Як свечка на алтары

Тамаш Падзява
Святар, законнік (1906–1975)

Ён нарадзіўся на Браслаўшчыне ў сялянскай сям’і. Гэта была вельмі пабожная сям’я, таму і не дзіва, што яна дала Каталіцкаму Касцёлу ажно трох святароў: марыянаў Тамаша і Антона, а таксама салезіяніна Альфонса.

Тамаш і Антон былі выхаванцамі Друйскай гімназіі марыянаў, дзе і распачалі свае манаскія шляхі. Тамаш прыняў сакрамэнт святарства ў грэка-каталіцкім абрадзе і быў удзельнікам місіі ў Харбіне, якая пасля ўваходу ў Кітай Чырвонай Арміі была ліквідаваная, а яе ўдзельнікі арыштаваныя. Усім святарам ставілася ў віну арганізацыя тэрарыстычнай групы, агітацыя супраць СССР і шпіянаж на карысць Ватыкана. Ні больш ні менш. За ўвесь гэты набор «злачынстваў» святары атрымалі суровы прысуд — па 25 гадоў сталінскіх лагераў.

Побыт у лагерах з іх нялюдскім укладам жыцця ператварыўся для вялікага жыццялюба айца Тамаша ў цяжкія хваробы на малярыю і, з прычыны пастаяннага голаду, на дыстрафію. Дзе ж гэты чалавек браў сілы на творчасць? Маючы літаратурныя здольнасці, айцец Тамаш напісаў у лагеры паэму «Демьян, или Как люди начали верить в Бога». Гэта быў не ягоны самастойны твор, а вершаваны пераказ брашуры Мельнікава «Откуда произошла вера в Бога», якую ён чытаў яшчэ на волі. Дарэчы, у 2003 годзе грэка-католікі выдалі гэты твор і назвалі яго адным з найцікавейшых
помнікаў эпохі.

Айцец Тамаш пісаў гэты твор, тоячыся нават ад зняволеных. Пазней ён узгадваў, што пісаць давялося літаральна на каленях, працуючы падсобным рабочым на будоўлі. Ён паднімаў лябёдкай наверх раствор і цэглу, і пакуль другі рабочы выгружаў іх, айцец Тамаш запісваў чарговыя строфы будучага твора на маленькім кавалку паперы, паклаўшы яго на кавалак шкла. Уначы ж, тоячыся ад вязняў, ён паціху перапісваў новыя строфы ў сшытак, які цудам пашанцавала дастаць. Было гэта ў 1955 годзе, за год да вызвалення з лагера.

Гэтая гісторыя найперш сведчыць аб моцнай веры Тамаша Падзявы і ягоным глыбокім перакананні ў тым, што хрысціянін павінен зберагаць сваю веру, нягледзячы ні на якія, самыя дзікунскія, умовы жыцця. Гэтым перакананнем тлумачыцца і тое, што ў лагерах ён не раз быў сурова пакараны за патаемна цэлебраваную святую Імшу, споведзь вязняў і ўдзяленне ім святой Камуніі.

Усё дзікунства, якое давялося перажыць гэтаму чалавеку, не пахіснула яго і ў вялікай любові да праваслаўнай духоўнасці, таму пасля вызвалення з лагера, калі ён ужо жыў і служыў Богу ў Польшчы, айцец Тамаш стаў выбітным экуменічным дзеячам, што таксама сведчыць аб шырыні ягоных поглядаў. Толькі такі чалавек мог пісаць са сталінскага лагера маці сясцёр эўхарыстак Апалоніі Пяткун: «Не хачу іншай свабоды, як толькі той, якую дае Ён [Бог] сам. Таму нікуды да гэтага часу я не пісаў просьбы аб вызваленні ўладам і не маю намеру пісаць. Няхай сабе трымаюць мяне тут, колькі хочуць. Маёй жа духоўнай свабоды, аднак, ніхто ў мяне не забраў і забраць не можа».

У 1969 годзе айцец Тамаш Падзява ўдзельнічаў у генеральнай капітуле ў Рыме, адкуль быў накіраваны ў Лондан і працаваў там у беларускай каталіцкай місіі. Памёр у Лондане 2 кастрычніка 1975 года.

Рубрыку вядзе
Ірына Жарнасек.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла