Калі вы любіце сваіх дзяцей...

Сталічны ўніверсам, невялікая чарга ў касу. Дама, што перада мною, разлічваецца за прадукты. У яе кашальку мільгануў фотаздымак дзяўчынкі. Напэўна, яе дачка. Падобнае ўжо бачыў учора і некалькі дзён таму. Тралейбус, кандуктар правярае білеты, жанчына бальзакаўскага ўзросту дастае з кашалька праязны. Не падглядваю, проста выпадкова погляд трапляе на фотакартку маленькага хлопчыка. Мабыць, яе сын, можа цяпер ужо дарослы... І чарговы раз узнікае пытанне: сям’я — гэта не толькі дзеці, няўжо вы мужоў сваіх не любіце? Я не веру, што жонкі не любяць мужоў, але пачынаю падазраваць, што дзяцей любяць больш. Асабіста я не супраць, каб мая жонка любіла нашых дзяцей больш, чым мяне, хоць і дзіўна гэта гучыць: любіць больш альбо менш...

Калі запытацца, што ў жыцці самае галоўнае, многія адкажуць — сям’я. Праўда, разуменне гэтага не заўсёды азначае прыняцце. Некаторыя мужчыны разумеюць важнасць сям’і, а сэрца ўсё роўна цягне больш на працу. Бо там яны маюць поспех, там іх цэняць як спецыялістаў, хваляць. Але нават тыя, каго дома «піляць» і ўвесь час папракаюць, ці тыя, хто па сваёй віне не здолеў раскаштаваць смак сямейнага жыцця, разумеюць, што сям’я — вялікая каштоўнасць.

Кожны чалавек свядома ці несвядома робіць выбар: што для яго больш важнае, што менш. Ён стварае сваю шкалу каштоўнасцяў. Бяда, калі яна не супадае з той шкалой, якую прапануе Бог, — з ёй мы павінны звярацца, расстаўляючы жыццёвыя прыярытэты. Свядомыя хрысціяне скажуць, што галоўнае ў свеце і ў жыцці чалавека — Бог. Гэта таксама няпроста прыняць, хоць і лёгка растлумачыць. Касцёл вучыць, што не трэба баяцца паставіць Бога на першае месца, у тым ліку і вышэй за сям’ю, таму што Бог у нас нічога не забірае, а толькі дае. Бог — гэта дасканалая дабрыня, яму не патрэбны сваркі і непаразуменні, сямейныя крызісы, разбітыя сужэнствы. Бог ёсць любоў. Сям’я нічога не згубіць, калі ў ёй будзе панаваць любоў, а разам з любоўю супакой, згода, шчасце.

А што (альбо хто) з’яўляецца самым важным у сям’і? Пасля Бога, зразумела. Многія скажуць, што дзеці, і з гэтым цяжка не пагадзіцца. Дзеці — кветачкі нашага жыцця, нашыя радасць, надзея, будучыня; у іх наша кроў, працяг нас саміх; у дзецях Бог нас благаслаўляе. І так мы можам... трапіць у пастку, а ведаеце, што бывае, калі ў шкале каштоўнасцяў штосьці стаіць не на сваім месцы. Падобна да таго, як не трэба баяцца ставіць Бога вышэй за сям’ю, не трэба баяцца вышэй за дзяцей паставіць сужэнскія адносіны. Дзеці ад гэтага нічога не губляюць. Калі муж і жонка любяць і шануюць адно аднаго, то чаму навучацца ад іх дзеці? Менавіта гэтай любові і пашане. Дзеці будуць мець добры прыклад, мадэль сямейных адносінаў, якую пазней, калі стануць дарослымі, змогуць паўтарыць ва ўласных семя’х. І наадварот, калі ёсць непаразуменні паміж мужам і жонкай, то, як бы яны ні стараліся добра выхоўваць сваіх дзяцей, выхаванне гэтае будзе кульгаць на абедзве нагі. Акрамя таго, дзяцей мы маем толькі на час. Потым яны, як птушкі, вылецяць з роднага дому. І якім тады будзе ў бацькоў «і не пакіну цябе ажно да смерці»?  Вядомы польскі эксперт па сямейных справах і шчаслівы бацька Яцак Пулікоўскі сказаў у інтэрв’ю каталіцкаму парталу Сatholic.by нечаканую фразу: «Схіляючыся над калыскай дзіцяці, можаш цалкам прайграць сваё сужэнства, не робячы нічога дрэннага». Ён папярэджвае, што калі для жанчыны галоўным мужчынам яе жыцця становіцца не муж, а сын, то гэта нясе шкоду не толькі сужэнству, але і аб’екту абажання, якога з часам становіцца так цяжка адпусціць ад сябе. Таму, калі вы любіце сваіх дзяцей, стаўце свайго мужа (сваю жонку) вышэй за іх.

Бацькі бываюць рознымі. Некаторыя не вартыя называцца бацькамі, некаторыя цалкам ахвяруюць сябе дзеля дзяцей. А Бог наказаў шанаваць любых бацькоў, нягледзячы на іх заслугі. Больш шырокае тлумачэнне чацвёртай запаведзі наказвае шанаваць не толькі бацькоў, а ўвогуле ўсіх старэйшых. Усе мы добра разумеем, што грамадства, у якім гэта Божая запаведзь не выконваецца, не мае будучыні. Раней сам уклад жыцця, культура, традыцыі, між іншым, дапамагалі выхоўваць у хлопцах і дзяўчатах (адпаведна) мужчынскія і жаночыя якасці, а таксама агульныя цноты, якія цаніліся ў грамадстве. У многіх, як ва ўсходніх, так і ў заходніх культурах, існаваў (а дзесьці захоўваецца і дагэтуль) парадак, калі галава сям’і — бацька альбо дзед — меў за сталом сваё пачэснае месца і ніхто з хатніх не меў права яго займаць. Гаспадыня яму першаму падавала ежу (альбо ён сам першы накладваў у сваю талерку з агульнага блюда), і ніхто з дзяцей не смеў «лезці паперад бацькі». Так выхоўвалася пашана да старэйшых. Сёння ж спроба ўвесці такі парадак будзе расцэнена хутчэй як самадурства. Сёння, калі сын захоча заняць месца бацькі, як той адрэагуе? Ну няўжо здароваму мужыку дзеля роднага дзіцяці нават крыху пасунуцца цяжка? Сённяшні ліберальны свет дае так шмат магчымасцяў, прапануе столькі шляхоў, што трэба быць мудрым і разважлівым, каб выбіраць правільны шлях. Здаецца проста неверагодным, што ў нашых продкаў, якія ніколі не чыталі кніг па псіхалогіі і педагогіцы, было так шмат гэтай жыццёвай мудрасці. Яна знайшла сваё адлюстраванне ў нашай нацыянальнай культуры, народных традыцыях, і мы можам браць з яе многія рэцэпты і парады, адаптаваць іх, карыстацца імі ва ўласнай інтэрпрэтацыі. На сучаснай мове на тэму сённяшніх разважанняў пасавала б штосьці такое: бацькоўства — гэта адначасова і ўлада, і адказнасць, і гонар. Калі вы любіце сваіх дзяцей, памятайце пра сваю бацькоўскую годнасць.

На што гатовыя пайсці бацькі дзеля сваіх дзяцей? Думаю, многія, не разважаючы, аддалі б нават сваё жыццё, калі б гэта была цана ўратавання дзіцяці. Аднак такія сітуацыі ўзнікаюць рэдка, і часцей за ўсё бацькі ўсё роўна аддаюць сваё жыццё дзеля дзяцей, толькі паступова: дзень за днём, кропля за кропляй. Некаторыя ў гэтым знаходзяць радасць і самарэалізацыю, некаторыя робяць гэта без жадання, пад прымусам свайго сумлення — гэта ж мае дзеці, як жа я магу пра іх не клапаціцца, хоць бы гэта і патрабавала самавырачэння? Сучасныя свецкія кнігі па выхаванні папярэджваюць аб «страшнай небяспецы» стаць дзецям слугамі і раяць не забывацца пра сябе, пра сваё асабістае жыццё, якое ў нас адно. А як жа хрысціянская ахвярнасць? Як спалучыць наказ любіць, як самога сябе, і любоў, якая «аддае жыццё сваё за сваіх сяброў»?

Не адважваючыся на вандроўку ў нетры тэалогіі, абмяжуюся тым, што ляжыць на паверхні. Думаю, Бог не супраць таго, каб кожны чалавек дасканаліўся і развіваўся, бо, каб штосьці даць, трэба штосьці мець. Каб чамусьці навучыць, трэба таксама штосьці ўмець. Каб распаліць агонь, трэба мець хаця б іскарку. Гаворка не толькі пра рэчы матэрыяльныя ці інтэлектуальныя, але і пра духоўныя. Каб здабыць іх, таксама патрэбны намаганні, пэўная праца над сабой. Я ведаў людзей, якія не вызначаліся ні адукаванасцю, ні выдатнымі здольнасцямі, але сваім прыкладам вучылі справядлівасці і міласэрнасці, чуласці і дабрыні, цярплівасці і трываласці, веры і вернасці. Для мяне такім прыкладам быў мой дзед — звычайны селянін і адначасова такі незвычайны чалавек, які так многа мне даў.

Веды і ўменне, магчыма, рэчы другасныя, але таксама неабходныя. Пагадзіцеся, сорамна на кожнае пытанне дзіцяці адказваць «не ведаю», ці «ўключы камп’ютар, „пагуглі” сам у інтэрнэце». Для мяне ў дзяцінстве вельмі важнымі ўрокамі былі, калі мой бацька, афіцэр-падводнік, паказваў, як правільна трымаць пілу і як забіваць цвік, каб не застацца без пальцаў. Я так і не навучыўся майстраваць якасныя і прыгожыя рэчы, але гэтыя моманты памятаю вельмі добра і яны мне вельмі дарагія. А вось захапленне фатаграфіяй прынёс мне мой дзядька. Нават неяк прыкра, што не бацька. Тым далёкім летам мы з дзядькам аблазілі ўвесь пасёлак і наваколле ў пошуках цікавых кадраў. А тата, на жаль, фатаграфіяй не цікавіўся. Дакладней, на той момант ужо не цікавіўся, але ў нашых сямейных фотаальбомах засталіся яго цудоўныя здымкі. Вярнуўшыся з канікулаў, я, запалены новай ідэяй, з бляскам у вачах кінуўся да бацькоў: «Тата, мама! Купіце мне фотаапарат!» Што было далей? Размова з бацькам «як мужчыны з мужчынам», умовы па школе, поўны дом спецыялізаванай літаратуры, нарэшце (ура!), найлепшая «зеркалка», пра якую можна было толькі марыць, тэорыя і практыка (ура, разам з татам!) па экспазіцыі і апрацоўцы, невядома адкуль з’явіліся фоталіхтар і фотапавелічальнік. І сёння гэтыя чароўныя вечары, калі мы з бацькам пры святле чырвонага ліхтара праяўлялі першыя здымкі, я ўзгадваю як самыя шчаслівыя моманты майго дзяцінства.
А чым вы здольныя падзяліцца са сваімі дзецьмі? Вы ж іх так любіце!

Сямейны дылетант
Віталій Палінеўскі.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла