Універсальная расліна

Бяроза здавён вядомая сваімі ўніверсальнымі гаючымі ўласцівасцямі. Напэўна, амаль кожны з нас, калі гаворка заходзіць пра карыснасць бярозы, адразу ўзгадае бярозавы сок і бярозавы венік — іх папулярнасць на працягу многіх стагоддзяў па-за канкурэнцыяй.

У народнай медыцыне прымяняюцца пупышкі, лісце, галінкі, бярозавы дзёгаць, актываваны вугаль, сок, бяроста, каташкі, а таксама бярозавы грыб — чага. Бяросту прымянялі пры пераломах, распарваючы яе і накладваючы, як гіпс.

Разнастайнымі ўласцівасцямі багатыя бярозавыя пупышкі, у якіх ёсць эфірны алей (3,5–5%) — густая бальзамічная вадкасць з прыемным пахам. Гэты алей валодае фенаменальнай гаючай сілай, супрацьглістнымі і мачагоннымі ўласцівасцямі. У народнай медыцыне ён ужываецца для лячэння ганарэі, глістных захворванняў, хваробаў мочапалавой сістэмы, анкалагічных захворванняў, злаякасных язваў. У пупышках таксама ёсць бетуларэцінавая кіслата, сапаніны, дубільныя рэчывы, фруктоза, вітамін С, фітанцыды. У лісці — бетуларэцінавая кіслата, дубільныя рэчывы (5–9%), сапаніны (да 3,2%), гіперазід, трытэрпенавыя спірты — фоліентрыёл і фоліентэтрол, карацін, эфірны алей (да 0,05%), вітамін С і фітанцыды.

Настоі і адвары з бярозавых пупышак і лісця валодаюць мачагонным, жаўцягонным, адхарквальным, патагонным і процізапаленчым дзеяннем.

Настойка з бярозавых пупышак (1:5) валодае антымікробнай актыўнасцю адносна антыбіётыкаўстойлівых формаў 144 штамаў стафілакокаў, выдзеленых ад хворых разнастайнымі формамі гнойнай інфекцыі (масціт, фурункулёз, флегмоны, абсцэсы, перытаніт).

Аднак, улічваючы магчымасць раздражняльнага дзеяння прэпаратаў з пупышак, у якіх шмат смалістых рэчываў, хворым з функцыянальнай недастатковасцю нырак гэтыя сродкі не рэкамендуюцца.

Жаўцягонныя ўласцівасці бярозавых пупышак выкарыстоўваюць пры захворваннях вантробы і жоўцевых шляхоў. Прэпараты з бярозавых пупышак з поспехам прымяняюць пры бранхітах, трахеітах, пнеўманіях у якасці адхарквальнага сродка і як дэзінфектар. Пупышкі бярозы выкарыстоўваюць таксама для прыгатавання гігіенічных ваннаў.

Адвар бярозавых пупышак робяць у прапорцыі 10 г на 200 мл вады. Трэба заліць пупышкі вадой і кіпяціць 15 хвілін, пасля чаго працадзіць. Прымаць па 1/4 шклянкі 3–4 разы ў дзень. Настой з пупышак робіцца наступным чынам: 1 маленькую лыжачку пупышак трэба заліць 1 шклянкай кіпеню, настойваць пад накрыўкай 1 гадзіну, а потым працадзіць. Прымаць на працягу дня ў той жа прапорцыі.

Спіртавая настойка з пупышак рыхтуецца ў прапорцыі 1:10 (настойваюць на працягу 2 месяцаў на 70% спірце). Ужываюць па 1 маленькай ці дэсертнай лыжцы на прыём як мачагонны ці жаўцягонны сродак. Выкарыстоўваюць таксама для націранняў і кампрэсаў пры артрытах, міязітах, радыкулітах, дрэнна загаяльных язвах, пролежнях, у апрацоўцы ранак, драпінаў і сінякоў. Настойку з бярозавых пупышак прымяняюць як эфектыўны сродак пры гнойных ранах пасля аперацый. Прымяняецца яна і пры хранічных, вострых атытах і мезатымпанітах. З ваты робяць тампончыкі, якія змочваюць настойкай і закладваюць у вуха.

Адвар пупышак і настой пупышак і лісця ўзмацняюць сакраторную дзейнасць розных залозаў.

Водны настой, адвар і спіртавую настойку пупышак ужываюць таксама пры вадзянцы, ацёках, розных хваробах мачавога пузыра, язве страўніка, функцыянальных расстройствах страўніка, артэрыясклерозе, рэўматызме, падагры, розных паразах суставаў і як унутраны «кроваачышчальны» сродак пры хваробах скуры (розныя высыпкі, вугры, лішаі, сверб скуры). Спіртавую настойку пупышак у выглядзе кропляў з вадой прымаюць таксама пры прастудных захворваннях, болях у страўніку і кішэчніку, пры ікаўцы.

Бярозавы сок з’яўляецца не толькі прыемным асвяжальным напоем — ён добра ўплывае на абмен рэчываў у арганізме і спрыяе вывядзенню з яго розных шкодных рэчываў. У бярозавым соку ёсць не толькі глюкоза, але і шэраг мінеральных соляў (калій, кальцый, жалеза, медзь, натрый, фосфар), ферменты і азоцістыя рэчывы, неабходныя для жыццядзейнасці арганізма. Дзеянне бярозавага соку ў многім супадае з дзеяннем бярозавых пупышак: ён стымулюе работу страўніка, карысны пры захворваннях страўнікава-кішачнага тракта, якія суправаджаюцца паніжэннем кіслотнасці.

Бярозавы сок п’юць пры падагры, артрытах, ацёках, рэўматызме, пры запаленні лёгкіх, бранхіце, ангіне, псарыязе, як агульнаўмацавальны сродак пры фурункулёзе і супрацьцынготны сродак. Сок прымяняецца для прамыванняў, прымочак, кампрэсаў пры экзэме, нейрадэрміце, псарыязе, свербе скуры, залатусе. Адначасова рэкамендуецца піць 1 шклянку соку — лепш раніцай і нашча. Мяркуецца, што бярозавік аздараўляе кроў, бо валодае крывятворным і рэгенеруючым дзеяннем, стымулюе абмен рэчываў у арганізме, садзейнічае хуткаму яго вызваленню ад прадуктаў абмену і вельмі цэніцца пры інтаксікацыях і захворваннях, выкліканых парушэннем абменных працэсаў, у прыватнасці, пры анкалагічных захворваннях. Сістэматычны прыём бярозавага соку аказвае агульнаўмацавальнае і танізуючае дзеянне. Урачы раяць выпіваць хаця б па адной шклянцы бярозавіка ў дзень — тады знікнуць санлівасць, стома, раздражняльнасць.

Карысна змешваць бярозавы сок з іншымі сокамі з гародніны і садавіны, настойваць бярозавік на святаянніку (зверабоі), на пладах шыпшыны, на мяце, тміне, мелісе, кветках ліпы і інш. Лекавыя ўласцівасці раслінаў, гародніны, садавіны дапаўняюць лекавае дзеянне бярозавага соку.

Бярозавы сок збіраюць ранняй вясною, а пупышкі нарыхтоўваюць у красавіку-маі. Можна іх збіраць, абшморгваючы з галінак, або можна зрэзаць галінкі з пупышкамі (абавязкова да таго, як яны пачнуць распускацца), затым звязаць іх у невялікія венічкі і высушыць. Пасля сушкі галінкі абмалочваюць — пупышкі абсыпаюцца, іх ачышчаюць і рыхтуюць паводле патрэбных рэцэптаў. Занадта ранні збор пупышак, да набракання, не мае сэнсу, бо ў гэты час у іх замала смалістых і араматычных рэчываў. Пупышкі захоўваюць у папяровых мяшочках (ці з тканіны) або ў шкляных слоіках на працягу 2 гадоў.

Падрыхтавала
Аліна Лукашэвіч.


Заканчэнне № 5-6 (194-195) 2011

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла