Хрыста. Тады вы перадасцё гэтыя духоўныя здабыткі: пачуццё справядлівасці ва ўсіх чалавечых стасунках, падтрыманне і забеспячэнне супакою. І зноў кажу вам: існуюць злоўжываныя словы, шмат разоў злоўжываныя. Варта заўжды вяртацца да школы Хрыста, каб знаходзіць сапраўднае, поўнае, глыбокае значэнне гэтых словаў. Гэтыя каштоўнасці патрабуюць толькі ўпэўненай і шчырай веры, якая ахінае Бога і чалавека, чалавека ў Богу. Там, дзе ёсць Бог і дзе ёсць Езус Хрыстус, Яго Сын, там ёсць сапраўды трывалы падмурак, ён глыбокі, вельмі глыбокі. Няма больш адпаведнага, больш глыбокага вымярэння для гэтага слова «чалавек», для гэтага слова «любоў», для гэтага слова «свабода», для гэтых словаў «супакой» і «справядлівасць», няма іншага за Хрыста. Таму пастаяннае вяртанне да гэтай школы — гэта пошук тых каштоўных здабыткаў, якія вы, маладыя людзі, павінны перадаць будучым пакаленням, свету заўтрашняга дня. Разам з Ім гэта будзе лягчэй і не можа не атрымацца. (З прамовы «Чалавек не можа жыць без чагосьці, што яго пераўзыходзіць». Турын. 13 красавіка 1980 г.)

Пераклад з польскай мовы
Юліі Шэдзько.
Паводле: «Stworzeni do miłości: Jana Pawła II rozmowy z młodymi».

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла