Усім месца хопіць

Амаль паўгода мінула, як пры касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску быў адчынены моладзевы культурна-рэлігійны цэнтр. Ды называць яго толькі гэтак — моладзевы — не выпадае, бо знайшлі ў ім месца для баўлення часу людзі сярэдняга і сталага веку. Не толькі католікі, але і многія з прыхільных да здабыткаў культуры і мастацтва жыхароў горада: настаўнікі, студэнты, асобы з тэхнічнай адукацыяй і людзі вольных, творчых прафесій. І гэта не выпадкова: мерапрыемствы, што ад самага пачатку праводзяцца ў цэнтры, разнастайныя паводле жанравай скіраванасці, так што кожны можа знайсці тут штосьці сугучнае свайму светаадчуванню, тое, чаго не хапае часам у засмечаным клопатамі пра хлеб надзённы жыцці. Аматары сяброўскіх размоваў таксама пакрыўджанымі не застаюцца: амаль усе імпрэзы ладзяцца пры кубачку кавы або гарбаты. То і не дзіўна, што ўсё больш мастакоў слова, пэндзля, сцэны ды іншых Богам дадзеных магчымасцяў самавыяўлення выказваюць жаданне ўдзельнічаць у працы цэнтра, а кожная імпрэза збірае тут колькасць слухачоў і гледачоў, якую і не кожная свецкая ўстанова культуры збярэ. Шмат праводзіцца ў памяшканнях цэнтра і спатканняў пад кіраўніцтвам святароў і сёстраў законных, настаўнікаў. Заняткі па катэхезе, моладзевыя спатканні, пасяджэнні «Хатняга касцёла», заняткі па вывучэнні польскай мовы і ўдасканаленні ведаў па беларускай — для ўсяго месца хапае.

Першымі з наладжаных у цэнтры мерапрыемстваў культурніцкага кірунку сталі сустрэчы з літаратарамі. Асабліва шмат аматараў прыгожага пісьменства сабрала праведзеная напрыканцы лістапада мінулага года вечарына пад назовам «На Беларусі Бог жыве» ў гонар 80-х угодкаў з дня народзінаў Уладзіміра Караткевіча. Затым прайшлі творчыя справаздачы паэтаў Міхася Мірановіча і Леры Сом. Ахвотна прэзентавалі слухачам свае паэтычныя здабыткі падчас сустрэч Людміла Сіманёнак, Алена Гінько, Наталля Салаўёва. Затым настала чарга пазнаёміць парафіянаў і жыхароў мікрараёна з творамі мастакоў. Першым адгукнуўся на запрашэнне кіраўнікоў цэнтра вядомы майстар жывапісу, прафесар кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Віцебскага дзяржуніверсітэта Вячаслаў Шамшур. Яго адметныя, выкананыя ў незвычайнай манеры працы з выявамі касцёлаў і цэркваў Віцебшчыны выклікалі падчас адкрыцця выставы непадробны інтарэс у прысутных, сталі добраю нагодаю для сяброўскай размовы пра вытокі творчасці, разважанняў пра ролю Божага пачатку ў лёсе творцы.

З прадстаўнікоў музычнага жанру найбольш запомніліся гасцям цэнтра і парафіянам удзельнікі камернага ансамбля «Традыцыя», ансамбля класічнага танца «Піруэт», дзіцячага мастацкага калектыву «Mіode listki», саліст абласной філармоніі Глеб Лапіцкі.

Асабліва шмат ладзіцца ў цэнтры мерапрыемстваў напярэдадні і падчас правядзення святаў. Толькі ў перыяд чакання свята Божага Нараджэння іх прайшло каля дзясятку — шматлюдных і камерных, малітоўных і свецкіх. Конкурс на прыгатаванне лепшай вігілійнай стравы, ранішнік для дзяцей і падлеткаў, сяброўская сустрэча ўдзельнікаў дыяцэзіяльнага конкурсу «Батлейка» і інш. — усё гэта ў актыве працы цэнтра, тое, што хоць крыху, ды сагрэла чыёсьці сэрца, паспрыяла духоўнаму ўзрастанню чалавека.

З уласна парафіяльных імпрэзаў варта адзначыць праведзеную ў цэнтры напярэдадні пачатку Вялікага посту і Дня жанчын вечарыну з удзелам спеўных калектываў віцебскіх парафій Святога Духа і святой Барбары, галоўнай дзеяй якой сталі сведчанні маладых вернікаў Святланы і Аляксея Варанко, Ганны Рудзьман пра мацярынскую любоў як увасабленне вечнай і сапраўднай любові чалавека, у прыватнасці, жанчыны, не толькі да ўласнага дзіцяці, але і да іншых людзей, да ўсяго свету.

У бліжэйшы час у цэнтры мяркуецца правесці чытацкую канферэнцыю паводле аўтабіяграфічнай кнігі «Кітай, Сібір, Масква» святара Язэпа Германовіча, вечарыну «Росіцкія пакутнікі» з удзелам пісьменніцы Ірыны Жарнасек, экскурсію «Святыні нашага горада», вечар успамінаў «Мая першая споведзь». Магчыма, штосьці з запланаванага і не ўдасца правесці: жыццё ў кожную справу здольнае ўнесці свае карэктывы. Ды, перафразаваўшы вядомае выслоўе, дарэчы будзе сказаць: той не спатыкаецца, хто не рухаецца.  

Бог — найвялікшы Творца, але Ён падзяліўся з чалавекам сваёй здольнасцю да творчасці, таму, нягледзячы на наяўнасць у кожнага з нас асабістага меркавання наконт мэтазгоднасці тварыць, нам нічога іншага не застаецца, як з удзячнасцю прыняць гэты Яго шчодры дарунак — у сабе, у сваіх блізкіх, у зусім старонніх людзях. Усе тыя, хто мае дачыненне да культурна-рэлігійнага цэнтра пры віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага, як святары, так і асобы свецкія, стараюцца пра гэта не забываць.


Францішак Дубраўскі.
Фота з архіва парафіі.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла